Ці азначае адмена патрабаваньня рэгістраваць пашпартныя дадзеныя пры купляньні валюты далейшую лібэралізацыю валютнага рынку ў Беларусі? Чаму расьце доля праблемных актываў у беларускай банкаўскай сфэры? Ці можа гэта прывесьці да банкруцтва некаторых банкаў і ці будзе дзяржава ім дапамагаць?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Зьміцер Крук. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: У Беларусі адмяняецца патрабаваньне да банкаў рэгістраваць пашпартныя зьвесткі фізычных асобаў, якія набываюць замежную валюту. Адпаведны ўказ кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў 29 траўня. Нацбанк павінен цягам трох месяцаў прывесьці заканадаўчыя акты ў адпаведнасьць з гэтым дакумэнтам і зрабіць іншыя захады дзеля яго рэалізацыі. Гэта азначае пэўную лібэралізацыю валютнага рэжыму і спрашчэньне парадку правядзеньня валютна-абменных апэрацый. Цяпер падатковая ўжо ня будзе пытацца ў людзей, на якія грошы яны куплялі валюту. Якое значэньне мае гэтае рашэньне?
Крук: Я б не надаваў вялікага значэньня гэтаму кроку. Гэта хутчэй тэхнічны крок Нацбанку. Ён зьвязаны з тым, што істотна зьмянілася сытуацыя на валютным рынку. Калі прымалі такое рашэньне пра рэгістрацыю пашпартных дадзеных, гэта было паклікана зьбіць попыт з боку насельніцтва. Але ўжо другі год гэта зусім не актуальна. Зь мінулага году насельніцтва выступае чыстым прадаўцом на валютным рынку і галоўным донарам рэсурсаў. Абмяжоўваць попыт, якога няма — няма і сэнсу. Таму — чаму б не пайсьці на аслабленьне тых абмежаваньняў, якія ніякай карысьці не нясуць?
Цыганкоў: Калі ўводзілася гэтая практыка, то тлумачылі, што гэта будзе змаганьне і зь непрацоўнымі даходамі. Нават былі паведамленьні ў прэсе пра затрыманьні людзей, якія масава скуплялі валюту. Ці можна сказаць. што Нацбанк пераадолеў супраціў МУС і падатковага ведамства, ці гэтыя ведамствы ўжо не пярэчылі адмене гэтай нормы?
Жаліба: Я думаю, другое. Гэтая форма кантролю за купляньнем валюты, уведзеная падчас нестабільнасьці валютнага рынку, сваю ролю адыграла. Цяпер сытуацыя іншая, рынак стабілізаваўся, бо насельніцтва «зьлівае» валюту. За кошт гэтага чыстага продажу і трымаецца курс. Пытаньне ў тым, як доўга насельніцтва за кошт сваіх ашчаджэньняў будзе падтрымліваць гэты курс. У любым выпадку гэты крок Нацбанку трэба ацэньваць як пазытыўны.
Цыганкоў: У гэтым годзе доля праблемных актываў у беларускіх банкаў зноў вырасла і дасягнула на 1 траўня 14,2%. Улада ўсурʼёз успрымае гэтую праблему, і гэтае пытаньне будзе разглядацца на міжведамаснай камісіі па бясьпецы ў эканамічнай сфэры, якая дзейнічае пры адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі і зьбіраецца штоквартальна. Ці будзе павялічвацца лічба гэтых праблемных актываў? Як можна спыніць гэтую тэндэнцыю?
Крук: Па-першае, трэба патлумачыць, чаму гэты рост адбываецца. Ня банкі ў ім вінаватыя. Гэта адлюстраваньне сыстэмнай праблемы недахопу канкурэнтаздольнасьці і прадукцыйнасьці ў рэальным сэктары эканомікі. Перадумоў для росту не хапае, і гэта праяўляецца ў тэндэнцыі росту праблемных актываў.
Што будзе далей? Праблема пакуль нікуды не зьнікае, толькі паглыбляецца, таму і праблема кепскіх актываў ня зьнікне сама сабой. Але яе можна паспрабаваць зьменшыць, і гэта цяпер спрабуе зрабіць урад. Са жніўня мінулага году гэтыя кепскія актывы часам перакідваюцца на балянс мясцовых органаў улады. Такім чынам частка праблемы прыхоўваецца ці пераводзіцца ў праблему дзяржаўнага доўгу. Таму фармальна існуе магчымасьць зьнізіць рост праблемных актываў. У мяне выклікае найбольшую занепакоенасьць, што імкненьне замаскаваць гэтыя кепскія актывы выльецца ў рост дзяржаўнага доўгу.
Цыганкоў: Лёгіка ва ўладаў такая: дзяржаўны доўг — гэта перанос праблемы на гады наперад, на будучыя пакаленьні. Затое мы вырашаем пытаньне праблемных актываў банкаў ужо цяпер.
Крук: Калі падыходзіць з такой лёгікай, што трэба глядзець толькі на некалькі месяцаў наперад — тады так. Але тут некалькі важных акалічнасьцяў. Першае — значная частка гэтых праблемных актываў былі згенэраваныя ў замежнай валюце. І дзяржаўны доўг павялічваецца менавіта ў замежнай валюце. Таму гэта не праблема далёкай будучыні, выплата гэтага доўгу — пэрспэктывы бліжэйшых гадоў.
Па-другое, у нас штучным чынам утвараецца повязь праблемы банкаў і дзяржаўнага доўгу. Усе павязаныя адным ланцугом. І калі ўзьнікне пытаньне выкананьня дзяржавай сваіх абавязкаў, то гэта аўтаматычна азначае стрэс для банкаўскага сэктару.
Цыганкоў: У інтэрвію БелаПАН Вольга Ігнацьева, старшы дырэктар маскоўскага офісу міжнароднага агенцтва Fitch Ratings, якое рэйтынгуе банкі, заявіла: «Мы чакаем, што якасьць актываў працягне пагаршацца, паколькі апэрацыйнае асяродзьдзе застаецца складаным, а для аднаўленьня абʼёмаў і даходаў бізнэсу спатрэбіцца час, пры тым што пазыковая нагрузка прадпрыемстваў застаецца высокай».
Жаліба: Міжнародная норма для такіх праблемных крэдытаў — ня больш за 5 працэнтаў. Я думаю, меркаваньне Ігнацьевай мае пад сабой усе падставы. Больш за тое, беларуская лічба ня ўлічвае так званыя «схаваныя» пазыкі, бо некаторыя банкі імкнуцца зьменшыць гэты працэнт за кошт адтэрміноўваньня розных крэдытаў. То бок штучна хаваюць гэтыя праблемныя крэдыты. Ёсьць меркаваньне экспэртаў, што гэтую лічбу 14,2% фактычна можна падвоіць.
Але ж даўгі нікуды не падзеліся, проста ўрад іх расьпіхвае па розных кішэнях
Урад нешта робіць, стварылі агенцтва па кіраваньні актывамі, пералічваюць кепскія актывы туды, частку зь іх узяў на сябе Банк разьвіцьця. Але ж гэтыя праблемныя крэдыты нікуды не падзеліся. Ідзе проста пераразьмеркаваньне крэдытных рызыкаў. Выканкамы выпускаюць аблігацыі, і іх скупляюць камэрцыйныя банкі. Але ж даўгі нікуды не падзеліся, проста ўрад іх расьпіхвае па розных кішэнях. Прадпрыемствы становяцца даўжнікамі выканкамаў, а мясцовыя ўлады — даўжнікамі банкаў. Такая палітыка пераразьмеркаваньня рызыкаў у канчатковым выніку ідзе за кошт бюджэту. Нас з вамі.
Цыганкоў: Калі справы будуць пагаршацца, ці можа ўлада пайсьці на дазвол банкруцтва нейкіх банкаў? Ці іх будуць ратаваць усімі спосабамі?
Жаліба: Я лічу, можа пайсьці на банкруцтва, нам ужо вядомыя такія прыклады — банк «Дэльта». А што рабіць, нельга ж бясконца даўгі хаваць. Корань зла — у рэальным сэктары, дзе прадпрыемствы працуюць неэфэктыўна, дзе чвэрць прадпрыемстваў стратныя. Трэба праводзіць рэформы, на якія наша ўлада ніяк не ідзе.
Крук: У сярэднетэрміновай пэрспэктыве банкруцтва банкаў магчымае. Калі пачне пагаршацца стан дзяржаўнага доўгу, то ўзьнікнуць умовы для стрэсаў у банкаўскім сэктары. Але ж, на мой погляд, больш правільна ставіць пытаньне — ці дапусьціць дзяржава не банкруцтва банкаў, а банкруцтва прадпрыемстваў, якія генэруюць гэтыя кепскія пазыкі і праблемныя актывы. Трэба казаць пра гэтыя прадпрыемствы-зомбі, якія працягваюць прадукаваць страты.