У Баранавіцкім райвыканкаме адбыўся сход прадпрымальнікаў і чыноўнікаў. Прадпрымальнікі патрабуюць адмены ўказу № 222 і пагражаюць ехаць да Аляксандра Лукашэнкі.
На сход у Баранавічах сабраліся больш за 300 прадпрымальнікаў і каля двух дзясяткаў чыноўнікаў. На пачатку сходу выступіў актывіст баранавіцкага прадпрымальніцкага руху Мікола Чарнавус, які прапанаваў паехаць калектыўна ўсім ахвотным 29 студзеня да прыёмнай Лукашэнкі, «каб кожнаму пісьмова зьвярнуцца з сваёй заявай індывідуальна».
Чыноўніца з прэзыдыюму спрабавала запярэчыць Чарнавусу, каб той спыніў сваю абвестку, але ён усё ж дагаварыў.
Чыноўнікі адразу ж папярэдзілі гандляроў, што пытаньне пра адмену ўказу № 222 на сходзе нават ня будзе ўздымацца, бо гэта ня ў іх кампэтэнцыі. Абураным прадпрымальнікам растлумачылі, што на сходзе будуць абмяркоўвацца варыянты далейшага вядзеньня бізнэсу.
На гэта з залі пачуліся рытарычныя воклічы: «А чаго мы тады тут сабраліся?»
Цягам усяго сходу жарсьці кіпелі як з аднаго, гэтак і з другога боку. На пытаньні прадпрымальнікаў, як ім быць, калі працаваць немагчыма, а даводзіцца сплачваць арэнду за месца на рынку, чыноўнікі далі, сярод іншых, такі адказ — «выразайце ралеты». Падобныя выказваньні выклікалі ў залі абурэньне. ІП крычалі, што прыйшлі даведацца, як працягнуць сваю дзейнасьць, а ім прапануюць згарнуцца.
Прадстаўніца біржы працы даводзіла, што ў такім выпадку ёсьць некалькі соцень вакансіяў, або можна накіроўвацца ад біржы на навучаньне новай прафэсіі. На гэта гандляры абураліся, што тысячам прадпрымальнікаў у Баранавічах ня хопіць месцаў.
Прадстаўнік падатковай інспэкцыі папракнуў прадпрымальнікаў, што яны і так накручваюць цэны на свой тавар больш як у 6 разоў, ды прапанаваў: рабіце дакумэнты ды накручвайце ў два разы. На гэта ў залі пачуліся абураныя воклічы, некаторыя прадпрымальнікі заявілі, што ў іх тавар усё роўна выходзіць нашмат таньнейшы, чым у крамах.
Прадстаўнік гарвыканкаму ў запале заклікаў прадпрымальнікаў не паддавацца на заклікі правакатараў і прызнаўся, што пад гэтымі правакатарамі ён мае на ўвазе Міколу Чарнавуса:
«Не паддавайцеся на правакацыі. У тым ліку, я ня буду хаваць, вас — я маю на ўвазе Чарнавуса. Калі вас падбухторваюць, каб вы ішлі на плошчу і гэтак далей. Я да чаго? Вы парушаеце адразу ж закон аб незаконных масавых сходах... І далей, калі вы будзеце казаць пра тое, што вайну трэба рабіць, то гэта — крымінал. Разумееце, за словы трэба адказваць».
Прадпрымальнікі заявілі, што чыноўнікі павінны зрабіць прадпрымальнікам палёгку:
«Прадстаўнікі ўлады павінны ўсё-ткі ў гэты цяжкі пэрыяд зрабіць нейкае зьмякчэньне. Таму што кожны з вас можа апынуцца ў такім жа стане, як і мы. Вы павінны зрабіць нейкія паслабленьні. Зараз большая палова рынку не працуе. Людзі на рынак не ідуць. Няма заробку ў мясным цэху на рынку. Атрымліваецца, што пачынаюць выразаць ралеты, і хутка рынак ліквідуецца.
А тое, што кажуць пра заклікі на вуліцу ісьці, то я вам кажу, ня трэба ніякіх заклікаў. Зараз пачнуцца рабункі і гэтак далей, таму што людзям есьці няма чаго... А мы як прыбяром тавар, які за нейкую капейку можна купіць, дык гэта тыя галодныя людзі выйдуць на плошчу», — адказаў прадпрымальнік на прапанову чыноўніка «не паддавацца на заклікі да плошчаў».
Шмат пытаньняў гандляроў тычыліся кошту сэртыфікацыі тавараў, магчымасьці пэўнай палёгкі з боку правяраючых органаў. Пыталіся гандляры ў прадстаўнікоў уладаў і дырэктара рынку пра магчымасьць ня сплачваць арэндную плату за пэрыяд вымушанага прастою ў часе сэртыфікацыі тавару. Аднак на гэтую просьбу быў атрыманы адмоўны адказ.
Некаторыя абураныя прадпрымальнікі, ня чуючы адказаў на свае пытаньні, уставалі і сыходзілі проста пасярод сходу.
Сход доўжыўся каля трох гадзін. Урэшце прадстаўніца ўладаў прапанавала яго завяршыць, сказаўшы, што «асноўныя пытаньні» абмеркаваныя.
Пасьля сходу прадпрымальнікі распавялі журналістам, што большасьць іхніх пытаньняў засталіся без адказу. Тым ня меней ІП не пакідае спадзяваньне, што «нешта ўсё ж вырашыцца»:
«Спадзяюся... Хоць галоўнае пытаньне — гэта, канечне, 222 указ. Гэта трэба ўжо ехаць прадпрымальнікам і зьвяртацца да таго, хто будзе вырашаць гэтае пытаньне», — мяркуе спадар.