Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адшукалі магілы сваякоў прэзыдэнта Ізраілю. Некаторым пагражае зьнішчэньне


Габрэйскія могілкі ў Магілёве, архіўнае фота
Габрэйскія могілкі ў Магілёве, архіўнае фота

Магілы сваякоў цяперашняя прэзыдэнта Ізраілю Рэўвэна Рыўліна адшуканыя на габрэйскіх могілках Магілёва.

Мясцовыя дасьледнікі габрэйскай мінуўшчыны, абапіраючыся на зьвесткі з кнігі «Генэалёгія сямейства Рыўліных», а таксама энцыкляпэдычныя зьвесткі, сьцьвярджаюць: пахаваныя на кладах купцы Арон-Эліэзэр і Хаім Сімховічы — родзічы кіраўніка ізраільскай дзяржавы. Як і Рэўвэн Рыўлін, яны паходзяць з старажытнага роду, карані якога сягаюць у XVI стагодзьдзя да сьвятога рабі Ёсіфа.

Бальшыня падпісантаў Дэклярацыі незалежнасьці Ізраілю — людзі зь Беларусі. Беларускае паходжаньне маюць чатыры прэзыдэнты Ізраілю, таксама на беларускай зямлі жылі бацькі чатырох ізраільскіх прэм’ераў.

Магілёўскія сваякі Рэўвэна Рыўліна: купцы, філянтропы, бібліяфіл

Магіла сваяка Рэўвэна Рыўліна — Хаіма Сімховіча
Магіла сваяка Рэўвэна Рыўліна — Хаіма Сімховіча

Дасьледнік габрэйскай мінуўшчыны Аляксандар Ліцін кажа, што копію кнігі «Генэалёгія сямейства Рыўліных» даслаў яму з Ізраілю былы магілёвец, гісторык Яўген Айзэнбэрг.

«Яўген адшукаў імёны сваіх продкаў у каталёгу старых пахаваньняў габрэйскіх могілак, складзенага габрэйскай грамадой і выкладзенага ў інтэрнэт. Ён супаставіў каталёг са сьпісамі з кнігі і выявіў зьвесткі пра магілёўскіх сваякоў Рэўвэна Рыўліна», — апавёў гісторыю знаходак Ліцін.

Магіла Арон-Эліэзэра Сімховіча — сваяка Рэўвэна Рыўліна
Магіла Арон-Эліэзэра Сімховіча — сваяка Рэўвэна Рыўліна

Сваяком Сімховічаў, дадаў ён, а праз іх і Рыўліна зьяўляецца ганаровы грамадзянін Магілёва купец, філянтроп ды бібліяфіл Шмар’яху Цукерман, які быў бацькам жонкі Хаіма Сімховіча. Ён таксама пахаваны на габрэйскіх кладах.

Рупліўцамі даўніны адшуканыя і іншыя пахаваньні знаных габрэяў-магілёўцаў.

Паводле Ліціна, ў грамадзкім аб’яднаньні «Магілёўская габрэйская грамада» зьбіраюць зьвесткі пра вядомых асобаў, якія пахаваныя на габрэйскіх могілках, «каб зрабіць агульна даступнай інфармацыю, перадусім для магілёўцаў, хто спачывае на адных з самых старых гарадзкіх кладах і, які ўнёсак яны зрабілі ў разьвіцьцё гораду».

Кожнай шостай магіле на габрэйскіх кладах пагражае зьнішчэньне

Летась актывісты грамады скончылі каталягізацыю пахаваньняў на двух магілёўскіх могілках. На габрэйскіх апісаныя больш за 600 старых магілаў. Больш за сотню пад пагрозай зьнішчэньня, паколькі новая рэдакцыя закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», прынятая ў 2015 годзе, дае мясцоваму спэцыялізаванаму камбінату права дэмантаваць і ўтылізаваць надмагільныя збудаваньні, «калі ступень разбурэньня выключае рамонт і аднаўленьне».

Прадпрыемства разьвесіла абвесткі на могілках, у якіх гаворыцца, што тыя, хто мае на іх пахаваньні, абавязаныя «прывесьці надмагільныя збудаваньні ў належны стан» да 22 чэрвеня 2018 году.

Павалены помнік на магіле Шмар’яху Цукерман
Павалены помнік на магіле Шмар’яху Цукерман

Адшукаць усіх сваякоў пахаваных і аднавіць надмагільлі за два гады, якія даваліся новым законам, было немагчыма, кажуць у габрэйскай грамадзе. Бальшыня надмагільляў на гістарычнай частцы могілках страчаныя назаўжды, а значная колькасьць ацалелых пашкоджаныя.

Сярод такіх разьбітае надмагільле яшчэ адной сваячніцы Рэўвэна Рыўліна — Ганны Сімховіч. Павалены помнік і на магіле Шмар’яху Цукермана. Ацалелі помнікі на магілах Эліэзэра і Хаіма Сімховічаў.

У Магілёў едзе амбасадар Ізраілю. Аблвыканкам высьвятляе, ці надаваць габрэйскім могілкам ахоўны статус

Каб уратаваць старыя надмагільлі грамадзкія і рэлігійныя габрэйскія аб’яднаньні гораду зьвярнуліся ў Магілёўскі гарвыканкам, каб той «спыніў разбурэньне гістарычных аб’ектаў». Яны паінфармавалі пра праблему амбасаду Ізраілю, Саюз беларускіх габрэйскіх арганізацыяў, а таксама юдэйскае рэлігійнае аб’яднаньне.

Разьбіты помнік на магіле сваячніцы Рэўвэна Рыўліна — Ганны Сымховіч
Разьбіты помнік на магіле сваячніцы Рэўвэна Рыўліна — Ганны Сымховіч

Старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч паведаміў Свабодзе, што паводле яго зьвестак, Магілёўскі аблвыканкам разаслаў па раённым музэем вобласьці інфармацыйны ліст з загадам падрыхтаваць даведку пра габрэйскія могілкі, якім неабходна надаць статус гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Ахоўнага статусу аніводныя з іх ня маюць.

15 траўня ў Магілёў плянуе прыехаць амбасадар Ізраілю, каб агледзець тутэйшых габрэйскіх могілак, якія чакае зачыстка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG