Абаронцам Курапатаў варта пераходзіць ад штодзённага пікетаваньня новай рэстарацыі «Поедем поедим» побач зь месцам масавых сталінскіх расстрэлаў да «больш культурнай грамадзянскай барацьбы». Пра гэта 5 чэрвеня сказаў блогер і былы палітвязень Эдуард Пальчыс падчас пікетаваньня забаўляльнага комплексу.
«Яны могуць адкрыць заўтра ці праз тыдзень, штодня нас дэзынфармаваць. Таму неабходна пераводзіць пратэст у іншы фармат. Бо кожны раз зьбірацца па шчаўчку пальца... Нават калі адкрыюцца, то тут біцца з прыватнымі людзьмі, якія ня ведаюць, што на гэтым месцы было, — многія гэтага не зразумеюць. Таму трэба пераходзіць да больш культурнай грамадзянскай барацьбы», — сказаў Свабодзе Пальчыс.
Ён перакананы, што «гэтае месца і так кепскае для бізнэсу» і што «трэба зрабіць так, каб сюды ніхто ня езьдзіў».
«Яны збанкрутуюць у любым разе з многіх прычын. Усе, хто што спрабаваў тут будаваць, — нібыта нейкая рука зь неба іх праганяла», — сказаў Пальчыс.
На думку блогера, цяпер важная інфармацыйная кампанія, мэта якой — вызначыць, каму належаць забаўляльны комплекс і рэстарацыя «Поедем поедим».
«Трэба расьсьледаваць факт карупцыі — якім чынам зьменшылі ахоўную зону вакол Курапатаў», — сказаў ён.
Раней пра тое, што адкрыць рэстарацыю плянуецца 5 чэрвеня, паведаміў сустаршыня БХД Павал Севярынец — маўляў, пра гэта яму казалі самі супрацоўнікі «Поедем поедим». Раней рэстарацыю зьбіраліся адкрыць 1 чэрвеня. Адміністрацыя рэстарацыі сьцьвярджае, што ад адкрыцьця не адмаўляецца.