Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля публікацыі Свабоды Міністэрства культуры паабяцала ўратаваць моладаўскую цэркаўку


Узьнясенская царква ў Моладаве
Узьнясенская царква ў Моладаве

Пасьля публікацыі Свабоды «Хто ўратуе цэркаўку? Як Агінскі, Война, Орда, Хадыка, Сакалоў і Лукашэнка адзначыліся ў лёсе закінутай царквы ў Моладаве» Міністэрства культуры Беларусі паабяцала паўплываць на мясцовыя ўлады.

Узьнясенская драўляная царква ў вёсцы Моладава, што ў Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці, значыцца ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Але цяпер помнік архітэктуры XVI стагодзьдзя ў гаротным стане. Грошай на рамонт і рэстаўрацыю няма.

Начальнік аддзелу аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Натальля Хвір у інтэрвію Свабодзе кажа:

«Зразумела, што мы занепакоеныя. Царква даволі старая, і бязьдзеяньне мясцовых уладаў — гэта таксама адна з нашых заклапочанасьцяў. Праблема ёсьць, і мы заклапочаныя ёй ня менш, чым вы. Пасьля таго як я ўчора прачытала ў інтэрнэце артыкул, я падрыхтую сёньня ліст у райвыканкам, каб яны прынялі меры да гэтага абʼекту. Бо гаварыць, што няма грошай, — гэта не адказ. Нават невялікімі сродкамі можна правесьці кансэрвацыю абʼекта. Накіруем ліст за подпісам намесьніка міністра культуры, і няхай прымаюць меры. На тэрыторыі Янаўскага раёну ня так шмат абʼектаў. Трэба працаваць на пэрспэктыву. Калі самі не ўпраўляюцца, можа, перадаць чалавеку, які зробіць там музэй».

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, культуроляг Антон Астаповіч абураецца, што на будоўлю новага храму ў Моладаве грошы знайшліся, а на рэканструкцыю ці хаця б кансэрвацыю помніка архітэктуры — не.

«Назавем рэчы сваімі імёнамі.У нас сытуацыя з гісторыка-культурнай спадчынай катастрафічная. Таму што ня маюць грошай ні непасрэдна ўласьнікі, уладальнікі, ні дзяржаўныя органы. Увогуле, культура фінансуецца па рэшткавым прынцыпе.

Але ў выпадку з моладаўскай царквой паўстае пытаньне: чаму замест рэканструкцыі, рэстаўрацыі помніка будуюць новую царкву? На новую царкву грошы знайшліся, а на рэканструкцыю помніка грошай не знайшлося».

UNESCO дапаможа?

Начальнік аддзелу па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Натальля Хвір пацьвердзіла, што ў плянах Мінкульту — каб палескае драўлянае дойлідзтва было ўключана ў сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны UNESCO:

«У нас распрацаваны плян падрыхтоўкі намінацый з удзелам мясцовых органаў улады. Падрыхтоўка такой намінацыі, як „драўлянае дойлідзтва“, таксама ў нас заплянаваная. Не асобна моладаўская Ўзьнясенская царква, і ня толькі драўляныя помнікі Берасьцейшчыны, а таксама абʼекты і Гомельскай вобласьці. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь шмат такіх храмаў».

Паводле плянаў Міністэрства культуры, дасье па культавым палескім драўляным дойлідзтве будзе падрыхтавана не раней за 2019–2020 гады.

Цяпер для ўключэньня ў Сьпіс усясьветнай культурнай і прыроднай спадчыны рыхтуюцца дасье «Матэрыяльнае ўвасабленьне духоўнай спадчыны сьвятой Эўфрасіньні Полацкай на прыкладзе Спаса-Праабражэнскай царквы ў г. Полацку Віцебскай вобласьці» і «Аўгустоўскі канал — твор чалавека і прыроды на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча». У 2017–2018 гадах убачыць сьвет дасье па намінацыі «Калоская (Барысаглебская) царква ў г. Горадні як прыклад гарадзенскай архітэктурнай школы», у 2018–2019 гадах — «Культавыя пабудовы абарончага тыпу ў Сынковічах (Зэльвенскі раён), Мураванцы (Шчучынскі раён), Камаях (Пастаўскі раён)». І толькі потым — «Культавае драўлянае дойлідзтва XVI–XIX стагодзьдзяў».

