Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленскі аэрапорт страціў 14 500 эўра праз паветраныя балёны кантрабандыстаў


Віленскі аэрапорт, архіўнае фота
Віленскі аэрапорт, архіўнае фота

Віленскі аэрапорт ацаніў свае страты ад часовага закрыцьця паветранай прасторы ў ноч на 5 кастрычніка ў 14,5 тысячы эўра, паведаміў Delfi.

Прычынай сталася зьяўленьне ў небе над аэрапортам паветраных балёнаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перапраўкі цыгарэтаў зь Беларусі.

«Закрыцьцё аэрапорта закранула амаль 5000 пасажыраў і 30 рэйсаў, зь якіх 14 былі скасаваныя. Паводле папярэдніх ацэнак, непасрэдныя даходы ад збораў не былі атрыманыя на суму каля 14,5 тысячы эўра», — заявіла прадстаўніца дзяржаўнай кампаніі Віталія Рочэ.

Акрамя таго, страты зазналі ня толькі аэрапорты, але і авіякампаніі, кампаніі наземнага абслугоўваньня і самыя пасажыры.

Гэта ня першы падобны інцыдэнт. Раней паветраную прастору над Віленскім аэрапортам ужо закрывалі праз падазроныя абʼекты 9, 11 і 25 верасьня.

Што адбылося?

У ноч на 5 кастрычніка ў Літву і Польшчу заляцела не менш як 26 паветраных балёнаў з цыгарэтамі. Адзін зь іх упаў на польскай тэрыторыі, астатнія апынуліся на літоўскай. Аэрастаты, якія на той момант знайшлі ў Літве, былі заладаваныя тытунёвымі вырабамі.

Паводле прадстаўніка цэнтру кіраваньня крызісамі Даруса Буты, якога цытуе агенцтва BNS, паветраныя балёны прыляцеі зь Беларусі. У Вільні і Віленскім раёне заўважылі 13-14 балёнаў, два зь іх над Віленскім аэрапортам.

Праз гэта працу аэрапорту былі прыпынілі. Адны рэйсы адклалі, іншыя скасавалі. Паветраны рух аднавілі а 4:50 раніцы.

Падобная колькасьць балёнаў з кантрабандай была зафіксаваная ў жніўні. Тады іх было 26.

Таксама кантрабандысты выкарыстоўваюць дроны. Сёлета літоўскія памежнікі перахапілі каля паўсотні бесьпілётнікаў з цыгарэтамі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG