Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва Maldzis выкупіла франкамоўнае выданьне «Вялікае майстэрства артылерыі» Казімера Семяновіча


Павал Мацукевіч і Рыгор Астапеня з кнігай «Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая» («Artis Magnae Artilleriae pars prima») Казімера Семяновіча
Павал Мацукевіч і Рыгор Астапеня з кнігай «Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая» («Artis Magnae Artilleriae pars prima») Казімера Семяновіча

Як адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі, гэтае выданьне, напісанае беларусам, — помнік навуковай і вайскова-тэхнічнай літаратуры ўсясьветнага значэньня.

Ініцыятыва Maldzis выкупіла франкамоўнае выданьне «Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая» («Artis Magnae Artilleriae pars prima») Казімера Семяновіча, надрукаванае ў Амстэрдаме ў 1651 годзе.

«Кніга „Вялікае майстэрства артылерыі“ пісалася як падручнік для артылерыстаў і піратэхнікаў і здабыла славу самай грунтоўнай і аўтарытэтнай працы ў сваёй галіне ў Эўропе. Нягледзячы на захапленьне артылерыяй і ракетамі, Казімер Семяновіч прытрымліваўся гуманістычнага сьветапогляду: лічыў войны найвялікшым няшчасьцем для чалавецтва», — сказаў кіраўнік ініцыятывы Павал Мацукевіч.

Упершыню кніга «Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая» выйшла ў сьвет у Амстэрдаме ў знакамітым выдавецтве Яна Янсана (Johannes Janssonius) у 1650 годзе на лацінскай мове.

Набытае ініцыятывай Maldzis выданьне — францускі пераклад, які надрукавалі ў 1651 годзе яшчэ пры жыцьці Семяновіча ў тым жа галяндзкім выдавецтве, што і лацінскі першадрук. У кнізе 22 гравюры, якія зьмяшчаюць больш за 200 малюнкаў і схемаў, зробленых галяндзкім гравэрам Якабам ван Мёрсам паводле эскізаў аўтара.

Асаблівасьць старадруку — прадмова, напісаная Казімерам Семяновічам менавіта для франкамоўнага выданьня. Гэта апошняе дакумэнтальнае сьведчаньне жыцьця нашага славутага суайчыньніка: Семяновіч памёр у 1651 годзе ў нявысьветленых дагэтуль абставінах.

Кнігу набылі на аўкцыёне на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Паўла Данэйкі, Івана Шылы і мэцэнатаў, якія пажадалі застацца непублічнымі.

У будучыні кнігу перададуць у Віцебскі абласны краязнаўчы музэй у якасьці грамадзкага падарунку. Да вяртаньня ў Беларусь яна будзе выстаўляцца падчас адмысловых імпрэзаў за мяжой. Старадрук можна будзе пабачыць на Фэсьце Мальдзіса 7 верасьня ў Варшаве.

Ініцыятыва Maldzis была заснаваная ў верасьні 2024 году і названая ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцьця страчаныя беларускія каштоўнасьці й імёны. Задума стварэньня праекту Maldzis належыць былому дыплямату і часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Швайцарыі Паўлу Мацукевічу. У сваёй колішняй дыпляматычнай працы ён займаўся акурат падобнымі справамі.

Maldzis бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаваньні вобразу Беларусі як эўрапейскай краіны, гаворыцца на афіцыйнай старонцы ініцыятывы.

Раней ініцыятыва ўжо выкупіла Статут ВКЛ на польскай мове, які выйшаў у сьвет у друкарні Віленскай акадэміі езуітаў у 1693 годзе паводле рэдакцыі 1648 году, створанай у Варшаве, а таксама Радзівілаўскую мапу, надрукаваную ў Амстэрдаме ў 1631 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG