Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкаўскі крызіс як этап эканамічнага


Наколькі сур’ёзныя праблемы ў беларускай банкаўскай сыстэмы?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Цыганкоў: У гэтым годзе доля праблемных актываў у беларускіх банкаў зноў вырасла і дасягнула на 1 траўня 14,2%. Самым відавочным доказам таго, наколькі ўлада ўсур’ёз успрымае гэтую праблему, стане разгляд гэтага пытаньня на міжведамаснай камісіі па бясьпецы ў эканамічнай сфэры, якая дзейнічае пры адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, і якая штоквартальна зьбіраецца.

У чэрвені 2017 году гэтая камісія разгледзіць пытаньне аб праблемных актывах у банкаўскай сыстэме краіны. У інтэрвію БелаПАН Вольга Ігнацьева, старэйшы дырэктар маскоўскага офісу міжнароднага агенцтва Fitch Ratings, якое рэйтынгуе банкі, заяўляе, што ўвага з боку ўладаў да гэтага пытаньня абумоўленая дамінаваньнем дзяржаўнага сэктару ў эканоміцы Беларусі. У тым ліку з улікам значнага аб’ёму крэдыту ў гэтым сэктары.

«Мы чакаем, што якасьць актываў працягне пагаршацца, — заяўляе яна, — паколькі апэрацыйнае асяродзьдзе застаецца складаным, а для аднаўленьня аб’ёмаў і даходаў бізнэсу спатрэбіцца час, у той час як пазыковая нагрузка прадпрыемстваў застаецца высокай». Такім чынам гэтая доля працягне пагаршацца, а ёсьць ацэнкі, што нармальнай, бясьпечнай мяжой зьяўляецца рыса ў 5%.

Беларускія банкі спрабуюць, ня будзем казаць махляваць, але вельмі далікатна ставіцца да гэтай статыстыкі.

Нацбанк Беларусі нядаўна канстатаваў высокі ўзровень крэдытнай рызыкі ў большасьці беларускіх банкаў і гэта патлумачыў шырокім ужываньнем практыкі штучнага паляпшэньня банкамі якасьці сваіх крэдытных партфэляў. Яшчэ трэба ўлічваць, што беларускія банкі спрабуюць, ня будзем казаць махляваць, але вельмі далікатна ставіцца да гэтай статыстыкі, то бок мяняць тэрміны пагашэньня асноўнага доўгу, каб зьменшыць гэты адсотак. То бок на самай справе ў рэальнасьці, як сьцьвярджаюць некаторыя эканамісты, гэты працэнт можа выглядаць яшчэ большым за 14,2%.

Прычынай такога стану банкаўскай сфэры зьяўляецца якраз агульная эканамічная сытуацыя ў Беларусі. Менавіта падзеньне ВУП, падзеньне вытворчасьці, якое назіраецца ўжо 3 гады, і слабы фінансавы стан тых самых пазычальнікаў, а гэта перш за ўсё прадпрыемстваў, а не самы кошт гэтых крэдытных рэсурсаў.

Насельніцтва не складае значную частку ў гэтых праблемных крэдытах.

Банкам даецца больш свабоды. Нядаўна мы якраз абмяркоўвалі, што цяпер людзі могуць браць крэдыты ў банкаў без даведкі аб заробку, гэта такая маленькая лібэралізацыя, каб дазволіць банкам апэраваць больш свабодна. Але ў дадзеным выпадку насельніцтва не складае значную частку ў гэтых праблемных крэдытах. Гэта беларускія прадпрыемствы, і перш за ўсё дзяржаўныя. Тут нават у якасьці закладу дзяржаўныя прадпрыемствы свае асноўныя фонды закладаюць у беларускіх банках. І вось ў тым інтэрвію спадарыня Ігнацьева паведаміла, што ў некаторых краінах гэта ўвогуле забаронена законам. А выкарыстаньне дзяржаўнай маёмасьці ў якасьці закладу ў Беларусі носіць чыста фармальны характар, бо наўрад ці камусьці ўдасца гэтую маёмасьць потым неяк рэалізаваць у якасьці задатку.

Гэтыя даўгі прадпрыемстваў, якія не плацяць па банкаўскіх крэдытах, канвэртуюцца ў дзяржаўны доўг, і такім чынам ён павялічваецца за кошт праблемаў беларускіх прадпрыемстваў. Вось мы маем справу з тым эфэктам, які добра вядомы падчас многіх крызысаў, калі крызыс вытворчасьці праз пэўны лаг, 1-2 гады, адбіваецца на банкаўскай сфэры. Эканамісты пра гэта кажуць. І магчыма Беларусь зараз уступае ў гэтую стадыю, калі памяншэньне ВУП, у лепшым выпадку стагнацыя, якая чакае нас сёлета, адбіваецца на сытуацыі ў банкаўскай сфэры. Варта будзе дачакацца, што тут прапануе беларуская ўлада ў чэрвені, якія шляхі магчымыя, каб гэты банкаўскі крызыс не разросься і не перарос у паўнавартасны.

Карбалевіч: Зьвярнуў бы ўвагу вось на што. Доля праблемных актываў — 14,2% не адпавядае рэчаіснасьці. Насамрэч, яна большая. Лічыцца, што бясьпечная мяжа для банкаўскай сыстэмы — гэта 15-20%. Дык вось, гледзячы па ўсім, гэтую мяжу беларуская банкаўская сыстэма ўжо перакрочыла.

Мінулым годам доля праблемных актываў увесь год расла, потым раптам напрыканцы году яна стала скарачацца.

Справа ў тым, што мінулым годам доля праблемных актываў увесь год расла, потым раптам напрыканцы году яна стала скарачацца. Высьветлілася, што гэтае скарачэньне зьявілася не таму, што даўжнікі сталі вяртаць пазыкі, а ў выніку таго, што банкі перадалі праблемныя крэдыты ў Банк разьвіцьця, міністэрству фінансаў і створанаму для гэтай мэты Агенцтву па кіраваньня актывамі. То бок, яны не выкупілі гэтыя даўгі, а проста іх перадалі. Гэта проста статыстычныя хітрыкі.

Даўгі банкам ніхто не вярнуў, але у справаздачах іх перасталі паказваць. Апэрацыя па перадачы праблемных актываў у іншыя структуры была афіцыйная. Але банкі яшчэ і неафіцыйна хавалі сапраўдную карціну. Вось Нацбанк пасьля праверкі нядаўна канстатаваў шырокае ўжываньне «практыкі штучнага паляпшэньня банкамі якасьці крэдытных партфэляў шляхам сыстэматычнай зьмены прамежкавых тэрмінаў пагашэньня асноўнага доўгу і прадастаўленьня працяглых адтэрміновак па выплаце працэнтаў». То бок, якая насамрэч доля праблемных актываў банкаў, ніхто не ведае. Але тое, што яна перавышае афіцыйна дэкляраваную долю — гэта відавочна.

Такая доля праблемных актываў даўно выклікала б крызыс банкаўскай сыстэмы ва ўмовах рынкавай эканомікі. Але ў Беларусі нярынкавая эканоміка. Тут дамінуюць дзяржаўныя банкі. І ў любы момант дзяржава можа прыйсьці на дапамогу, выдаткаваць зь бюджэту грошы, каб выратаваць банкі. Таму тая мяжа ў 15-20% праблемных актываў, пасьля якой наступае крызыс, у Беларусі не дзейнічае. Тут свае правілы і законы.

Дракахруст: Асаблівасьць беларускай эканамічнай, банкаўскай сыстэмы — што яна робіць крызыс больш вязкім, больш працяглым. Вы, Віталь, казалі пра двухтактны мэханізм — спачатку ідзе крызыс прамысловасьці, рэальнай эканомікі, а потым з-за даўгоў прамысловасьці адбываецца крызыс банкаўскай сыстэмы.

Мы сапраўды ў 2008-2010 гадах бачылі, як гэта адбывалася ў самых розных краінах — у Баўгарыі, у Літве, у Грэцыі. Менавіта так ён і працуе ў любой эканамічнай сыстэме, і ў больш рынкавай, як у названых мной краінах, і ў Беларусі.

Але ў Беларусі ён мае свае асаблівасьці. Адна з іх, тое што дзяржаўная форма ўласнасьці складае значнаю частку эканомікі, 70%, што спараджае так званыя мяккія бюджэтныя абмежаваньні. Гэта значыць, што немагчыма збанкрутаваць дзяржаўнае прадпрыемства ці гэта прынамсі вельмі складана. Часам дзяржава прысутнічае ў капіталах тых жа банкаў.

Патэлефануюць з ураду, скажуць, што трэба некага пракрэдытаваць, і банк выканае.

І атрымліваецца так, што фактычна доўг перакладаецца з адной дзяржаўнай кішэні ў іншую. Бо і там і там дзяржаўная ўласнасьць, і ўзяць за горла даўжніка ў такой сыстэме не надта атрымліваецца. Таму што патэлефануюць з ураду, скажуць, што трэба некага пракрэдытаваць, і банк выканае. І таму дзейнасьць гэтага мэханізму не настолькі хуткая, як у іншых, больш рынкавых краінах.

І зь іншага боку, дадаецца яшчэ адзін такт, «паверх» гэтага мэханізму, пра што казалі вы, Валер — фактычна прамая дзяржаўная ўласнасьць, як той жа Банк разьвіцьця, калі банкі свае ж кепскія крэдыты скідаюць наўпрост на дзяржаву. А гэта што азначае? Ніякіх жа насамрэч «засекаў радзімы» не існуе — даўгі раскладаюцца на плечы ўсіх падаткаплатнікаў.

Варта сказаць, што ў вострых сытуацыях прыкладна так яно і адбываецца і ў разьвітых краінах. У 2008-2009 годзе колькі грошай давала амэрыканская дзяржава на ўратаваньне як банкаў, так і прамысловасьці. Так што ў дадзеным выпадку сказаць, што тут у Беларусі нешта асаблівае, нельга. Іншая справа, што ў Беларусі гэта не настолькі ўнікальны спосаб дзеяньня. У ЗША гэта робіцца ў выключных выпадках, у Беларусі гэты трохтактны мэханізм працуе значна часьцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG