Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б не судовая справа, многія б не ўзгадалі „Малітву“ і Янку Купалу», — Naka

абноўлена

Наста Шпакоўская
Наста Шпакоўская

Усё больш творцаў далучаецца да флэш-мобу, які ініцыяваў паэт і мастак Адам Глобус. Ён сам прачытаў верш «Малітва» і заклікаў іншых беларусаў маральна падтрымаць сьпявачку Насту Шпакоўскую, на якую падаў у суд кампазытар Алег Моўчан.

Сьпявачка Pauline тым часам запісала сваю «Малітву», паклаўшы словы Янкі Купалы на сваю музыку.

«Мы вырашылі паўдзельнічаць у флэш-мобе ў падтрымку гурту Naka, які прапанаваў Адам Глобус: паспрабавалі зрабіць сучасны варыянт твору Купалы і паклалі верш на сваю музыку, бо мы сапраўды любім Купалу, любім ягоныя словы і ягоную мову», — зазначыла Паўліна.

Раней уласную вэрсію кампазыцыі на словы Янкі Купалы запісаў паэт і музыка Сяргей Балахонаў. Паэт і музыка Алесь Плотка (Байсан) прачытаў вершы клясыка і зьняўся разам з Настай Шпакоўскай у ню-фатасэсіі ў падтрымку свабоды творчага самавыяўленьня. Да флэш-мобу далучыліся наведнікі беларускамоўных курсаў «Мова Нанова» Глеба Лабадзенкі. 230 чалавек прачыталі верш «Малітва» ў варыянце Ўладзімера Мулявіна.

Што да падтрымкі калегаў, творцаў, проста неабыякавых людзей, сьпявачка Наста Шпакоўская выказала такое меркаваньне:

«Я разумею, што юрыдычна гэтая падтрымка нічога ня зьменіць. Але ж эмацыйна гэта вельмі прыемна. Прычым гэта тычыцца ня толькі падтрымкі гурту Naka, але і ўвагі да творчасьці Янкі Купалы, што столькі калектываў, творцаў, проста маладых людзей павярнуліся да нашага родненькага песьняра Янкі Купалы, зьвярнулі ўвагу на „Малітву“. Дзякуючы „крымінальнай справе“ (не пабаюся гэтага слова) папулярызуецца творчасьць Купалы. Калі б ня гэты суд, многія і не ўзгадалі б, што ёсьць такі верш. Так што вялікі дзякуй за салідарнасьць».

Працэс «Моўчан cупраць Naka» працягнецца 23 сакавіка ў 14:30 у Вярхоўным судзе (вул.Валадарскага, 8).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG