Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў Ізраіль з 70-й гадавінай незалежнасьці, згадаў беларускае паходжаньне першага прэзыдэнта краіны


Аляксандар Лукашэнка накіраваў прэзыдэнту Ізраілю Рэўвэну Рыўліну віншаваньне з 70-годзьдзем незалежнасьці ізраільскай дзяржавы, піша БелТА.

«Мне асабліва прыемна адзначыць, што ля вытокаў ейнага заснаваньня стаялі выдатныя выхадцы зь беларускай зямлі, сярод якіх і першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вейцман. У свой час нашая краіна падтрымала рэзалюцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, якая зрабіла магчымым стварэньне Дзяржавы Ізраіль».

Лукашэнка адзначыў «гістарычны падмурак і агульнасьць у мінулым лёсу беларусаў і габрэяў» як фактары ў фармаваньні «атмасфэры даверу» між Беларусьсю і Ізраілем, пажадаў міру і росквіту «дружнаму народу Ізраілю».

Хаім Вейцман, 1949 год
Хаім Вейцман, 1949 год

Хаім Вейцман нарадзіўся ў 1874 годзе ў Моталі, што ў цяперашнім Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці, у сям’і чыноўніка, які арганізоўваў сплаў лесу. Быў у бацькоў трэцім дзіцем з 15. Сям’я пазьней пераехала ў Пінск, дзе Хаім Вейцман скончыў Пінскую рэальную вучэльню. Пасьля ён вучыўся ў Нямеччыне, выкладаў у Жэнэве і Манчэстэры. Урэшце ўзначаліў Сусьветную сыянісцкую арганізацыю, узначаліў нацыянальны габрэйскі рух у Палестыне, прадстаўляў пазыцыю сыянісцкай арганізацыі ў ААН перад прыняцьцем рэзалюцыі пра падзел Палестыны, у 1949 годзе быў выбраны прэзыдэнтам Ізраілю, прабыў на пасадзе да сьмерці пасьля году на другім тэрміне.

Прадмесьце Пінску, дзе жыў і вучыўся Хаім Вейцман і шмат іншых выбітных беларускіх габрэяў, разбурылі ў 2009 годзе.

Таксама прэзыдэнтам Ізраілю быў ягоны пляменьнік Эрэз Вейцман, народжаны ўжо ў Ізраілі, але ў сям’і, што паходзіла зь Пінску. Яшчэ адзін прэзыдэнт Ізраілю — Залман Шазар — паходзіў з Міру, што ў цяперашнім Карэліцкім раёне Горадзенскай вобласьці. Зь іншай часткі Беларусі — зь Вішнева на Валожыншчыне — паходзіў прэзыдэнт Ізраілю і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Шымон Пэрэс. На беларускай зямлі жылі бацькі ізраільскіх прэм’ер-міністраў Іцхака Рабіна (маці з Магілёва), Арыэля Шарона (бацька зь Берасьця, маці з-пад Чавусаў​), Мэнахема Бэгіна (сям’я зь Берасьця), Голды Мэір (сям’я зь Пінску).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG