«Леанід Рашэтнікаў, які кажа пра несамастойнасьць беларускай дзяржавы і штучнасьць беларускай мовы, — асоба не такога маштабу, каб думаць самастойна. Ён артыкулюе тое, што ўлоўлівае ў калякрамлёўскай атмасфэры», — так пракамэнтаваў Свабодзе расейскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін выказваньні дырэктара Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, якія выклікалі дыпляматычны скандал.
— Дзьмітрый Барысавіч, учора беларускае МЗС выказала пратэст расейскаму амбасадару з нагоды выказваньняў гісторыка Рашэтнікава. Як вы лічыце, чаму ён сказаў, што натуральным для Беларусі ёсьць шлях у Расею?
— Адбываецца вельмі цікавы, але цалкам прадказальны і зразумелы працэс. З аднаго боку, людзі, выхаваныя ў савецкай сыстэме каштоўнасьцяў, лічаць, што ўсё ідзе згодна з абʼектыўным усясьветным законам, якім яны лічаць узмацненьне Расеі і СССР. Таму калі спадар Рашэтнікаў гаворыць, што заходні вэктар прывядзе Беларусь у тупік, а натуральная прыродная хада гісторыі прыцягне Беларусь да Расеі, — ён дэманструе глыбокае савецкае невуцтва, якое цягам пакаленьняў выхоўвалася ў нас у краіне. Таму што натуральная ці прыродная хада падзеяў — абсалютна супрацьлеглая. Яна скіраваная на ўскладненьне і на разнастайнасьць. Вось цяпер мы назіраем, як у Эўропе адбываецца драбленьне тэрытарыяльных контураў, паўстаюць новыя этнічныя і нацыянальныя дзяржавы, праводзяцца рэфэрэндумы пра аддзяленьне ў Гішпаніі, Вялікай Брытаніі, Нідэрляндах. Гэта супрацьлегла таму, што хацеў рабіць Сталін — рашчыненьню меншых нацыяў у вялікай. І менавіта такі працэс, які адбываецца ў Эўропе, — натуральны.
— У заяве Рашэтнікава гучаць папрокі ў бок беларускана кіраўніцтва. Ці крытыка Лукашэнкі — гэта шырокая тэндэнцыя ў Расеі цяпер?
— Калі 20 год таму вялікі расейскі патрыёт Аляксандр Праханаў называў Лукашэнку «рускім віцязем» і ўсхваляў яго перамогу на выбарах, гэта выглядала сьмешна, бо было зразумела, што Лукашэнку цікавіць толькі пэрсаналісцкая ўлада. І Расеяй ён цікавіцца толькі з той прычыны, што разьлічвае стаць яе прэзыдэнтам — у канцы 90-х, калі Ельцын рабіўся слабейшым, беларускі прэзыдэнт сапраўды на гэта разьлічваў. Калі зьявіўся Пуцін, Лукашэнка зразумеў, што быць расейскім дыктатарам яму ня сьвеціць, і вырашыў сканцэнтравацца на беларускай тэрыторыі. І заняўся цалкам супрацьлеглым — пабудовай агароджы паміж сваім сувэрэнітэтам і ўсходнім суседам. Сышлі ў нябыт выказваньні пра тое, што беларусы — гэта тыя самыя рускія, толькі са знакам якасьці. Наадварот — мы бачым спробы выбудаваць беларускую ідэнтычнасьць. І гэта зразумела: яму трэба кіраваць гэтай тэрыторыяй і ён спадзяецца перадаць яе свайму нашчадку.
— Леанід Рашэтнікаў, гаворачы пра беларускую мову, скажае гістарычны факт. Як вы лічыце, ён адмыслова гэта робіць?
Для расейскай улады Лукашэнка цяпер не славянскі брат і ня «рускі віцязь», а стаўленьнік эўрапейскай закулісы
— Я лічу вялікай памылкай спадара Рашэтнікава тое, што ён узяўся тлумачыць беларусам, калі ў іх зьявілася іхная родная мова. Пагатоў што той артыкул у газэце «Праўда» ад 1926 году гаворыць не пра фармаваньне беларускай мовы, а пра падтрымку беларускай мовы, якая зьявілася, зразумела, задоўга да 1926 году. Таксама спадар Рашэтнікаў не ўзгадаў пра тое, што ўжо ў 1929 годзе шэраг беларускіх гуманітарыяў саслалі ў Сыбір за «нацыяналізм» і «сэпаратызм», бо яны займаліся разьвіцьцём беларускай мовы, выконваючы акурат распараджэньне 1926 году. А адбылося так, бо памяняўся вэктар савецкай улады, якая замест саюзу народаў вырашыла будаваць адзіную савецкую дзяржаву. Спадар Рашэтнікаў ніколі пра гэта ня скажа. Гэта зьвязана з савецкай мэнтальнасьцю — мы ня хочам прызнаць рэальнасьць, замест гэтага мы навязваем рэальнасьці сваё ўяўленьне пра тое, якой яна павінна быць. Спадар Рашэтнікаў да таго ж яшчэ і хам. Можна спрачацца пра тое, хто лепшы — Пушкін ці Міцкевіч, — але рабіць гэта трэба карэктна, асабліва калі размова тычыцца нацыянальных пачуцьцяў.
— Ці думкі, выказаныя дырэктарам Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, могуць быць падтрыманыя афіцыйна на дзяржаўным узроўні?
— Спадар Рашэтнікаў — асоба не таго маштабу, каб думаць самастойна. Ён толькі артыкулюе тое, што ўлоўлівае ў калякрамлёўскай атмасфэры. А там цяпер вельмі заклапочаныя тым, што Беларусь пойдзе на збліжэньне з Эўропай, як тое здарылася з Украінай, і тым, што бачаць у Менску прывіды Майдану. Таму вядзецца падрыўная дзейнасьць супраць Лукашэнкі, якая раней была на ўзроўні маргінальных журналістаў агенцтва Regnum, а цяпер паступова выходзіць на ўзровень дзяржаўных чыноўнікаў. Для расейскай улады Лукашэнка цяпер не славянскі брат і ня «рускі віцязь», а стаўленьнік эўрапейскай закулісы, які вядзе сваю краіну да Майдану, падтрымлівае нацыянальную ідэю, ходзіць у беларускай вышыванцы. Будзе натуральным, калі хутка Лукашэнка загаворыць па-беларуску. Таму што куды яму падзецца — так атрымліваецца, што фармаваньне беларускай ідэнтычнасьці супадае з інтарэсам першай асобы краіны.