Сёньня ў Ізраілі адзначаюць 70-годзьдзе незалежнасьці. Дэклярацыю незалежнасьці Ізраілю падпісалі 37 чалавек: 9 зь іх нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Украіны, 7 — Польшчы, 3 — Малдовы, па 2 — Нямеччыны і Літвы і па 1 — Вугоршчыны, Даніі, Емэну і Палестыны (у складзе Асманскай імпэрыі). А найбольш падпісантаў — 10 — паходзяць зь Беларусі.
Вось яны:
Эліягу Бэрлін (1866, Магілёў — 1959, Тэль Авіў). Грамадзкі і палітычны дзяяч, скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. Удзельнік Першага сіянісцкага кангрэсу. Пераехаў у Палестыну ў 1907 годзе.
Эліягу Добкін (1898, Бабруйск — 1976, Тэль Авіў). Адзін зь лідэраў руху рабочых сіяністаў. Вучыўся ў Харкаве, пасьля Першай сусьветнай вайны перабраўся ў Беласток. У 1932 годзе эміграваў у падмандатную Палестыну. Падчас Другой сусьветнай вайны арганізоўваў нелегальную іміграцыю эўрапейскіх габрэяў у Палестыну. Заснавальнік Музэю Ізраілю.
Зэеў Голд (1889, Шчучын, — 1956, Ерусалім). Рабін у восьмым пакаленьні. У 1907 эміграваў у ЗША, дзе быў адным зь піянэраў артадаксальнага юдаізму. У 1935 годзе эміграваў у Палестыну.
Эліэзэр Каплан (1891, Менск — 1952, Тэль Авіў). Палітык, сіянісцкі актывіст. Скончыў Маскоўскі палітэхнічны інстытут. Удзельнік дэлегацыі УНР на Парыскай мірнай канфэрэнцыі. У 1920 годзе іміграваў у Палестыну. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасты міністра фінансаў, міністра гандлю і прамысловасьці, у 1952 быў віцэ-прэм’ерам Ізраілю.
Аўрам Кацнэльсон (1888, Бабруйск — 1956). Вучыўся ў Маскоўскім і Пецярбурскім унівэрсытэтах, доктар мэдыцыны. Падчас Першай сусьветнай вайны — лекар у расейскім войску. З 1924 году ў Палестыне. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці — на дыпляматычнай працы ў ААН, Швэцыі.
Мошэ Коль (1911, Пінск — 1989). Палітык, сіянісцкі актывіст. Іміграваў у Палестыну ў 1932 годзе. У 1960-70-х гадах займаў пасады міністра турызму і міністра разьвіцьця. Аўтар некалькіх кніг пра ізраільскую зьнешнюю і ўнутраную палітыку.
Мошэ Давід Рэмэз (1889, Копысь — 1951, Ерусалім). Палітычны і дзяржаўны дзяяч. Пераехаў у асманскую Палестыну ў 1913 годзе. За часы брытанскага мандату адзін з заснавальнікаў левай партыі Мапай, лідэр прафсаюзнага руху. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасады міністра транспарту, пасьля міністра адукацыі. Пісаў артыкулы і вершы, увёў у сучасны іўрыт нямала новых словаў і выразаў.
Хаім Мошэ Шапіра (1902, Горадня — 1970). Палітычны і дзяржаўны дзяяч, палітычны лідэр рэлігійнага сіянізму. Пасьля Першай сусьветнай вайны жыў у Коўне, Вільні, Варшаве, Бэрліне. У 1925 годзе іміграваў у Палестыну. У 1938 годзе быў накіраваны зь місіяй ратаваньня габрэяў Аўстрыі пасьля Аншлюсу. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасады міністра аховы здароўя, міністра ўнутраных справаў, міністра ў справах рэлігіі.
Зэрах Варгафтыг (1906, Ваўкавыск — 2002). Юрыст, палітык і рабін. Скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. З пачаткам Другой сусьветнай вайны ўцёк з Польшчы ў Літву. Падчас вайны разам зь японскім віцэ-консулам у Літве Сугіхарам арганізаваў выдачу габрэйскім уцекачам візаў для праезду праз СССР і Японію на востраў Кюрасао, усяго было выдадзена 1600 візаў і ўратавана шмат жыцьцяў. Іміграваў у падмандатную Палестыну ў 1947 годзе. Адзін з заснавальнікаў Унівэрсытэту Бар-Ілана.
Арон Цызьлінг (1901, Нарачэвічы, Менская губэрня — 1964, Эйн-Харод). Грамадзкі і палітычны дзяяч. У 1914 годзе пераехаў зь сям’ёй у Палестыну. У 1930-х гадах актывіст маладзёвага руху, які займаўся ратаваньнем габрэйскай моладзі ад нацыстаў. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці быў першым міністрам сельскай гаспадаркі Ізраілю.
Зь Беларусі паходзіць і шмат іншых ізраільскіх дзяржаўных, палітычных і грамадзкіх дзеячоў, у тым ліку тры прэзыдэнты — Хаім Вэйцман (першы, 1949-1952), Залман Шазар (трэці, 1963-1973) і Шымон Пэрэс (дзявяты, 2007-2014).