Банк Літвы — цэнтральны банк Літоўскай Рэспублікі — прэзэнтаваў памятную манэту да 500-годзьдзя выданьня Францішкам Скарынам Бібліі на старабеларускай мове.
Манэты будуць вырабляцца з IV кварталу 2017 году. Плянуецца зрабіць тры тысячы асобнікаў. Манэта наміналам 20 эўра будзе вырабленая са срэбра 925-й пробы, мае масу 28,28 грам і дыямэтар 38,61 мм.
Дызайн манэты распрацаваў Раландас Рымкунас. Манэта мае як надпісы на літоўскай мове, так і надпісы на старабеларускай — на выявах старонак «Скарынаўскай» бібліі.
Скарына друкаваў кнігі і ў Вільні — туды ён пераехаў з Прагі ў 1520 годзе, паводле некаторых гісторыкаў, каб выдаць Статут Вялікага княства Літоўскага. Той Статут Скарына ў выніку не надрукаваў, але надрукаваў «Малую падарожную кніжку» і (асобным выданьнем) «Апостал» у першай ва Ўсходняй Эўропе друкарні, заснаванай ім у доме Якуба Бабіча. Таксама ў Вільні Скарына выконваў функцыі сакратара віленскага біскупа Яна з князёў літоўскіх. Там жа ён ажаніўся з удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка Маргарытай. У першай палове 1530-х Скарына зь невядомых прычынаў вярнуўся ў Прагу, дзе працаваў ці то лекарам, ці то, паводле некаторых гісторыкаў, садоўнікам пры каралеўскім двары.
У памяць аб віленскім пэрыядзе дзейнасьці Скарыны Нацыянальны банк Беларусі ў жніўні выдаў манэты «Шлях Скарыны» наміналам 1 і 20 беларускіх рублёў.