«Драўляная архітэктура можа стаяць тысячу гадоў»

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі перакананы: стаўленьне да драўлянай спадчыны прадвызначаецца пэўнай ступеньню цывілізаванасьці і цывілізацыйнага разьвіцьця. І прывёў у прыклад Нарвэгію:

«Некаторыя нарвэскія цэрквы, так званыя „стаўкіркі“, унесеныя ў сьпіс UNESCO, захаваліся з ХІІІ стагодзьдзя, яны цалкам ацалелі. І, адпаведна, інтэрʼеры там ХІV—ХV стагодзьдзяў. Але рупіцца пра іх нарвэжцы пачалі яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. Фундатары, бізнэсоўцы зразумелі вартасьць, унікальнасьць гэтай спадчыны і ашчадна пачалі працу па іх зьберажэньні, рэстаўрацыі яшчэ 200 гадоў таму. У тым ліку і з мэтай захаваць некаторыя ўнікальныя тэхналёгіі. Гэты прыклад сьведчыць, што драўляная архітэктура можа стаяць тысячу гадоў — пры ўмове, калі нехта рупіцца пра гэта.

У нас гэтага разуменьня ўнікальнасьці няма ў прынцыпе — ні на ўзроўні ўлады, ні на ўзроўні сьвятароў, ні на ўзроўні простых людзей. І на нашых вачах Беларусь драўляная, якая была яшчэ на пачатку 1980-х гадоў, зьнікла. І страчаныя многія ўнікальныя рамёствы. Сёньня збудаваць моцны драўляны зруб па старых прыёмах амаль немагчыма, ня так проста знайсьці людзей, якія ўмеюць усё зрабіць, каб яно стаяла вякамі».

Помнікам архітэктуры неабходна вярнуць першапачатковае аблічча

Царква ў Моладаве
Царква ў Моладаве

На думку Сяргея Харэўскага, для таго, каб храм быў уключаны ў сьпіс UNESCO, трэба аднаўляць важныя дэталі, здымаць бляху, бліскучыя купалы, плястыкавыя вокны, вяртаць першапачатковы выгляд. А гэта вялікая праца:

«У нас засталіся дзьве ўнікальныя царквы на Берасьцейшчыне, у Зьдзітаве і Зьбірогах, аж XVI стагодзьдзя — ім паўтысячы гадоў, яны абсалютна ўнікальныя хаця б праз свой узрост. Яны ашаляваныя, заквечаныя алейнай фарбай, маюць бляшанае пакрыцьцё. Канечне, усё гэта трэба перарабляць, вяртаць колішні выгляд. Але сёньня такіх майстроў, хто ўмее гэта рабіць, — лічаныя адзінкі».

І ня толькі дзяржава павінна апекавацца помнікамі культуры, перакананы Сяргей Харэўскі. Трэба прыцягваць да гэтай справы фундатараў, бізнэсоўцаў, якія б разумелі важнасьць гэтай праграмы:

«Даўно насьпела неабходнасьць зладзіць круглы стол з праваслаўным сьвятарствам, з архітэктарамі эпархіяльнымі на прадмет нават не захаваньня, а аднаўленьня колішніх дэталяў, колішняга выгляду. Каб гэта быў кансэнсус паміж грамадзтвам, царквой і бізнэсам.

Сёньня драўляныя цэрквы, „стаўкіркі“ — асноўны брэнд культурны Нарвэгіі ў культурным, цывілізацыйным сэнсе. Яны захавалі ня толькі здабыткі тысячагадовай даўніны, але прадэманстравалі цывілізаванае стаўленьне, што гэта ня робіцца на раз-два-тры, а што гэта доўгая мэтанакіраваная праца. Можа, і мы да гэтага прыйдзем пры мэтанакіраванай працы: гадоў праз 20–30 зможам паказаць свае ўнікальныя помнікі ў колішнім выглядзе, такім, у якім яны былі пабудаваныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG