Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча вылучыла на «Оскар» фільм пра «польскага Шагала» — народжанага ў Менску Ўладзіслава Страмінскага


Багуслаў Лінда ў фільме «Пасьлявіды»
Багуслаў Лінда ў фільме «Пасьлявіды»

Нацыянальная камісія Польшчы па «Оскары» і Польскі інстытут кінамастацтва вылучылі на прэмію Амэрыканскай кінаакадэміі за найлепшы фільм на замежнай мове стужку рэжысэра Анджэя Вайды «Пасьлявіды» (Powidoki — тое, што застаецца ў вачох, калі іх заплюшчыць), піша Gazeta Wyborcza. У 2015 годзе «Оскара» ўзяў іншы польскі фільм, «Іда» Паўла Паўлікоўскага.

Галоўны герой «Пасьлявідаў» — мастак-авангардыст Уладзіслаў Страмінскі (Władysław Strzemiński), ролю якога выканаў Багуслаў Лінда. Фільм распавядае пра час пасьля Другой усясьветнай вайны, калі мастацтва авангардызму трапіла ў няласку да польскіх сацыялістычных уладаў, і пра Страмінскага, якога тагачасныя ўлады перасьледавалі да апошняга дня жыцьця.

Стужка выйдзе ў польскі пракат 13 студзеня 2017 году, фэстывальная прэмʼера прайшла 10 верасьня ў Таронта. Фільм мае на момант публікацыі 7,6 балаў з 10 на IMDb.

«Powidoki Słońca» — У заплюшчаных вачох Страмінскага

Уладзіслаў Страмінскі. Powidok słońca, Музэй мастацтва, Лодзь
Уладзіслаў Страмінскі. Powidok słońca, Музэй мастацтва, Лодзь

Па-расейску галоўны герой стужкі вядомы як «Стжеминский». Беларускія мастацтвазнаўцы, у ліку якіх Яўген Шунейка, Барыс Крэпак і Сяргей Харэўскі, увялі ў 1990-х гадах беларускую перадачу прозьвішча (ад гербу «Стрэмя») мастака, які нарадзіўся ў Менску і доўгі час жыў у Вілейцы. Як Страмінскі ён трапіў у беларускія энцыкляпэдыі і адмысловыя выданьні, дзяржаўную прэсу.

«Для мяне to nie jest koniecznie, гэта не праблема, абы ведалі творы, абы ведалі біяграфію, — кажа Свабодзе Харэўскі. — Праблема ў даступнасьці дакумэнтаў, зьвязаных зь ім, праблема ў шанаваньні памяці, а галоўнае, у папулярызацыі творчага даробку. Каб ён стаў часткаю нашай культуры, нашага вялікага міту. Міту Менску як радзімы дзясятка выдатных мастакоў».

Харэўскі сьмяецца: не памыліўся, калі 20 год таму пачаў пісаць кнігу «Сто твораў ХХ стагодзьдзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу» і ўключыў туды адну з карцінаў Страмінскага, «Powidoki Słońca», назву якой тады пераклаў як «У заплюшчаных вачох».

Харэўскі распавядае Свабодзе гісторыю Страмінскага.

Зь Ляхаўкі ў Маскву, з Масквы на фронт, з фронту без рукі і нагі

Уладзіслаў Страмінскі
Уладзіслаў Страмінскі

Уладзіслаў Страмінскі нарадзіўся ў Менску 21 лістапада 1893 году. На Залатой Горцы пахаваныя яго бацькі і дзяды — сямʼя належала да парафіі Сьвятой Тройцы. Жыў малым на Ляхаўцы, на цяперашняй вуліцы Беларускай (тады Гарбарнай), скончыў гімназію ў Менску. У сваіх успамінах згадваў драўляную хату на берагах Сьвіслачы, дзе правёў дзяцінства.

«Бацькі былі небагатыя, мяркуючы па драўлянай хатцы на Ляхаўцы, — кажа Харэўскі. — Яны настаялі на ягонай вайсковай адукацыі. Ён скончыў Паўлаўскую артылерыйскую вучэльню ў Маскве, якая на той час лічылася прэстыжнай, знакавай, бо давала магчымасьць ня толькі вайсковай карʼеры, што для дробнага шляхціца Страмінскага было прэстыжна, але і грунтоўную інжынэрную адукацыю».

Але ў часе ягонай вучобы пачалася Першая ўсясьветная вайна. Страмінскі ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на беларускім Палесьсі і на Валожыншчыне. Каля вёскі Пяршаі быў моцна паранены, скалечаны на ўсё жыцьцё: застаўся без нагі і рукі, пакутаваў ад фантомных боляў, ня мог карыстацца пратэзамі і да канца жыцьця хадзіў на мыліцах.

Страмінскі лекаваўся ў шпіталях у Маскве, дзе яго «выцягнула з таго сьвету» расейская полька, мастачка Кацярына Кабро, яго будучая жонка. Пасьля распаду Расейскай імпэрыі яны пераехалі ў Смаленск (калі той быў сталіцай Савецкай Беларусі), езьдзілі ў Віцебск і Бабруйск, мелі сталыя стасункі з Казімірам Малевічам. Там Страмінскі ачоліў філію суполкі УНОВИС («Сьцьвярджальнікі новага мастацтва»).

«Польскі Шагал»

Пасьля Рыскага міру, пабыўшы каротка ў Менску, Страмінскі перабіраецца на «польскі бок», да малодшага брата ў Вілейку. Затым, пасьля 17 верасьня 1939 году, калі Заходняя Беларусь адышла да СССР, — у Лодзь:

«У Лодзі ён робіць тое самае, што Шагал зрабіў для Беларусі, — кажа Харэўскі. — Ён адкрывае славутую авангардную школу мастацтваў, стварае музэй авангарднага мастацтва, разам з вучнямі праводзіць кіпучую дзейнасьць у галіне дызайну, афармленьня інтэрʼераў. Там ён фармулюе ўласны стыль — унізм, ад лацінскага unio, абʼяднаньне ў адно. Ён робіцца найбуйнейшым польскім авангардыстам, меў цэлую плеяду вучняў, у ліку якіх вялікі прыяцель Беларусі Анджэй Струміла. А той, у сваю чаргу, стаў настаўнікам Лёніка Тарасевіча, аднаго з самых вядомых мастакоў беларускага паходжаньня.

Лодзь у пасьляваенны час была буйным прамысловым цэнтрам, а Страмінскі лічыў, як і многія мастакі таго часу, што мастацтва павінна пайсьці на фабрыкі. І ў Лодзі ён дажыў да канца сваіх дзён. Што праўда, камуністычная, сталінская Польшча часоў Берута ня надта ласкава да яго паставілася. Ён памёр хворы, зьняможаны, фактычна ў жабрацтве. Не ўнікальная частка біяграфіі па гэты бок жалезнай заслоны».

Кадар зь фільму
Кадар зь фільму

Яго імя пачынае быць значным у Польшчы з 1970-х. Там яго лічаць пачынальнікам таго, што сёньня завецца дызайнам, там ёсьць яго музэй, шэраг помнікаў Страмінскаму, яго выявы выбівалі на манэтах. У беларускі кантэкст яго імя пачало ўваходзіць толькі ў 90-я. Мастакі Беларусі неаднаразова выступалі за тое, каб назваць імем Страмінскага вуліцу ў Менску, зрабіць яму мэмарыял. Невялікі помнік зрабілі ў Вілейцы.

Лічыў сябе беларусам, але ня выжыў бы ў СССР

«Ва ўсіх дакумэнтах ён пісаўся беларусам, называў родную мову беларускай. Гэта факт, які не выклікае сумневаў, — кажа Харэўскі. — Ён падкрэсьліваў менавіта сваё беларускае паходжаньне, ня раз публічна вызнаваў сваю беларускасьць. Падобна да праўды, што ў гады юнацтва абуджаная беларушчына неяк яго зачапіла».

Харэўскі заўважае, што нагодай для расстрэлу ў той час магла стаць і служба ў войску ў часы Расейскай імпэрыі, і сваякі на польскім баку — мастацтвазнаўца амаль не сумняецца, што ў БССР Страмінскі ня выжыў бы:

«Тое, што ён жыў і працаваў у Польшчы, тое выдатна. Каб ён працаваў у савецкай Беларусі, наўрад ці здолеў бы выгадаваць такую генэрацыю творцаў, наўрад ці ён перажыў бы 1937 год, як і многія іншыя творцы. Нагадаю і пра лёс геніяльнага мастака і нашага земляка Язэпа Драздовіча, які памёр літаральна з голаду ў 50-х, ня маючы права працаваць.

Таму трэба не крычаць, што „Страмінскі наш“, не размахваць рукамі, а прыкласьці намаганьні дзеля ўвекавечаньня яго памяці. Гэтая постаць павінна стаць мастком, цаглінай новага моста паміж Беларусьсю і Польшчай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG