Перанос вайсковага параду за межы Менску прывядзе да росту выдаткаў на яго падрыхтоўку.
Пра гэта гаворыцца ў лісьце міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова на запыт дэпутаткі Ганны Канапацкай пра магчымасьць пераносу парадаў з удзелам вайсковай тэхнікі за межы Менску.
Паводле Раўкова, перанос прывядзе да памяншэньня відовішчавага і эмацыйнага эфэкту параду празь нязручнасьці, зьвязаныя «з дастаўкай людзей да месцаў яго правядзеньня і адрыву ад іншых агульных мерапрыемстваў сьвята».
Таксама, паводле Раўкова, перанос парадаў па-за межы сталіцы выкліча крайне нэгатыўную рэакцыю з боку вэтэранаў і грамадзянаў, пераважная бальшыня якіх «настроеныя патрыятычна і падтрымліваюць традыцыю правядзеньня вайсковых парадаў у сталіцы Беларусі».
У Беларусі засталося 10 746 вэтэранаў або інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны
«Міністэрства абароны лічыць правядзеньне вайсковых парадаў непасрэдна ў сталіцы Беларусі палітычна абгрунтаваным, адпаведным агульнаму настрою народу і эканамічна мэтазгодным», — напісаў Раўкоў.
Ганна Канапацкая лічыць, што адказ міністра не закранае сутнасьці пытаньня.
«Я ня супраць парадаў у гарадах, але супраць выкарыстаньня вайсковай тэхнікі на вуліцах гарадоў. Пагатоў калі на рэпэтыцыі здараюцца сурʼёзныя інцыдэнты і танк зносіць дрэвы і слупы. А калі заўтра, на парадзе, гэты танк заедзе ў трыбуну з гледачамі або прэзыдэнтам?» — напісала Ганна Канапацкая на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Заяву міністра наконт большых выдаткаў на парад па-за межамі гораду яна назвала «цікавай».
«Наколькі мне вядома, яшчэ нікому не ўдалося атрымаць дакладную лічбу расходаў бюджэтных сродкаў (нашых з вамі грошай, сябры) на падрыхтоўку і правядзеньне парадаў у горадзе. Спадзяюся, у наступным адказе на мой зварот наконт бюджэту будуць пададзеныя канкрэтныя і дакладныя лічбы, каб можна было не галаслоўна заяўляць аб павелічэньні выдаткаў, а абапірацца на канкрэтныя дадзеныя», — напісала Ганна Канапацкая.
Падчас рэпэтыцыі вайсковага параду на Дзень рэспублікі ў Менску на праспэкце Незалежнасьці, каля мэтро «Маскоўская», танк, што кіраваўся на парад, на высокай хуткасьці рэзка ўвайшоў у занос, зьляцеў з дарогі і зьбіў ліхтарны слуп.
Пэтыцыі грамадзянаў наконт правядзеньня ў цэнтры Менску вайсковых парадаў і перанясеньня іх за межы сталіцы былі накіраваныя ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і Міністэрства абароны. Пад пэтыцыяй супраць парадаў у цэнтры Менску сабралі 9297 подпісаў, пад пэтыцыяй за парады — толькі 86.