Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч палітыкам Францыі: Набярыцеся мужнасьці, мяняйце падыходы


Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч праз «Радыё Свабода» выказаў спачуваньне сваякам ахвяраў тэрактаў у Парыжы і заклікаў францускіх палітыкаў скарэктаваць свае падыходы ў стаўленьні да «іншай цывілізацыі».

— Найперш выказваю самыя глыбокія спачуваньні сваякам тых, хто загінуў у гэтых жудасных тэрактах. Асаблівыя словы хачу сказаць на адрас францускага народу. Ведаеце, я шмат разоў бываў у Францыі як палітык і як чалавек, які выступаў зь лекцыямі. Нідзе ў сьвеце я ня бачыў такую аўдыторыю, як там — і студэнцкую, і проста чалавечую. Гэта вельмі далікатная аўдыторыя, вельмі цудоўны падыход, цудоўныя пытаньні. Іншай такой ветлівай краіны я ня бачыў нідзе. І вось гэтак жудасна абысьціся з такімі цудоўнымі людзьмі — гэта жудасная цывілізацыя. Такога не павінна быць. Яшчэ раз мае самыя шчырыя спачуваньні сваякам тых, хто загінуў, тым, хто пацярпеў. Але мушу сказаць, што ў Францыі я бачыў і іншую Францыю. Ёсьць Сарбона, а ёсьць раён Усходняга вакзалу, дзе жыве вельмі шмат замежнікаў. І атрымліваецца, што ня вельмі ўдаецца выхоўваць іх францускім манэрам. Ня ведаю. Відаць, трэба мяняць нейкія палітычныя падыходы.

— Як вы ацэньваеце эфэктыўнасьць спэцслужбаў Францыі?

— Лагоднасьць і ветлівасьць французаў пайшлі ім не на карысьць. Слабыя аказаліся спэцслужбы ў Францыі, бо не ідэнтыфікаваць такое злачынства, дзе загінула больш за 150 чалавек, гэта дрэнна і паказвае, прабачце мяне, слабасьць кіроўнага ўраду. Ніколі не даю ніякіх ацэнак іншым, але тут праяўленая слабіна прывяла да гібелі такой колькасьці нявінных людзей.

— Чаму трагедыя «Шарлі Эбдо» не навучыла Францыю засьцерагацца?

— Ведаеце, там яшчэ была нейкая прычэпка, чаму гэта адбылося. Там было выступленьне супраць свабоды слова, а тут жа выступленьне супраць эўрапейскай цывілізацыі. Нам супрацьстаіць жорсткая радыкальная ісламская цывілізацыя. Я бываў у тых краях, сустракаўся на канфэрэнцыях з прадстаўнікамі тых краін, але адзначу, што цяпер гаворка пра нейкую іншую жудасную структуру. Што да мяне, дык пасьля гэтых тэрактаў мушу перагледзець сваё папярэдняе ўяўленьне пра тое, хто ёсьць хто і што ёсьць што.

— Як могуць падзеі ў Парыжы адбіцца на сытуацыі ў Беларусі?

— Пакуль ніяк. У нас палітычны вышук на такім высокім узроўні, што нічога чакаць ня варта. Абараняецца постаць адной асобы, і дзе ёсьць якая падазронасьць, дык гэта загадзя зьнічтажаецца. У нас перагіб зусім у іншы бок.

— Хіба такія ацэнкі не гучаць камплімэнтарна для беларускага рэжыму?

— У пэўным сэнсе так. Але што да Беларусі ўвогуле, дык тут няма такой прываблівасьці для замежнікаў, як у той жа Францыі. Хаця калі там прыціснуць, дык могуць палезьці і ў наш бок, у тую ж Польшчу, Літву, Украіну, Расею. У Расеі які ня ёсьць бэдлам, але людзей берагчы трэба, а там больш тых тэрарыстаў, чымсьці ў якім іншым месцы. Таму трэба больш ладзіць палітыкам у супрацьстаяньні гэтай радыкальнай цывілізацыі. Яна катэгарычна адрозьніваецца ад эўрапейскай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG