Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турагенцтва без дазволу выкарыстала малюнак Радыё Свабода


Турыстычнае агенцтва «ІрыАнна» без дазволу і ў камэрцыйных мэтах выкарыстала малюнак, які зьяўляецца ўласнасьцю Радыё Свабода і разьмяшчаўся на сайце ў рубрыцы «Невясёлыя карцінкі». Малюнак супрацоўнікі турфірмы знайшлі ў інтэрнэце, ён ім спадабаўся, і яго скарысталі на рэклямным плякаце. Чаму ў Беларусі так лёгка парушаюцца аўтарскія правы?

Мастачка, якая падпісвае свае малюнкі літарамі ДЛ і адмыслова малюе для рубрыкі Радыё Свабода «Невясёлыя карцінкі», убачыла ў мэтро рэклямны плякат турыстычнай кампаніі, якая запрашае наведаць курорты Краснадарскага краю. На плякаце — інфармацыя пра туры, тэлефоны агенцтва, кірункі, а таксама малюнак: сьцяжок з палоскамі колераў расейскага і ўкраінскага сьцягоў, на якім, як на матрасе на пляжы, ляжыць мужчына ў цёмных акулярах, над ім — чайкі, вакол — парасоны. Малюнак гэты мастачка рабіла адмыслова для Свабоды, і 2 чэрвеня 2014 году ён быў зьмешчаны на сайце. Дазволу выкарыстаць малюнак ні ў мастачкі, ні ў Радыё Свабода турыстычнае агенцтва не прасіла.

Паколькі малюнак — уласнасьць Радыё Свабода, мы зьвязаліся з прадстаўніком турфірмы і папрасілі патлумачыць, дзе ён яго ўзяў. Той адказаў, што знайшоў карцінку ў інтэрнэце і нават даслаў спасылку на македонскі сайт:

Фрагмэнт сайту, які перадрукаваў выяву Радыё Свабода без пазнакі аўтарства
Фрагмэнт сайту, які перадрукаваў выяву Радыё Свабода без пазнакі аўтарства

«Карцінку гэтую я знайшоў у інтэрнэце. Пра тое, што існуе аўтарскае права, я, канечне, чуў, але для мяне як для дылетанта гэта далёка... Пакуль з гэтым не сутыкнесься, як у гэтым выпадку.

Канфліктаваць, „бадацца“ з-за гэтага малюнку я, натуральна, ня буду. Але на карцінцы няма знаку ўласьніка, няма ніякіх правоў. Я згодны, што так рабіць нельга, але няма ў нас яшчэ гэтай культуры павагі да аўтарскіх правоў, няма ведаў. Праўда, для мяне гэта далёка. Гэта разавая рэкляма, мы ня робім на гэтай рэкляме аснову свайго бізнэсу.

Што будзе далей? У мэтро рэкляма ўжо вісіць, яна правісіць два тыдні. Два тыдні мы праплацілі. І далей мы працягваць ня будзем. У любым выпадку, мы больш выкарыстоўваць гэтую рэкляму ня будзем».

Што да абурэньня аўтаркі малюнку, маўляў, яе карцінка выкарыстоўваецца для прыцягненьня беларускіх турыстаў у Крым (на плякаце сапраўды ёсьць радок «праезд на адпачынак у Крым і Краснадарскі край — 1 мільён 650 тысяч), прадстаўнік турфірмы адказаў: «У Крым цяпер паездкі не арганізоўваюцца, бо пераправа праз паром беларусаў не задавальняе. Толькі ў Краснадарскі край, у Геленджык і Анапу».

Такім чынам, выходзіць, што македонскі сайт centarnews.net без дазволу і спасылак разьмясьціў карцінку яшчэ 26 верасьня 2015 году, а сёлета ў траўні гэтую карцінку ўжо з македонскага сайту «пазычыла» беларуская турфірма. Праўда, прадстаўнік турфірмы крыху хітруе: на малюнку, які ён даслаў на Свабоду, у правым ніжнім куце праглядаецца подпіс аўтаркі — літары ДЛ ёсьць, а на рэклямным плякаце іх не відаць (падобна, што зафарбаваныя).

Выпадак гэты не адзіны. Часьцяком людзі не задумваюцца, калі бяруць штосьці з інтэрнэту. Што браць чужое нядобра, дзіцёнку ўнушаюць зь дзяцінства. А вось браць з інтэрнэту ня сорамна, вынікае з тлумачэньня супрацоўніка турфірмы. Але ёсьць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», дзе выкарыстоўваецца агульнае паняцьце — твор. Ахоўваюцца правы аўтара на творы: гэта можа быць твор у вуснай форме (публічны выступ), пісьмовай форме (літаратурныя творы), электроннай форме (кампутарныя праграмы), а таксама малюнкі, фатаграфіі — усё гэта па законе творы.

Марыя Колесава, адвакатка, якая спэцыялізуецца на аўтарскім праве, кажа, што кожны такі выпадак трэба разглядаць індывідуальна:

«Унівэрсальнага сродку для абароны аўтарскіх правоў няма.

Калі вы выстаўляеце свае творы ў інтэрнэт, будзьце гатовыя, што іх будуць красьці.

Так што абавязкова іх неяк адметна пазначайце адмысловай адзнакай забароны, каб, калі справа дойдзе да суду, вы маглі даказаць, што забарона была і што „злодзей“, які выкарыстаў вашу працу, пра гэта ведаў.

Што да сеткі інтэрнэт, калі вы ня хочаце, каб выкарыстоўвалі вашы фатаграфіі, вашы малюнкі, пішыце пад публікацыяй, што вы забараняеце любое свабоднае выкарыстаньне вашай уласнасьці, альбо штосьці кшталту: „Выкарыстаньне без майго дазволу забаронена“. Калі ёсьць забарона, нельга спаслацца на свабодны доступ. Што да свабоднага доступу, тут таксама ёсьць нюансы.

Я як юрыст раю ўсім аўтарам ставіць знак забароны, калі вы ведзяце блог. Вось зараз я вяду справу блогера Антона Матолькі, і ён напісаў, што выкарыстаньне ягоных фатаздымкаў забаронена. У любым выпадку трэба пытацца дазволу ў аўтара, нават калі выкарыстаньне некамэрцыйнае.

Калі мы кажам пра камэрцыйнае выкарыстаньне — вось як у выпадку з малюнкам, калі турфірма яго разьмясьціла на сваім рэклямным плякаце — тут ужо можна выставіць пісьмовую прэтэнзію і ісьці ў суд ці да мэдыятара. Калі нават у творы ёсьць перапрацоўка, як у гэтым выпадку, можна даказаць, што было парушэньне маёмасных правоў, патрабаваць выплаціць кампэнсацыю за маральную шкоду за непазначэньне імя аўтара.

І яшчэ адна парада: калі вы малюеце карцінку, робіце фатаздымкі, заўсёды захоўвайце арыгінал у лічбавай форме і на матэрыяльным носьбіце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG