Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашчадак Дуброўскага. Былы партызан і сталінскі вязень


Раванічы. Чэрвеньскі раён
Раванічы. Чэрвеньскі раён

Пра партызана Казіміра Ксаверавіча Астроўскага зь мястэчка Раванічы я пачуў ад барысаўскага краязнаўцы Андрэя Цісецкага. Пан Андрэй вельмі раіў пазнаёміцца з гэтым старым, запэўніваючы, што я ня буду расчараваны.

Стары Астроўскі лічыць сябе праўнукам Паўла Астроўскага, зьбяднелага шляхціца, высакароднага разбойніка і паўстанца 1831 году. І, ведаеце, дастаткова толькі зірнуць на пана Казіміра, каб у гэта паверыць. Моцны стары, з багатай, эмацыйнай моваю, зь вясёлым, але ўважлівым позіркам, ды яшчэ з тонкімі вусікамі. Яго грыміраваць для гістарычнага кіно ня трэба. Дастаткова апрануць у шляхецкі жупан.

— Мяцежная фамілія ў нас. Сястра стрыечная даслала мне кнігу зь Менску. Дуброўскі — гэта быў псэўданім Астроўскага. Друг Пушкіна Нашчокін быў неяк у Пскове, дзе ў астрозе сядзеў Павал Астроўскі. Пагутарылі. І расказаў Нашчокін Пушкіну пра мяцежніка. А Пушкін кнігу напісаў. І выходзіць, што гэта прадзед мой. Я помню толькі, што мае бабулі, маміна маці і бацькава, сядзяць кураць. І адна курыла, і другая курыла. А мы бегаем, малыя. Гавораць і замаўкаюць. Пра паўстаньні гаварылі. А мы гэтага ведаць ня мусілі. 30-я гады. За язык кусь, і ўсё.

У партызаны наш герой пайшоў, калі яму было 14. Даводзілася і ў засадах удзельнічаць, і расстрэльваць аўтакалёны, і падрываць чыгунку. А вось што да марадзёрства і рабаўніцтва... Са словаў старога вынікае, што ўсё залежала ад камандзіра.

— У атрадзе расстралялі жанчыну адну. Партызанку. За што? У Лядах была сям’я настаўнікаў. Муж пайшоў служыць у паліцыю. А жонка ў вёсцы засталася, з двума дзецьмі. У яе была лазьня. І мы часта ў гэтую лазьню хадзілі. І неяк гэтая партызанка з намі была. І даведалася, што ў гаспадыні муж у паліцыі. Ну, і разбурыла, разбамбіла там усё, што магла. Адзеньне фасоністае пазабірала. Далажылі ў атрад. Камандзір пастроіў усіх. Зачытаў загад. Хлоп, і ўсё. Перад строем. У нас так было заведзена ў атрадзе.

Раванічы
Раванічы

Камандзірам партызанскага атраду, дзе ваяваў наш герой, быў кадравы вайсковец, ураджэнец Уладзіміршчыны Ўладзімір Ціхаміраў. У вайну яму было крыху больш за 20 гадоў. Што не замінала гэтаму чалавеку караць марадэраў адразу ж. Суровы быў малады чалавек.

— Неяк мы ў засадзе былі. Чакалі патруля. А немцаў няма і няма. Заехалі ў вёску. І з нашага ўзводу байцу захацелася мёду. Станіслаў Пута. Прозьвішча ягонае Пута. Аўстрыяк. Бацька падчас першай вайны палонным быў, тут і застаўся. А гэта сын ягоны. Ну, залез, разбурыў вулей. А раніцай гаспадар паскардзіўся Ціхаміраву. Знайшлі гэтага Пута. Выехалі за вёску. Проста на кані — хлоп, і няма чалавека.

Дом Астроўскага стаіць насупраць разбуранага касьцёла. Пабудаваны храм шляхціцамі Слатвінскімі напрыканцы 18 стагодзьдзя. Руіна выглядае так, быццам разбурэньне адбылося гадоў сто назад. Хоць насамрэч касьцёл, у якім за саветамі быў склад зерня, згарэў адносна нядаўна. Напрыканцы 80-х. Для мясцовых дзяцей сьвятыня была містычным месцам. Згадвае настаўніца Натальля Лагоціна.

— У касьцёл баяліся зайсьці. Бо мясцовыя легенды хадзілі, што там пахаваная дачка пана. І там на могілках адно надмагільле ў выглядзе скрутку паперы. Нас гэта ўражвала. Мы баяліся туды заходзіць. Расказвалі, што ў склепе пад касьцёлам саркафагі ёсьць.

Парадная лесьвіца палаца Слатвінскіх цяпер служыць зімовай горкай для раваніцкіх дзяцей. Па закінутым парку разносяцца іхнія галасы. Пры Саюзе ў палацы была бальніца, але пасьля таго як яе перавялі ў новы будынак, пачалося расьцягваньне помніка на будматэрыялы. Дом абкружаны старым паркам, стаіць на беразе вялікай сажалкі. Якая б магла быць сядзіба для адпачынку!

— Гіне мясцовая каштоўнасьць наша. Дый ня толькі мясцовая. Гэта помнік рэспубліканскага маштабу. Але што мы можам зрабіць? Што можа зрабіць школа? Мы склалі летапіс. Мы кожны год робім добраўпарадкаваньне парку. Дзецям гэта вельмі падабаецца. Яны разумеюць, што гэта патрэбна. На жаль, пасьля ўрагану 2009 году, калі з 250 дрэваў было зьнішчана 150, частка парку выглядае жудасна.

Аднак вернемся да неверагоднага лёсу пана Астроўскага. Па вайне наш герой апынуўся ў атрадзе так званых «ястрабкоў», добраахвотнікаў, якія змагаліся з антысавецкім падпольлем і бандытызмам. Але не прайшло і тыдня, як Астроўскі апынуўся за калючым дротам. Не дапамагло і гераічнае мінулае. За што? Паслухайце.

— Я кажу хлопцам: чаго мы будзем хадзіць па вуліцы зь вінтоўкай? Мы ж таксама былі партызанамі. Ня сунуліся ж проста так. Затоісься за вуглом. Выцікуеш, што нікога няма, немцаў і паліцаяў. Тады толькі сунесься. І яны ж таксама так будуць рабіць. Мы ідзем зь вінтоўкай па вуліцы. А ён у засадзе бачыць, што ты ідзеш зь вінтоўкай. Ён табе хлоп у лоб, і будзь здароў. Я кажу — давайце паабразаем іх к... мацеры, гэтыя вінтоўкі. І прыкла́д абрэжам. За пояс, пінжаком закрыў — і ідзеш, як мужычок. Нехта выйшаў з-за рога, бачыш — чужы чалавек, тыц яму ў нос — і ўсё. І вось за гэты абрэз я сеў на два гады. Адседзеў. Ад 47-га па 49-ты. У Менску, ІТК 16. На вуліцы Кірава. Будаваў стадыён, тонкасуконны камбінат і вароты Менску. На Прывакзальнай плошчы дзьве гэтыя вежы. Гэта мая работа, пахадзіў пад канвоем. Гэтыя дзьве вежы будавалі толькі зэкі. Вось я тады і спазнаў, якая ў нас справядлівасьць. Трэба былі рабочыя рукі. Кім бы ты ні быў, чым бы ты ні быў.

Слухаць старога партызана можна доўга. У яго гісторыяў хопіць не на адну кнігу. Але скончым мы наша падарожжа песьняй мясцовага барда, выкладчыка гісторыі Франца Бляхніка. Менавіта дзякуючы такім людзям, незаўважным у вялікім эфіры, незнаёмым шырокай публіцы, але добра вядомым сваім гадаванцам, беларуская мова і жыве. І зусім простыя, калі не сказаць банальныя, словы пра вайну і мір слухаюцца зусім ня так, як год таму.

Мы ня хочам цяпер нават думаць аб сьмерці.
Марым мы, каб у міры і шчасьці пражыць.
Таму ў памяці нашай навек кожны трэці,
Што ў магілах вайны бесьсьмяротны ляжыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG