На сьценах вакол забаўляльнага комплексу, раней вядомага як «Бульбаш-хол», у якім адкрылася рэстарацыя «Поедем поедим», актывісты вывешваюць партрэты людзей, меркавана расстраляных у Курапатах — мэмарыяле, тэрыторыя якога пачынаецца ў 50 мэтрах ад комплексу.
Супрацоўнік рэстарацыі Дзьмітры пачаў зрываць плякаты, завязалася бойка з абаронцамі Курапатаў. Актывісты сьцьвярджаюць, што Дзьмітры напаў на іх у стане алькагольнага ап’яненьня, спрабавалі затрымаць яго, каб перадаць міліцыі, але ўрэшце адпусьцілі. Рэжысэр Аляксей Туровіч пайшоў пісаць заяву на працаўніка рэстарацыі, але адмовіўся сядаць у міліцэйскую машыну — бяз гэтага міліцыянты адмовіліся прымаць заяву аб нападзе.
Актывісты не прапускаюць машыны, што вязуць у рэстарацыю харчы. Супрацоўнік ДАІ патрабуе, каб актывісты сышлі з праезнай часткі — актывісты адказваюць, што гэта не праезная частка, а «прыдваровая тэрыторыя незаконнай пабудовы».
Працаўнікі рэстарацыі сарвалі некалькі плякатаў, што разьвесілі пратэстоўцы, але абаронцы Курапатаў не далі сарваць астатнія плякаты. Міліцыянты ня ўмешваліся ў кароткую сутычку.
У пікетоўцаў перапісалі пашпартныя зьвесткі пратэстоўцаў, склалі пратакол на сустаршыню БХД Паўла Севярынца.
Аб адказнасьці актывістаў папярэдзіў асабіста намесьнік начальніка УУС Менаблвыканкаму — начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі палкоўнік міліцыі Віталь Казлоў, яго ў сваю чаргу папярэдзіла аб адказнасьці праваабаронца Натальля Гарачка.
Каля 17-й гадзіны супрацоўнік рэстарацыі стаў змываць надпісы каля брамы рэстарацыі.Актывісты пераціснулі шланг, каб вада перастала ліцца.Яны таксама не прапусьцілі аўтамабіль з прадуктамі на тэрыторыю «Поедем поедим». З-за плоту нехта пырскае вадой у бок пікетоўцаў.
А 17:40 стала вядома, што па дарозе з Курапатаў затрымалі Паўла Севярынца.
Каля 18-й гадзіны актывісты вырашылі зьняць плякаты з агароджы, бо іх усе роўна сарвуць супрацоўнікі рэстарацыі. Яны зноў прымацуюць іх заўтра, 8 ліпеня, калі зьбіраюцца працягваць пратэст.
Пазьней затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык. Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін з удзельнікаў пікетаваньня рэстарацыі Леанід Кулакоў.
Паўла Севярынца прыкладна ў 19:45 выпусьцілі з пастарунку. На яго склалі 5 пратаколаў за пікетаваньне 7 чэрвеня рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў: 1 — ДАІ за парушэньне правілаў дарожнага руху, 4 — міліцыя за несанкцыянаванае пікетаваньне, дробнае хулігантсва, непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Паўла таксама папярэдзілі, што калі ў пятніцу ён зьявіцца ў Курапатах, на яго зноў будуць складаць пратаколы.
Неўзабаве выпусьцілі і Вольгу Мікалайчык.
Комплекс будынкаў рэстарацыі пачаў будавацца часткова ў ахоўнай зоне Курапатаў — межы той зоны пасунулі ўжо пасьля пачатку будаўніцтва. Актывісты, якія пратэстуюць супраць «карчмы на костках», лічаць будаўніцтва незаконным і амаральным, патрабуюць «музэй, а не шынок».
Рэстарацыю, нягледзячы на пратэсты, адкрылі — таемна і неўрачыста.
Міліцыянты не далі пікетоўцам паставіць намёт каля рэстарацыі. У час пратэсту было некалькі сутычак людзей, якія называлі сябе наведнікамі рэстарацыі, з пратэстоўцамі. Міністар унутраных справаў заяўляў, што сілавікі «ня будуць буфэрам паміж бакамі».
Ля «Поедем поедим» сутычкі супрацоўнікаў рэстарацыі з актывістамі. УЖЫВУЮ
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.