Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў без турмы і 3 — без наркотыкаў. Былы крымінальнік дапамагае сабе і іншым


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Нарказалежнасьць маюць многія з тых, хто сядзеў», — перакананы былы беларускі вязень Алекс, які даў інтэрвію Свабодзе. Ён сам пазбавіўся ад наркатычнай залежнасьці і дапамагае зрабіць гэта іншым.

Гэты спартовага выгляду мужчына, нібыта з рэклямы здаровага ладу жыцьця, паспрабаваў назаўсёды выйсьці з заганнага кола свайго крымінальнага мінулага. Ягоны лёс шмат у чым нагадвае лёс нядаўніх герояў «Свабоды ў турмах» — Зьмітра Вольнага ды Вадзіма. Дзяцінства прыпала на час пустых паліц у крамах. Бацькі, нармальныя, далёкія ад крыміналу людзі, былі занятыя тым, каб элемэнтарна карміць сямʼю. У гады юнацтва — «ліхія» 90-я захацелася лепшага жыцьця, чым тое, што маглі даць дома... У выніку ўсім траім давялося «матаць» прыблізна аднолькавыя тэрміны за кратамі, а потым сказаць самім сабе: трэба ставіць кропку.

Сёньняшні суразмоўца Свабоды цалкам падзяляе меркаваньне: у рэцыдывіста тая ж залежнасьць ад турмы, што і ў наркамана ад рэчыва. Тым больш калі гэта, як у яго выпадку, «два ў адным».

Доза як сучасная прыкмета беларускага рэцыдывіста

...Алексам — скарочана ад поўнага імя — яго пачалі зваць яшчэ зь юнацкіх часоў у школьным рок-бэндзе, у гонар ягонага улюбёнага тады амэрыканскага музыкі, Алекса Чылтана. Потым на зьмену прыйшлі іншыя куміры, аднак у блізкім сяброўскім коле, якое было вельмі вялікім, да яго так і працягвалі зьвяртацца — Алекс. З гадамі гэтае блізкае кола істотна звузілася, шмат ад якіх сяброўстваў давялося адмовіцца самому.

За плячыма Алекса 18 гадоў адседкі — «Валадарка», калёніі ў Воршы, Івацэвічах, Навасадах — і яшчэ большы тэрмін залежнасьці ад наркотыкаў.

Наркотыкі — гэта новая прыкмета беларускага рэцыдывіста, маладзейшага за 50

Без турмы Алекс жыве дзесяць гадоў, без наркотыкаў — толькі тры. Вяртаньне ў нармальнае жыцьцё даецца яму значна цяжэй, чым таму ж Вадзіму, які не ўжываў рэчываў ніколі, ды Зьмітру Вольнаму, які ні разу не паспытаў сучаснай атруты — сынтэтычных займеньнікаў канапель. Да таго ж, адрозна ад гэтых сваіх «калегаў», Алекс нікуды ня зьяжджаў зь Беларусі, і такім чынам мае нашмат болей спакусаў вярнуцца ў сваё старое асяродзьдзе.

«Наркотыкі — гэта новая прыкмета беларускага рэцыдывіста, маладзейшага за 50», — кажа наш суразмоўца. Як і шмат хто яшчэ, ён падсеў на рэчывы за кратамі. Гэта здарылася ў Воршы, на «дванаццатцы». Было тады Алексу 18 гадоў. Самымі моцнымі з тых атрутаў, якія яму давялося ўжываць, сталі розныя міксы — сынтэтычныя займеньнікі канапель. Спайсы ды солі былі ўжо пасьля апошняга вызваленьня...

«За кратамі набыць рэчыва цалкам рэальна»

Паводле словаў Алекса, ад тых, хто вызваліўся зусім нядаўна, яму давялося чуць, што і цяпер набыць наркотыкі ў месцах пазбаўленьня волі цалкам рэальна. Былі б толькі грошы. У ягоныя ж часы з гэтым увогуле не было ніякіх праблемаў. Яму прадавалі наркату і на «Валадарцы», і ва ўсіх калёніях, дзе давялося сядзець.

У канцы 1990-х — на пачатку 2000-х на зонах адкрыта гандлявалі гераінам. Дзесьці бліжэй да сярэдзіны нулявых гераін быў выцесьнены апрацаваным хіміяй макам. Яго афіцыйна не забаранялі прыкладна да пачатку 2010-х. Прадавалі на зоне, а тым больш на волі. Толькі ў Менску за дзень рэалізоўвалася больш за 10 тон маку.

Потым пайшлі спайсы ды іншыя міксы. Інгрэдыенты легальна набываліся ў аптэках. Як толькі афіцыйна забаранялі тое ці іншае рэчыва, «рэцэптура» адразу мянялася — у склад міксаў хуценька ўключаліся новыя дазволеныя прэпараты. Гады два таму прэзыдэнт прыняў указ, пачаліся масавыя пасадкі паводле арт. 328. Аднак наркаманаў менш ня стала, і гэты кантынгент усё маладзее.

