Вярхоўны суд часткова задаволіў пазоў кампазытара Алега Моўчана да сьпявачкі Насты Шпакоўскай. Суд прызнаў, што Шпакоўская парушыла правы Моўчана, выканаўшы яго песьню «Малітва» ў сваёй аранжыроўцы. Але з заяўленых 18 мільёнаў рублёў суд задаволіў патрабаваньне аб кампэнсацыі толькі ў памеры 9 мільёнаў рублёў. Таксама суд часткова задаволіў кампэнсацыю стратаў на адваката — з 9 мільёнаў толькі пяць мільёнаў рублёў. Кампэнсацыю часткова павінны будуць выплаціць, апроч Шпакоўскай, музыкі Дзьмітры Харытановіч, Аляксей Паўловіч і Сяргей Шчурко, якія прычыніліся да аранжыроўкі песьні «Малітва». Такім чынам, Шпакоўская кампэнсуе 5 мільёнаў 780 тысяч рублёў, а музыкі — кожны па 2 мільёны 890 тысяч.
Суд не задаволіў сустрэчны пазоў Шпакоўскай да Моўчана аб высьвятленьні аўтарства песьні «Малітва». Яна цьвердзіць, што аўтарства не належыць выключна Моўчану і ён пісаў песьню разам з Уладзімерам Мулявіным.
Шпакоўская сказала, што яна задаволеная рашэньнем суду, бо прадэманстравала, што гэтая песьня належыць ня толькі Моўчану. А яе аўтарам быў таксама Мулявін, хоць суд гэтага і не пацьвердзіў.
Алег Моўчан таксама задаволены рашэньнем суду, хоць атрымаў ня ўсе грошы, якіх патрабаваў. Паводле Моўчана, галоўнае, што ён пацьвердзіў сваё аўтарскае права і што аўтар можа абараніць свае аўтарскія правы ў судзе.
Абодва бакі ня будуць абскарджваць рашэньне суду.
26 сакавіка адвакат кампазытара Алега Моўчана ад ягонага імя зьмяніў пазоў, які раней выставіў да лідэра і сьпявачкі гурту NAKA Насты Шпакоўскай. Другім разам пазоў быў выстаўлены ня толькі да Насты Шпакоўскай, але і да іншых музыкаў гурту, якія бралі ўдзел у новай аранжыроўцы песьні Алега Моўчана «Малітва». Новую аранжыроўку кампазытар палічыў парушэньнем сваіх аўтарскіх правоў.