Начальнік аддзелу Столінскага райвыканкаму Васіль Заруба расказаў БелТА аб плянах адкрыць у Давыд-Гарадку музэй пад адкрытым небам, прысьвечаны побыту палешукоў — жыхароў паўднёвай Беларусі і паўночнай Украіны.
Нядаўна музэй гісторыі Давыд-Гарадку пераехаў у новы будынак, у якім раней месьціўся гарвыканкам. У будынку зрабілі рамонт — 50 тысяч рублёў прыйшло зь бюджэту, шмат зрабілі самі работнікі музэю. Экспазыцыю пашырылі і абнавілі: цяпер ёсьць гістарычная, этнаграфічная, мастацкая і літаратурная залі. Для апошняй, аздобленай у стылі гасьцёўні, мэблю перадаў паэт Леанід Дранько-Майсюк.
«Для нас прынцыпова важна разьвіваць музэй у аддаленай ад райцэнтру зоне, — тлумачыць Васіль Заруба. — Плянуем цягам гэтага году, абвешчанага Годам малой радзімы, адкрыць тут яшчэ і музэй пад адкрытым небам. Побач ёсьць каля 20 сотак вольнай зямлі. Хочам сабраць інвэнтар, рэчы і іншыя атрыбуты, характэрныя для побыту палешукоў, узнавіць іх традыцыі і абрады».
У Беларусі ўжо ёсьць некалькі музэяў пад адкрытым небам. Самыя вядомыя зь іх — этнаграфічны музэй ў Дудутках Пухавіцкага раёну і дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы Менскага; вайсковы гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», «Этнаграфічная вёска» пад Магілёвам і «Вёска-музэй» у Забродзьдзі, што між Смаргоньню і Вялейкай. «Напаўадкрытым» можна назваць берасьцейскі археалягічны музэй — там раскапаны рамесны квартал гораду XIII стагодзьдзя накрыты сучасным павільёнам.