Я ведаў, што як толькі выйду за турэмную браму, я ўжо ў машыне, на шляху дахаты, атрымаю тое, што мне трэба

«Падчас маіх адседак, — узгадвае Алекс сваё турэмнае мінулае, — наркаманаў за кратамі было менш, чым цяпер, але нямала. Ва ўсякім разе, хапала, каб знайсьці суразмоўцаў „на тэму“, трызьніць пра ўжываньне рэчыва і нават атрымліваць „прыход“ з адных толькі размоваў. Нават падчас вымушанай працяглай адмовы ад рэчыва турма зусім не пазбаўляла ад залежнасьці. Я ведаў, што як толькі выйду за турэмную браму, мяне абавязкова сустрэнуць сябры, і я ўжо ў машыне, на шляху дахаты, атрымаю тое, што мне трэба».

Алекс кажа, што спыніцца пастанавіў, падсеўшы на спайсы. Гэта стала апошняй ступеньню ягонай дэградацыі, калі ў нейкім падʼезьдзе, рассыпаўшы знойдзеную «закладку», ён поўзаў па падлозе і тросься, зьбіраючы рукамі тую сваю дозу.

Галоўнымі выратавальнікамі для яго сталі родныя ды блізкія. Найперш — мама. На шчасьце, сям'я за яго ўвесь час змагалася і не адмовілася ад яго...

Акрамя таго, быў і застаецца прыклад ягонага цяперашняга куміра, геніяльнага брытанскага музыкі Эрыка Клэптана, які больш за 20 гадоў ужываў самыя моцныя наркатычныя прэпараты, аднак празь лячэньне ды сілу волі ўжо больш як 30 год жыве бязь іх. Са спробы пазбыцца залежнасьці самастойна, толькі сілай волі, у Алекса нічога ня выйшла. Давялося прайсьці жорсткае лячэньне і ня менш жорсткую рэабілітацыю. Гэта было дорага, аднак бясплатнай альтэрнатывы няма.

Цяжкі шлях да выратаваньня

Сёньня ў Алекса свая сямʼя, нядаўна стаў татам. Жонка (лекар) прыняла яго такім, які ёсьць.

«Усе кажуць, што за апошнія гады, калі ўзяўся за сябе, я вельмі моцна зьмяніўся».

Алекс працуе ў адным з цэнтраў па аказаньні дапамогі такім людзям, якім зусім нядаўна быў ён сам. Завочна набывае ўнівэрсытэцкую адукацыю. На ўласным досьведзе пераканаўся, што той, хто прыняў цьвёрдае рашэньне адмовіцца ад наркаты, павінен стала кантактаваць са сваімі аднадумцамі, а ня з тымі, хто «сядзіць» на рэчывах. Бо сустракаючыся і размаўляючы з тымі, хто змагаецца за сваё жыцьцё, чалавек дапамагае і сабе, і іншым.

Мы ня ставім перад сабой некіх вялікіх мэтаў. Чарговы дзень без наркотыкаў — гэта маленькі штуршок наперад

«Гэта нешта падобнае на групы людзей, якія абʼядналіся ў барацьбе супраць раку або дыябэту. На Захадзе такая мадэль самапомачы вельмі папулярная. Сыстэмна хворыя людзі, сярод якіх і наркаманы, сустракаюцца, кантактуюць, абменьваюцца інфармацыяй, ладзяць імпрэзы, ходзяць у паходы. Ніхто ня ставіць перад сабой некіх вялікіх мэтаў. Чарговы дзень без наркотыкаў — гэта маленькі штуршок наперад. Сёньня, заўтра, пасьлязаўтра... Ані кроку назад».

Алекс прызнае за кожным права на выбар, але ўсё больш пераконваецца, што пры той сытуацыі з наркотыкамі, якая ўтварылася сёньня ў Беларусі, трэба ўводзіць прымусовае лячэньне ды рэабілітацыю.

«У нашай краіне такога няма, як няма сапраўднай антынаркатычнай прапаганды, — кажа Алекс. — Ёсьць прапаганда здаровага ладу жыцьця. Але барацьба з наркаманіяй на дзяржаўным узроўні выяўляецца ў жорсткіх карных захадах. Наркаманаў жа, як ні прыкра, менш не становіцца. Думаю, што калі б чалавеку далі права выбару — прайсьці рэабілітацыю або адправіцца ў турму, напэўна, мы б крыху пасунуліся ў гэтым напрамку. Бо наша вязьніца можа толькі падсадзіць чалавека на наркотыкі, але ніяк не вярнуць яго да нармальнага стану.

Наша вязьніца можа толькі падсадзіць чалавека на наркотыкі, але ніяк не вярнуць яго да нармальнага стану

Гэта ня швэдзкая турма. Там за наркотыкі садзяць шмат, але, як правіла, на нядоўгія тэрміны. Фішка ў тым, каб такія людзі ня трацілі сувязі з роднымі ды не ператвараліся ў асацыяльных асобаў. Цягам зьняволеньня наркаманы ўвесь час занятыя ўдзелам у розных рэабілітацыйных праграмах: „12 крокаў“, „Сувязі зь сямʼёй“, „Здароўе“. Тыя, хто ў лепшай фізычнай ды мэнтальнай форме, авалодваюць за кратамі рабочымі прафэсіямі або дыстанцыйна атрымліваюць унівэрсытэцкую адукацыю. У чалавека ёсьць шанец быць запатрабаваным.

Няцяжка сабе ўявіць, куды пры цяперашнім раскладзе пасьля дзесяці гадоў адседкі пойдуць зь беларускай турмы яшчэ даволі маладыя зэкі-наркаманы».

Алкаеў: «Ізалюючы наркаманаў, мы ратуем іншых людзей»

Палкоўнік унутранай службы Алег Алкаеў, які ад пачатку 1990-х да пачатку 2000-х працаваў на кіраўнічых пасадах у беларускай пэнітэнцыярнай сыстэме, кажа, што ведаў у сваім жыцьці толькі аднаго «былога» наркамана. Зь яго гледзішча, у 99% выпадкаў вылечыць гэта немагчыма. Адзінае, што магчыма – прыпыніць ужываньне. Пра эфэктыўнасьць швэдзкіх праграм Алкаеў ня ведае. Але можа казаць пра Нямеччыну, куды зьехаў ў 2001...

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

«Тут у Нямеччыне жывуць мае сваякі, — кажа спадар Алкаеў. — Адзін зь іх — параўнальна малады хлопец, які мае залежнасьць, пэрыядычна праходзіць лячэньне, рэабілітацыю. Тут з такімі няньчацца, нават нейкі курорт бясплатны для іх ёсьць. Але каб канкрэтна сваяк вылечыўся, нешта не заўважыў. Вось паўгода яго дома няма, а потым зьяўляецца. Нармальным бывае тыдні два, потым зноў сябры падазроныя зьяўляюцца. І праз два месяцы ён зноў зьнікае. Праграма ў такой прасунутай краіне, як Нямеччына, ёсьць, але эфэктыўнасьці няма, гэта я ведаю».

Алег Алкаеў кажа, што за доўгі час службы ў МУС яму даводзілася шмат сутыкацца з нарказалежнымі людзьмі. Калі працаваў у Казахстане — гэта было ў 1980-я, — ужо тады па турмах Сярэдняй Азіі наркотыкі добра «гулялі». У СССР з Аўганістану гашыш ды гераін ішлі тонамі. Калі спадар Алкаеў прыехаў на службу ў Менск, ён стаў ледзь не адзіным беларускім чыноўнікам, які ўвогуле бачыў тыя наркотыкі і ведаў пра іх згубнасьць.

«У Беларусі дзяржаўныя асобы ставіліся да „рэчыва“ як да самагонкі. Яны ніколі ня бачылі гераіну, ня ведалі, што такое опіюм... А гэта ўжо быў час, калі гэтыя цяжкія наркотыкі бесьперашкодна рухаліся на захад СНД.

РС: «Вашы былыя падапечныя, зэкі-рэцыдывісты з „Валадаркі“ ды Навасадаў, кажуць, што ў той час з наркатой не было праблемаў і за кратамі. Як і чаму „пралазіла“ атрута ў вашы ўстановы?»

Алкаеў: «Спосабаў — мора... І ніякіх на той час прыладаў ды адмысловай літаратуры наконт распазнаваньня наркотыкаў. Калі пра нешта даведваліся, то праз апэратыўную працу.

Напрыклад, недзе ў 1997 годзе, калі я быў начальнікам СІЗА, я зь перапіскі зразумеў, што прынясуць наркотыкі. Я прапаршчыку, які прымаў перадачы, кажу: вось гэтую перадачу, калі ласка, да мяне прынясіце. Яны ўсё агледзелі, каўбасу, сала парэзалі, мэталічныя прадметы шукалі. А я прапаршчыку паказваю на цюбік з зубной пастай. Паста як паста. Кажу: ускрывай, выціскай. І адтуль пасыпаўся парашок белы. Я ня ведаю, што гэта паводле складу. Можа, і гераін, а можа — какаін, іншага такога белага ня ведаю. Але што наркотык — гэта сто працэнтаў».

«Што вы думаеце, — працягвае спадар Алкаеў, — я, начальнік установы, цэлы дзень тэлефанаваў у ГУУС Менску, прасіў прыехаць супрацоўніка, каб ён атрымаў гэты матэрыял. Ніхто не прыехаў. Занятыя яны, а ты сам разьбірайся. Я чакаю: патрэбна экспэртыза, патрэбна крыніца, адкуль гэта ўзята. Гэта выходзіць па-за межы маёй кампэтэнцыі.

Я аддаў сваім апэратыўнікам, яны потым знайшлі нейкага опэра, перадалі гэты цюбік у крымінальны вышук. На гэтым усё і скончылася. Якія былі наступствы — паняцьця ня маю. Не былі гатовыя ні дзяржава, ні міліцыя. А я іх папярэджваў: пачакайце, гэта ўсё прыйдзе. Прыйшло».

Сёньня, паводле спадара Алкаева, у тых жа Расеі, Украіне, Беларусі супрацоўнікі праваахоўных органаў самі зь цягам часу пачынаюць «крышаваць». Таму што ўзнагароджаньне ад злачыннага асяродзьдзя значна вышэйшае, чым міліцэйскія прэміі ды заробак. Чалавек слабы, ідзе на гэтыя кантакты.

Ім трэба публічнасьць, яны ня хочуць проста тупа калоцца

Былы начальнік «Валадаркі» перакананы, што сёньня нічога лепшага, акрамя ізаляцыі наркаманаў, не прыдумана. Калі сядзіць недзе сто чалавек, гэта азначае, што тысяча дзьвесьце новых хлопцаў не далучацца да іх за гэты час. Бо, паводле міліцэйскай статыстыкі, адзін наркаман уцягвае ў сваё асяродзьдзе недзе чалавек дванаццаць. Дзеля чаго? Каб потым самому атрымаць дозу. Наркаман звычайна — злодзей-кішэньнік. Аднак фізычна ўжо красьці ня можа. Рукі трасуцца, зьнешні выгляд пужае іншых за кілямэтар. Вось ён і зьбірае дванаццаць-пятнаццаць чалавек. Пераважна з забясьпечаных семʼяў. Бо такія ў яго купляюць наркотыкі, і застаецца доза для яго самога. Збытчыкі наркотыкаў сытуацыю добра ведаюць. Яны барыгу на іглу спэцыяльна саджаюць, каб ён потым кліентаў шукаў.

Алег Алкаеў, паводле ягоных словаў, ня раз гутарыў з наркаманамі. Пытаўся: вось калі б дзяржава выдзеліла ім востраў, і туды б ім вагонамі гэты гераін, морфій, іншую атруту прывозілі б — каліцеся, маўляў, колькі хочаце? «Не, мы так ня хочам, — адказвалі яму наркаманы. — Мы хочам у грамадзтве жыць».

Укалоўшыся ці нанюхаўшыся, яны самі сабе і музыкі, і паэты, і касманаўты, прэзэнтабэльныя людзі, ім трэба публічнасьць, яны ня хочуць проста тупа калоцца. Пра сабе яны самі, аднак, вельмі справядліва кажуць: адзін раз укалоўся — паўнаркамана, два разы — наркаман. Гэта ня пʼяніца: таго замкнеш на тры дні, пахмельны сындром скончыўся — і ён нармальны чалавек. Не, гэта значна больш сурʼёзна«.

РС: « Але самі былыя асуджаныя з наркаманаў, якія, будзем спадзявацца, сталі на правільны шлях, іх сваякі, праваабаронцы сёньня кажуць, што такія працяглыя турэмныя тэрміны паводле арт. 328 — за мяжой усялякага сэнсу. Яны толькі ўмацоўваюць залежнасьць...»

Алкаеў: «Я не на іхнім баку. Вось задайце пытаньне тым, хто крычыць: „Ой, навошта нявіннага чалавека так надоўга?!“ Спытайцеся: якім яны бачаць рашэньне гэтай праблемы? Возьмуць да сябе дахаты гэтага наркамана і будуць яго ўтрымліваць, даглядаць, лячыць? Ніхто ж нічога такога не прапануе... Толькі кажуць: ён адзін раз папаўся, і яго пасадзілі. А ён ужо з двух разоў наркаманам становіцца. І потым будзе іншых прыцягваць. А падлеткі будуць дзеля цікавасьці гэта рабіць, як маё пакаленьне ў свой час курыць пачынала. І гэтая спроба вельмі небясьпечна заканчваецца. Я пакуль бачу, што, ізалюючы іх, мы ратуем іншых людзей. А яшчэ гэтаму наркаману ў турме жыцьцё падаўжаем. У гэтым многія зь іх прызнаюцца. Зразумела, рэальна і з наркадылерамі, з пастаўшчыкамі змагацца трэба. Гэта вельмі складана, але працаваць трэба».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG