Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія чыноўнікі, якіх зьвінавацілі ў «падрыве» аўтарытэту ўлады


Бяруць хабар, трацяць школьныя грошы, фіктыўна ўладкоўваюцца на працу, «мініруюць» міліцыю і КДБ — за што судзяць чыноўнікаў з Магілёўскай вобласьці?

У стужках навінаў паведамленьні пра выкрытых чыноўнікаў-карупцыянэраў сталі звыклай справай. Пад крымінальны перасьлед за злоўжываньні ўладай трапляюць службоўцы, якія паводле сваіх абавязкаў мусяць супрацьстаяць карупцыі і ўмацоўваць аўтарытэт улады. Як правіла, пасьля таго як былому чыноўніку агучваюць прысуд, ён кампэнсуе нанесеную дзяржаве шкоду, раскайваецца ў злачынстве і зьвяртаецца да кіраўніка дзяржавы па памілаваньне.

Ідэоляг з Горацкага раёну на свой одум траціла школьныя грошы

5 верасьня сайт Сьледчага камітэту паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня крымінальнай справы супраць намесьніцы старшыні Горацкага райвыканкаму.

Чыноўніцу, імя якой не называецца, вінавацяць у крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі і ўладай. Між тым яе імя па-ранейшаму значыцца на афіцыйным сайце Горацкага гарвыканкаму. Як удалося высьветліць, затрыманая Сьвятлана Браніцкая. У яе біяграфічных зьвестках пазначана, што пасаду намесьніцы старшыні гарвыканкаму яна займала з 2014 году.

Сьвятлана Браніцкая
Сьвятлана Браніцкая

Браніцкая, якая курыравала пытаньні ідэалягічнай працы і сацыяльнай сфэры, незаконна завалодала і распараджалася на свой одум грашовымі сродкамі ўстановаў адукацыі. Сьледчы камітэт называе прысабечаную былой службоўкай суму — 1900 рублёў.

«Акрамя таго, — напісана на сайце ведамства, — выяўлена, што абвінавачаная выкарыстоўвала ў асабістых мэтах службовы аўтамабіль і гэтым нанесла шкоду райвыканкаму больш як на 280 рублёў».

Карʼеру чыноўніцы Браніцкая пачала ў 2008 годзе з пасады начальніка аддзелу адукацыі Горацкага райвыканкаму. Да гэтага была дырэктаркай у мясцовай школе, настаўнічала.

На маёмасьць абвінавачанай накладзены арышт. Ёй пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.

Былы кіраўнік Бабруйску вырашаў за хабар пытаньні

Андрэй Каваленка
Андрэй Каваленка

Арышт кіраўніка Бабруйску Андрэя Каваленкі выклікаў шырокі розгалас ня толькі ў горадзе на Бярэзіне, але і па ўсёй Беларусі.

Сёлета 14 ліпеня Бабруйскі гарадзкі суд прызнаў Каваленку вінаватым у атрыманьні хабару і пакараў васьмю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Чыноўнік браў грошы за вырашэньне пытаньняў на карысьць пэўных камэрцыйных структур ці за прызначэньні на пасады. Сьледзтва выкрыла 10 эпізодаў атрыманьня Каваленкам хабару на суму ў 20 тысяч рублёў.

Каваленка раскаяўся, факты хабарніцтва прызнаў часткова. Ён прадаў свой аўтамабіль, каб кампэнсаваць дзяржаве незаконныя даходы.

Старшынём Бабруйскага гарвыканкаму Каваленку прызначылі ў 2014 годзе. Да Бабруйску працаваў у Магілёве намесьнікам старшыні, старшынём Кастрычніцкага райвыканкаму.

Шклоўскі чыноўнік-карупцыянэр падарваў аўтарытэт улады

Былы намесьнік старшыні Шклоўскага райвыканкаму Яўген Сямянкевіч
Былы намесьнік старшыні Шклоўскага райвыканкаму Яўген Сямянкевіч

Намесьнік старшыні Шклоўскага райвыканкаму Яўген Сямянкевіч таксама злоўжываў уладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Чыноўнік дапамог дачцэ атрымаць кватэру. Ягоныя дзеяньні кваліфікаваныя як падрыў аўтарытэту ўлады.

У 2015 годзе Сямянкевічу магілёўскі абласны суд прызначыў тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Але дзякуючы амністыі тэрмін зьняволеньня зьменшыўся на год. Па вызваленьні былому чыноўніку забаронена займаць кіроўныя пасады на працягу пяці гадоў. Асуджаны сваю віну прызнаў і пісаў просьбу аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Яна не была задаволеная.

Чыноўнік фіктыўна падпрацоўваў факультатыўнымі заняткамі

Былога начальніка аддзелу адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму Яўгена Дуплеўскага, якога асудзілі за карупцыю, Аляксандар Лукашэнка памілаваў. Ад крымінальнай адказнасьці Дуплеўскага вызвалілі пасьля добраахвотнай кампэнсацыі шкоды за ўчыненае злачынства.

Пра крымінальны перасьлед Дуплеўскага стала вядома ў лютым 2014 году. Яму інкрымінаваўся крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Сьледзтва выявіла, што службовец на працягу чатырох навучальных гадоў, у 2010–2013 гадах, афармляўся ў школу на працу па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў на ўмовах тэрміновай працоўнай дамовы, пры гэтым фактычна такіх заняткаў з вучнямі не праводзіў. За гэты час яму налічылі заробкаў на 22 мільёны недэнамінаваных рублёў.

У канцы 2016-га памілаванага чыноўніка прызначылі дырэктарам чацьвёртай магілёўскай гімназіі.

На сайце навучальнай установы пазначана, што яе кіраўнік Яўген Іванавіч Дуплеўскі — бакаляўр пэдагагічных навук, настаўнік ангельскай мовы вышэйшай катэгорыі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Прапускаў санкцыйныя тавары ў Расею

Галоўны фігурант справы Сяргей Карпушэнка. Яго выводзяць з судовай залі
Галоўны фігурант справы Сяргей Карпушэнка. Яго выводзяць з судовай залі

Гэтымі днямі Ленінскі суд Магілёва разглядае крымінальную справу супраць пяцярых мытнікаў. Злачынную групоўку, як вынікае з матэрыялаў сьледзтва, стварыў начальнік аддзелу барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэньнямі Магілёўскай мытні Сяргей Карпушэнка.

Паводле сьледзтва, злачынная групоўка за ўзнагароджаньне спыняла адміністрацыйныя справы на тых, хто правозіў прадукцыю ў Расею. Сярод іх былі і тавары з Эўразьвязу, на якія расейскія ўлады наклалі санкцыі.

Хабар мытнікі бралі ў расейскіх рублях і амэрыканскіх далярах. За чатыры месяцы 2016 году, паводле сьледзтва, мытнікі набралі хабару больш як на 5 тысяч даляраў і 150 тысяч расейскіх рублёў.

Галоўны фігурант справы Сяргей Карпушэнка сваёй віны не прызнае і кажа, што факты былі сфальшаваныя.

Ідэоляг-мінёр з Асіповіцкага райвыканкаму

Былога намесьніка старшыні Асіповіцкага райвыканкаму Аляксандра Шаўлюгу вінавацяць у «мініраваньні» будынкаў мясцовага КДБ і раённай міліцыі.

Супраць яго была распачата крымінальная справа за «заведама ілжывае паведамленьне пра падрыхтоўку выбуху, якое стварала небясьпеку для жыцьця і здароўя людзей». Былому ідэолягу пагражае пяцігадовае зьняволеньне.

Шаўлюгу не арыштоўвалі. Кантактаваць з прэсай ён адмаўляецца. На якім этапе цяпер расьсьледаваньне справы, высьветліць не ўдалося. На момант учыненьня злачынства Шаўлюга кіраваў раённай арганізацыяй «Белая Русь».

У Асіповічах Шаўлюгу характарызуюць як тыповага чыноўніка. На дзяржаўную службу пайшоў з пасады ў раённай паліклініцы. З крыніц, блізкіх да райвыканкаму, вядома, што пра «мініраваньне» міліцыі і КДБ Шаўлюга паведаміў нападпітку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG