«Гэта проста дэманстратыўнае хамства», — кажа мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. Дом Абрампольскага ў Менску адзначылі новай памятнай шыльдай. Яна нагадвае, што ў 1922 годзе там знаходзіўся «Аддзел аховы рэвалюцыйнай законнасьці».
Даходны дом у стылі мадэрн
Будынак на плошчы Незалежнасьці ў Менску па адрасе вуліца Савецкая 17 сярод краязнаўцаў і гісторыкаў вядомы як «дом Абрампольскага». На ім адразу некалькі памятных шыльдаў. Адна сьведчыць, што тут жыў наркам земляробства БССР Адам Славінскі. Другая кажа, што ў апошнюю вайну тут была кансьпіратыўная кватэра падпольшчыкаў.
23 жніўня на доме Абрампольскага зьявілася яшчэ адна памятная шыльда. На ёй напісана, што тут у 1922 годзе знаходзіўся Аддзел аховы рэвалюцыйнай законнасьці народнага камісарыяту юстыцыі БССР — першая дзяржаўная ўстанова Беларусі, якая ажыцьцяўляла пракурорскі нагляд.
«Там Магдалена Радзівіл сем гадоў жыла, займала ўвесь першы паверх. Мэцэнатка, фінансавала беларускія арганізацыі. А яны, замест таго каб зь яе партрэтам павесіць дошку, вешаюць пра ОГПУ», — камэнтуе навіну менскі краязнаўца Сяргей Харэўскі.
Магдалена Радзівіл фінансава дапамагала выдаваць першыя кнігі Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага. Яна сябе беларускай лічыла. Падкрэсьлівала гэта заўсёды. Размаўляла па-беларуску, школы беларускія адкрывала.
Дом Абрампольскага быў пабудаваны ў 1912 годзе на сродкі кіраўніка аднаго зь менскіх банкаў Эмануіла Абрампольскага. Аўтарам праекту стаў малады беларускі архітэктар Станіслаў Гайдукевіч, які толькі скончыў Пецярбурскую акадэмію мастацтваў. Праект быў характэрны для свайго часу, будынкі ў стылі мадэрн былі вельмі папулярныя ў тагачасных эўрапейскіх сталіцах. Замоўца задумваў будынак ня толькі як жытло для сябе самога. Гэта быў так званы «даходны дом» — частку кватэр у ім банкір Абрампольскі зьбіраўся здаваць у арэнду. Адной зь першых арандатарак стала Магдалена Радзівіл. Княгіня займала сем пакояў на першым паверсе, а на другім жыў сам Эмануіл Абрампольскі разам зь сям’ёй.
«Магдалена Радзівіл фінансава дапамагала выдаваць першыя кнігі Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, іншых паэтаў і пісьменьнікаў. Беларускім каталікам дапамагала, дабрачыннасьцю займалася, — кажа Сяргей Харэўскі. — Яна сябе беларускай лічыла. Падкрэсьлівала гэта заўсёды. Размаўляла па-беларуску, школы беларускія адкрывала».
На думку краязнаўцы, ігнараваньне гэтага з адначасовым нагадваньнем пра савецкія органы пракуратуры выглядае як зьдзек. «Гэта проста дэманстратыўнае хамства», — кажа Харэўскі.
Першы дом Саветаў
У рукі новай улады дом Абрампольскага трапіў ужо ў 1917 годзе. Амаль адразу за будынкам замацавалася неафіцыйная назва «Першы дом Саветаў». Тут жылі кіраўнікі тагачаснай БССР, прадстаўнікі вышэйшага партыйнага, гаспадарчага і дзяржаўнага кіраўніцтва. А з пачатку 20-х гадоў дом паступова перайшоў да «чэкістаў» — супрацоўнікаў ОГПУ, папярэдніка НКВД.
«Гэта ўсё тыя людзі, якія прымалі „расстрэльныя“ рашэньні. На іх кроў расстраляных у першыя гады савецкай улады, а таксама лёсы тых, каго адпраўлялі ў Сыбір. Усе рашэньні — на сумленьні гэтых людзей», — кажа Харэўскі.
Менавіта ў доме Абрампольскага на пачатку чэрвеня 1924 году быў арыштаваны Барыс Савінкаў — вядомы сацыяліст-рэвалюцыянэр, тэрарыст і пісьменьнік, якога бальшавікі падманам заманілі зь Лёндана ў Менск, спадзеючыся выкарыстаць у сваіх мэтах.
«Арыштавалі яго проста ў кватэры палюбоўніцы Любові Дзікгаф. Там і муж яе быў тады. За сьценкай у чэкістаў. Усіх траіх арыштавалі», — кажа Сяргей Харэўскі.
Пасьля арышту Савінкава судзілі за тое, што «ішоў супраць народу са зброяй у руках», Вярхоўны суд СССР прыгаварыў яго да расстрэлу, аднак пазьней прысуд замянілі на 10 гадоў турмы. Трымалі яго на Лубянцы, адкуль Барыс Савінкаў пісаў лісты ў Эўропу кіраўнікам белага руху, прасіў іх спыніць супрацьстаяньне з савецкай уладай. 7 траўня 1925 году Савінкаў скончыў жыцьцё самагубствам, выкінуўшыся з вакна пятага паверху будынку Ўсерасейскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) на Лубянцы.
«Верх цынізму»
Акурат пасьля таго, як у Доме Абрампольскага разьмясьцілі першую ў БССР пракурорскую ўстанову, у краіне пачалася першая хваля рэпрэсій. Па клясыфікацыі гісторыка Ўладзімера Адамушкі, прыведзенай у кнізе «Палітычныя рэпрэсіі 20–50-х гадоў у Беларусі», яна працягвалася з 1923 да 1928 году. У тагачаснай Беларусі, якая на 1923 год была па тэрыторыі меншая за сучасную ў чатыры разы, а на 1928 — амаль удвая, арыштавалі прыкладна столькі ж людзей, колькі і па ўсёй Расеі. Згодна з падлікамі гісторыкаў, маштабы рэпрэсій у Беларусі ў першай палове 20-х гадоў значна перавышалі тыя, якія адбываліся на іншых тэрыторыях СССР. У сярэднім жыхар Беларусі меў у 20 разоў больш шанцаў быць рэпрэсаваным, чым жыхар РСФСР.
Іронія лёсу ў тым, што супрацоўнікі ОГПУ адсюль прыгаворвалі тых, каму дапамагала Магдалена Радзівіл. У тых самых пакоях і памяшканьнях усё адбывалася.
Першымі пракурорамі БССР, якія ня толькі працавалі ў доме Абрампольскага, але і жылі там, былі Адольф Гентнер (займаў пасаду з 1925 па 1928 гады), Маісей Сегаль (1925–1928), Максім Ляўкоў (1929–1931). Усе яны пазьней таксама сталі ахвярамі рэпрэсій. У сярэдзіне 30-х гадоў пракурорскія работнікі зьехалі з дома Абрампольскага. А пасьля вайны будынак аддалі прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі і навукоўцам.
«Усё тут адбывалася. Тут яны прымалі рашэньні, каго расстраляць, каго ў Сыбір паслаць. Іронія лёсу ў тым, што супрацоўнікі ОГПУ адсюль прыгаворвалі тых, каму дапамагала Магдалена Радзівіл. У тых самых пакоях і памяшканьнях усё адбывалася», — кажа Сяргей Харэўскі.
Дасьледчык палітычных рэпрэсій у Беларусі, гісторык Ігар Кузьняцоў называе новую шыльду на доме Абрампольскага верхам цынізму. «Усе падзеі трэба адлюстроўваць шматбакова. Калі яны разьмяшчаюць шыльду аб першай пракуратуры ў 1922 годзе, хай тады там жа павесяць яшчэ адну — аб тых рашэньнях, якія там прымаліся. Аб рэпрэсіях хай павесяць шыльду. Чаму яе няма?» — кажа Кузьняцоў.
На думку гісторыка, беларуская дзяржава дагэтуль у поўным аб’ёме не прызнала палітычныя рэпрэсіі, якія адбываліся ў краіне пасьля ўсталяваньня савецкай улады. Кузьняцоў кажа, што сучасныя праваахоўныя органы любяць згадваць, што пачынаюць сваю гісторыю з 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Але вельмі ня любяць успамінаць, чым тады праваахоўныя органы займаліся. «Гэта ўсё падвойная мараль. Яна ў мяне толькі эмоцыі выклікае», — кажа гісторык Ігар Кузьняцоў.