Чатыры гады таму, у сакавіку 2013 году, Kyky.org апытаў экспэртаў у вэб-дызайне наконт «самых безгустоўных» сайтаў байнэту. Арыгінал артыкулу кепска захаваўся праз рэдызайн самаго Kyky.org; копію яго лепей глядзець на Tut.by.
На першую пазыцыю рэйтынгу «прышчоў байнэту» трапіў сайт Boks.by — старонка Беларускага грамадзкага аб’яднаньня прафэсійнага боксу (ня блытаць з афіцыйнай Беларускай фэдэрацыяй боксу). Адзначалася няякасная праца дызайнэра з колерамі, фонамі, шрыфтамі, банэрамі і анімацыяй.
Сайт з таго часу рэгулярна абнаўляў зьмест, але не дызайн, распрацаваны каля 2007 году. Са старым варыянтам можна пазнаёміцца на Archive.is.
На новы дызайн старонкі boks.by перайшоў пасьля 28 чэрвеня 2017 году. Новая старонка зробленая паводле бясплатнага шаблёну WordPress. Яна выглядае значна больш акуратна, хоць і захавала ў аздабленьні кіслотна-жоўты колер і разнастайнасьць расфарбоўкі тэксту.
Зь іншых «прышчоў байнэту» дызайн памянялі за чатыры гады Mops.by (але зьмены не радыкальныя) і Front.by. Сайт газэты «Наша Талачыншчына» зьмяніў толькі лягатып, а сайт спажывецкага таварыства «Арго» не мяняў у дызайне нічога.
Сам Kyky.org на момант складаньня рэйтынгу меў такі дызайн тытульнай старонкі. Перадавы сайту беларускай службы Радыё Свабода тады выглядаў так, а найранейшая архіўная копія сайту Svaboda.org, запушчанага ў 1998 годзе, датаваная толькі 2000 годам. Першыя сайты ў беларускай нацыянальнай дамэнавай зоне.by зьявіліся ў канцы 1994 году, самая першая архіўная копія беларускага сайту датаваная 1997 годам.