Роўна 28 гадоў таму савецкія войскі былі выведзеныя з Аўганістану. У Беларусі дата 15 лютага лічыцца Днём памяці воінаў, якія загінулі падчас баявых дзеяньняў 1979–1989 гг.
Свабода адабрала 7 фактаў пра гэтую вайну і пра яе месца ў беларускай гісторыі.
1. Віцебскія дэсантнікі: першымі ўваходзілі ў Аўганістан і апошнімі выходзілі
103-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія (так званыя віцебскія дэсантнікі) першай была перакінута ў Аўганістан на самым пачатку ваеннай кампаніі — 25 сьнежня 1979 году.
Віцебскія дэсантнікі адразу ўзялі ўдзел у апэрацыі «Байкал-79» — захапілі 17 ключавых аб’ектаў у Кабуле (штабы, будынкі міністэрстваў, пошту, радыё- і тэлецэнтар і г.д.) і заблякавалі вайсковыя часткі аўганскай арміі.
У Аўганістане віцебскія дэсантнікі заставаліся ўсю вайну — з 1979 па 1989 год. За гэты час загінулі 907 байцоў дывізіі. Восем віцебскіх дэсантнікаў за Аўганістан атрымалі званьне Героя СССР, а саму дывізію ўзнагародзілі ордэнам Леніна (найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода СССР).
З Аўганістану 103-я дывізія выходзіла апошняй — у Віцебск вярнулася 15 лютага 1989 году.
2. Колькі загінула беларусаў
У Аўганістане ваявалі каля 30 тысяч беларусаў. Больш за 1,5 тыс. беларусаў атрымалі раненьні і кантузіі, 718 вярнуліся інвалідамі, 771 загінуў, у тым ліку 4 жанчыны. 12 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак.
Усяго, згодна з афіцыйнай статыстыкай, у Аўганістане загінулі 14 453 грамадзяніна СССР, 49 983 атрымалі раненьні, 6669 сталі інвалідамі, 330 прапалі бязь вестак.
Службу ў Аўганістане за 10 гадоў канфлікту прайшлі 620 тысяч савецкіх вайскоўцаў.
3. Нобэль — за кнігу пра вайну ў Аўганістане
Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры ў тым ліку за сваю кнігу пра вайну ў Аўганістане — «Цынкавыя хлопчыкі». У кнізе, якая ўпершыню пабачыла сьвет у 1989 годзе, сабраныя ўспаміны сябровак, маці і жонак савецкіх салдат — маладых хлопцаў, якія загінулі на той вайне.
Падчас працы над кнігай Алексіевіч сама наведала Аўганістан.
«Я бачыла, як наш „Град“ ператварае кішлак у перааранае поле. Была на аўганскіх могілках, доўгіх, як кішлак, — казала Алексіевіч у сваёй нобэлеўскай лекцыі. — Да Аўганістану я верыла ў сацыялізм з чалавечым тварам. Адтуль вярнулася свабоднай ад усіх ілюзій. „Прабач мне, бацька, — сказала я пры сустрэчы, — ты выхаваў мяне зь верай у камуністычныя ідэалы, але дастаткова адзін раз убачыць, як нядаўнія савецкія школьнікі, якіх вы з мамай вучыце (мае бацькі былі сельскія настаўнікі), на чужой зямлі забіваюць невядомых ім людзей, каб усе твае словы ператварыліся ў пыл. Мы забойцы, тата, разумееш?“ Бацька заплакаў».
4. Чатыры Героі Савецкага Саюзу — зь Беларусі
За вайну ў Аўганістане чатыры ўраджэнцы Беларусі атрымалі званьне Героя Савецкага Саюзу: гэта камандзір батальёну дэсантнікаў Васіль Піменаў, кулямётчык Андрэй Мельнікаў, намесьнік камандзіра ўзводу Мікалай Чэпік і лётчык, камандзір эскадрыльлі Васіль Шчарбакоў.
Імем Мельнікава названая школа ў Магілёве. Ён загінуў у 1988 годзе падчас бою за «вышыню 3234», які лёг у аснову сюжэту папулярнага расейскага мастацкага фільму «9-я рота». Званьне героя СССР Мельнікаў атрымаў пасьмяротна, як і Чэпік, які ў 1980 годзе трапіў у акружэньне маджахедаў і ў тым баі загінуў.
5. Праўладны саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане, які ўзнагароджваў Кадырава
Галоўная «аўганская» грамадзкая арганізацыя ў Беларусі — «Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане». Яго ўзначальвае былы намесьнік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў генэрал-маёр Валер Гайдукевіч.
Гэтая грамадзкая арганізацыя лічыцца ляяльнай беларускім уладам. Прадстаўнікоў саюзу аўганцаў масава ўключаюць у выбарчыя камісіі.
У 2014 годзе Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане ўзнагародзіў мэдалём «За заслугі» прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава. Узнагароджаньне Кадырава сябры грамадзкай арганізацыі тлумачылі тым, што ён шмат дапамагае чачэнскім вэтэранам-аўганцам.
6. Бунт «аўганцаў» супраць улады
У другой палове 2000-х сярод беларусаў — вэтэранаў вайны ў Аўганістане намеціўся раскол.
У 2009 годзе Мікалай Аўтуховіч, Алег Воўчак і Аляксандар Камароўскі публічна адмовіліся прымаць мэдалі да 20-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану, паколькі ў Беларусі ня вырашаныя праблемы вэтэранаў-аўганцаў. Заява з заклікам вярнуць сацыяльныя льготы ўдзельнікам вайны ў Аўганістане была накіраваная Аляксандру Лукашэнку — яе падпісалі больш за 400 беларускіх «аўганцаў». Адначасова Аўтуховіч, Воўчак і Камароўскі абвясьцілі пра стварэньне незалежнага руху вэтэранаў баявых дзеяньняў «Абаронцы Айчыны».
Праўладныя «аўганцы», у сваю чаргу, абвінавацілі Аўтуховіча, Воўчака і Камароўскага ў намеры раскалоць «шэрагі воінаў-інтэрнацыяналістаў».
У хуткім часе прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны — яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесьніка міністра па падатках і зборах, старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале дому начальніка ваўкавыскай міліцыі. Пракурор прасіў для Аўтуховіча 20 гадоў зьняволеньня, але большая частка абвінавачаньняў была зьнятая, і ён атрымаў толькі 5 гадоў і 2 месяцы турмы нібыта за захоўваньне зброі. Яго прызналі палітвязьнем.
Крымінальную справу супраць Аўтуховіча Камароўскі ў свой час назваў «акцыяй застрашваньня воінаў-аўганцаў, якія або актыўна адстойваюць свае інтарэсы, альбо маюць намер далучыцца да створанай рэспубліканскай грамадзкай арганізацыі вэтэранаў баявых дзеяньняў». «Аўганцы» ў адкрытым лісьце заклікалі Лукашэнку вызваліць Аўтуховіча.
Дарэчы, сам Мікалай Аўтуховіч узнагароджаны за баявыя апэрацыі ў Аўганістане ордэнам Чырвонай Зоркі і двума мэдалямі — «За адвагу» і «За баявыя заслугі».
7. «Аўганец» — пад санкцыямі ЭЗ і ЗША
Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман — таксама вэтэран вайны ў Аўганістане.
Вядома, што Шэйман быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня і ў верасьні 1991 году галасаваў за тое, каб герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг сталі дзяржаўнымі сымбалямі незалежнай Беларусі. Праўда, празь некалькі гадоў ён стане адным з ініцыятараў рэфэрэндуму аб вяртаньні старой савецкай сымболікі.
У розныя часы Шэйман быў дзяржсакратаром Рады бясьпекі, узначальваў Адміністрацыю прэзыдэнта і Генпракуратуру. Паводле дадзеных праваабаронцаў і апазыцыі, Віктар Шэйман меў дачыненьне да выкраданьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага. Да такой самай высновы прыйшлі міжнародныя назіральнікі — у прыватнасьці, спэцдакладчык ПА АБСЭ Хрыстас Пургурыдэс, які падрыхтаваў даклад «Зьніклыя людзі ў Беларусі».
Праз падазрэньне ў дачыненьні да гэтых злачынстваў супраць Віктара Шэймана былі ўведзеныя санкцыі ЭЗ і ЗША. Яны дзейнічаюць дагэтуль: калі ў лютым 2016 году Эўразьвяз і ЗША касавалі санкцыі супраць афіцыйнага Менску, Шэйман застаўся ў «чорным сьпісе».
На сёньняшні дзень Шэйман — кіраўнік спраў прэзыдэнта і памочнік прэзыдэнта па асобых даручэньнях.