Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты білборд трэба здымаць як мага хутчэй», — гісторык пра білборд пра Скарыну з памылкамі


Карыстальнікі сацыяльных сетак заўважылі на новым білбордзе, усталяваным у Менску і прысьвечаным Году культуры, некалькі памылак.

Білборд стаіць на скрыжаваньні вуліц Першамайскай і Пуліхава. На ім, апроч граматычных памылак, напісана, што Скарына — «асьветнік і грамадзкі дзеяч XV стагодзьдзя».

Доктар гістарычных навук, прафэсар, загадчык аддзелу гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Валянцін Голубеў такім чынам пракамэнтаваў сытуацыю зь білбордамі:

«Ня так даўно ў Горадні таксама на білбордзе Янку Купалу пераблыталі зь Якубам Коласам. Прыкра, што вонкавую рэкляму, якую бачаць тысячы людзей, у нас даручаюць непісьменным, неадукаваным людзям, невукам.

Білборд з Коласам-Купалам, архіўнае фота
Білборд з Коласам-Купалам, архіўнае фота

Што тычыцца гэтага білборда, дзе журналісты знайшлі чатыры памылкі, магу пагадзіцца яшчэ з напісаньнем прозьвішча. Каму — Францыску Скарыне. Я магу паспрачацца, што дапушчальна пісаць „Скарыне“. А вось за ўсё астатняе прыкра.

Гэты білборд трэба здымаць як мага хутчэй, бо гэта абраза і Году культуры, і Скарыны, і ўвогуле беларусаў. Бо Францішак Скарына — гэта найвыбітнейшая наша асоба, першая асоба. І нездарма пасьля атрыманьня незалежнасьці галоўны праспэкт сталіцы — Ленінскі — быў перайменаваны ў праспэкт Скарыны, каб падкрэсьліць і незалежнасьць, і беларускасьць нашу. У той час, на пачатку 1990-х, грамадзтва яшчэ не дасьпела, каб зрабіць праспэкт Незалежнасьці. Тады Скарына зьвязваўся наўпрост зь незалежнасьцю і беларускасьцю.

Прафэсар Голубеў на канфэрэнцыі па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, архіўнае фота
Прафэсар Голубеў на канфэрэнцыі па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, архіўнае фота

А тое, што Скарыну назвалі „грамадзкім дзеячам ХV стагодзьдзя“ — непісьменна і прыкра. Бо першую кнігу ён выдаў у Празе ў 1517 годзе, пяціклясьнік скажа, што гэта XVI cтагодзьдзе. Сорамна, калі ў аддзеле ідэалёгіі Менгарвыканкаму працуюць такія неадукаваныя, непісьменныя людзі. Гэта недапушчальна. Іх проста трэба тэрмінова адпраўляць у адстаўку. Гэта дыскрэдытацыя і ідэі Году культуры, і ідэі 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня.

Я лічу, што на пасады ў аддзелы ідэалёгіі, якія вядуць і культуру, павінны браць адукаваных і культурных людзей, якія павінны ведаць і беларускую, і расейскую мову, а ня невукаў. Каб ні на якай мове не дапускалі памылак. А калі людзі робяць такія памылкі, яны проста не адпавядаюць сваім пасадам. Кожны павінен несьці адказнасьць за зробленае. За памылкі яны павінны адказваць пасадай, рублём. Гэта рэальна нанесеная шкода — дзяржаве, нацыі, культуры, гісторыі, памяці».

Помнік Скарыну (Скарыне?) ў Менску
Помнік Скарыну (Скарыне?) ў Менску

У 2006 годзе ў сваім выступе на Ўсебеларускім народным сходзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Францыск Скарына жыў і тварыў у Піцеры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG