Сям’я ўкраінцаў жыве ў вёсцы Стайкі каля Івацэвічаў. Іна працуе лябарантам і выкладае біялёгію ў Івацэвіцкім прафэсійным ліцэі, яе муж Сяргей — кіроўца. Сын Дзяніс вучыцца ў трэцяй клясе вясковай школы ды спасьцігае новую для яго беларускую мову.
Спадарыня Іна ў інтэрвію Радыё Свабода расказала пра тое, як ім тут жывецца.
— Чаму зьехалі з Украіны?
— Зьехаць давялося таму, што перажывалі за сваю сям’ю, за сваё здароўе. Больш за ўсё чалавек цэніць сваё жыцьцё. І хочацца проста жыць, а не залежаць ад людзей, якія апранулі маскі і лічаць, што яны самыя галоўныя. Таму дзеля захаваньня жыцьця свайго мы вырашылі пераехаць.
— Чаму выбралі менавіта Беларусь?
— Прыехалі мы сюды, таму што тут ёсьць сваякі. Яны нас звалі ў госьці раней, і мы проста хацелі прыехаць сюды ў госьці да іх, а ў выніку празь некалькі месяцаў прыехалі сюды з сваімі рэчамі. Многія мае знаёмыя зьехалі да сваякоў на іншую частку Ўкраіны, я там не была, бо проста няма да каго было там ехаць. Мяне сюды проста паклікалі, і было куды ехаць.
— Як удалося застацца на жыхарства ў Беларусі?
— Вялікіх праблемаў з дакумэнтамі не было. Таму што, калі знаходзіш сабе працу, робіш адмысловы дазвол, то можаш знаходзіцца тут ужо год, а далей будзе падаўжацца дазвол. У дадзены момант можна ўжо афармляць дакумэнты для пастаяннага пражываньня. То бок, калі ўсё рабіць згодна з заканадаўствам, то можна аформіць дакумэнты і тут жыць. Ведаеце, я люблю такое выслоўе — пад ляжачы камень вада не бяжыць. Калі штосьці рабіць, знайсьці новую працу, новых сяброў, то, у прынцыпе, усё ў гэтым жыцьці магчыма.
— Ці дапамагалі вам дабрачынныя арганізацыі?
— Я чула пра гэтыя арганізацыі, але я вырашыла, што ёсьць людзі, якія маюць большую патрэбу, чым я. Мне ўдалося прыехаць сюды ў поўным складзе сям’і, узяць свае рэчы. Таму лепей няхай скарыстаюцца тыя людзі, якім сапраўды нечага не хапае. Улічваючы, што я забрала ўсе свае рэчы, то я сама тут дапамагала ўкраінцам, якія прыехалі проста з валізкай. Заўсёды кажу «усё добра, заўтра дзень будзе лепшым за папярэдні».
— Ці вернецеся ў Данеччыну, калі скончыцца вайна?
— Напэўна, будзе цяжка пачынаць ізноў усё спачатку (плача). Час, як кажуць, лечыць, што будзе далей — будзе бачна. На дадзены момант я не гатовая пераяжджаць, таму што выдатна разумею, у якім стане знаходзіцца эканоміка. І які пэрыяд часу там можна будзе працаваць і жыць спакойна — гэтага ніхто ня ведае. Таму я прыкладаю ўсе намаганьні, каб жыць, працаваць тут, у Беларусі, і станавіцца на ногі.
У мяне ёсьць пашпарт грамадзяніна Ўкраіны, і там я запісаная ўкраінкай. У любым выпадку — я ўкраінка, але цяпер жыву ў Беларусі.
— Як да вас ставяцца беларусы?
— У мяне тут ужо вялікая колькасьць сяброў. Самае страшнае было, што калі прыехала сюды, узяла мабільны тэлефон, і там толькі тры нумары былі запісаныя. Прайшло паўгоду, і ўжо даводзіцца шмат гартаць. Напрыклад, Вольга — 4 чалавекі, Сьвятлана — 3. Нават напярэдадні навагодніх сьвятаў ужо ня ведала, да каго ісьці і каго запрашаць. Таму — народ прыняў вельмі добра.
— Якой бы хацелі бачыць будучыню Данецку: ва Ўкраіне, ці асобна?
— Я не знаходжуся там больш за палову году, а тое, што паказваюць па тэлевізары — кожны канал паказвае па-свойму. Вось я зараз ня там, таму стараюся менш пра гэта думаць. Ня ведаю, няхай народ вырашае, як яны захочуць, так няхай і жывуць. Я з сваякамі праз скайп пагутару — усе жывыя, здаровыя, ну і добра.
— А як ваш сын — адаптаваўся ў вясковай школе? Беларускую мову вывучае?
— Так, сын вывучае беларускую мову, і мае ўжо нядрэнную адзнаку, таму што мы займаемся дома. Але кніжкі, якія мы прывезьлі на ўкраінскай мове, ён яшчэ чытае і яшчэ не забыў. Атрымлівае і 7, і 10. Вывучаем, стараемся, будзем вучыць. Калі б было патрэбна вывучыць вельмі хутка, рыхтаваць мне дакумэнты і працаваць на беларускай, то я б гэта зрабіла. Таму што я знаходжуся ў гэтай краіне, і я павінна паважаць гэтую мову і культуру. Я зараз газэту чытаю, і сама сабе перакладаю. Толькі калі нешта не разумею, тады зьвяртаюся па дапамогу.
— А як вы сустракаеце Раство?
У нас дакладна такія ж традыцыі, як і тут. Гэта называецца «сьвяткі», яны адбываюцца да 19 студзеня, да самага Хросту. У мяне ўчора таксама былі дзеці, абсалютна ня ведаю, хто яны, і я іх прыняла, таму што так прынята. І калі гэта дзеці, то яны прыносяць дабро, мір нейкі ў хату, таму дакладна такія ж традыцыі і ў нас. Я таксама ва Ўкраіне прымала ўдзел у такіх мерапрыемствах, і станоўча да гэтага стаўлюся.
Паводле інфармацыі Чырвонага Крыжа, у Беларусь толькі за 7 месяцаў мінулага году прыехала больш 25 тысяч грамадзян з Украіны. Далёка ня ўсе ўкраінцы зьвяртаюцца па атрыманьне статусу ўцекача, многія проста афармляюць дакумэнты на сталае пражываньне. У беларускі Чырвоны Крыж зьвярнулася па дапамогу больш 7 тысяч украінцаў, якія спрабуюць абжывацца ў Беларусі.