Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вайна!» — канфлікт у Нагорным Карабаху вачыма беларускіх азэрбайджанцаў і армян


Нагорны Карабах
Нагорны Карабах

Апошнія падзеі ў Нагорным Карабаху беларускія азэрбайджанцы і армяне характарызуюць адным словам — «вайна». І адны, і другія мяркуюць, што самастойна два варожыя бакі наўрад ці замірацца.

Паводле іх, патрэбная дапамога іншых краінаў, якія зацікаўленыя, каб у Закаўказьзі не было збройнага канфлікту. На замірэньне спадзяюцца лідэры як азэрбайджанскай, так і армянскай дыяспар.

«Канфлікт у Нагорным Карабаху — справа рук расейцаў»

«Гэты канфлікт спрадвеку, — кажа жыхар Магілёва азэрбайджанец Ільяс. — Малыя народы заўжды абапіраліся на падтрымку вялікіх дзяржаваў. Цяпер Армэнія трымаецца Расеі, а ў Расеі свае інтарэсы ў Закаўказьзі. У Армэніі дысьлякуецца расейская вайсковая часьць. Яна там увесь час будзе знаходзіцца».

У дзевятнаццатым стагодзьдзі, кажа суразмоўца, на Каўказе азэрбайджанцаў было 50 мільёнаў. А пасьля войнаў, якія вяла Расея з Іранам, Асманскай імпэрыяй, землі Азэрбайджану дзялілі між суседзямі.

«Нагорны Карабах — азэрбайджанская тэрыторыя, — настойвае Ільяс. — І калі гэтае пакаленьне ня верне яго, то наступнае возьмецца. Урэшце ён усё роўна застанецца азэрбайджанскім».

«Канфлікт — гэта справа рук расейцаў, — кажа ён. — Але там свае інтарэсы маюць і Турэччына, і Злучаныя Штаты Амэрыкі. Канфлікт будзе, пакуль Карабах армянскі».

Паводле Ільяса, стасункі між азэрбайджанцамі і армянамі ў Магілёве далёкія ад прыязных, але адкрытай варажнечы няма. Прадстаўнікі дзьвюх дыяспар рэдка сутыкаюцца, а пагатоў гавораць пра Карабах. Часам бываюць і спрэчкі, кажа суразмоўца: азэрбайджанцы настойваюць, што Карабах іхны, а армяне — што іхны.

«Мы кажам: калі Карабах ваш, дык едзьце туды і жывіце. Азэрбайджанцы ж з Карабаху даўно выехалі. Ён амаль абязьлюдзеў. Тых армянаў, якія там засталіся, не ўпускаюць у Армэнію на мяжы. Нармалізацыі адносінаў азэрбайджанцаў і армянаў ня будзе. Зашмат крыві і сьмерцяў», — лічыць Ільяс.

У Магілёве азэрбайджанцы маюць свае помнікі. Азэрбайджанская дыяспара ўсталёўвае ў іх у гонар землякоў — савецкіх герояў Другой усясьветнай вайны. На фота адзін зь іх — удзельнік вызваленьня Беларусі і ганаровы грамадзянін Магілёва Аслан Везіраў
У Магілёве азэрбайджанцы маюць свае помнікі. Азэрбайджанская дыяспара ўсталёўвае ў іх у гонар землякоў — савецкіх герояў Другой усясьветнай вайны. На фота адзін зь іх — удзельнік вызваленьня Беларусі і ганаровы грамадзянін Магілёва Аслан Везіраў

На ягоную думку, праблемы з Карабахам пачаліся ад развалу Савецкага Саюзу, калі зьнікла сіла, якая стрымлівала агрэсіўныя памкненьні нацыяналістаў. «Гарбачоў прадаў усё», — мяркуе азэрбайджанец.

Радня Ільяса жыве за семдзесят кілямэтраў ад Карабаху. Ён часта адведвае родныя мясьціны, якія пакінуў тры дзясяткі гадоў таму.

«Там адчуваецца боязь, — кажа ён. — Некаторыя мае землякі ня ўтойваюць, што зрабіць супраць Расеі нічога ня могуць. Так і можаце пісаць: супраць Расеі мы нічога ня зробім. Гэта такая расейская палітыка. Мы як украінцы, такія ж гасьцінныя — прытулім любога, ня думаючы, што ад госьця можа быць і бяда».

Нагорны Карабах на мапе
Нагорны Карабах на мапе

«Спрадвеку ў Карабаху жылі армяне, таму мы і адабралі зямлю ў азэрбайджанцаў»

У магілёўца Армэна таксама радня жыве непадалёк ад зоны баявых дзеяньняў, але з армянскага боку. Як аднавіўся канфлікт, ён рэгулярна тэлефануе на радзіму.

«Мне пераказваюць: на радзіме страх што адбываецца. Загінула нямала людзей. Але армяне дужа рашуча настроеныя, каб адпомсьціць за загінулых. Вельмі шматлюдныя праходзяць пахаваньні загінулых. Дзеці загінулі бязьвінныя».

«Гэта зямля не азэрбайджанцаў. Спрадвеку там жылі армяне, таму мы і адабралі яе ў азэрбайджанцаў, — настойвае Армэн. — Цяпер яны маюць прэтэнзіі да нас пастаянна. І пачаўся канфлікт зь іх. Армяне ніколі б вайны не пачыналі. Калі чалавек нешта ня тое робіць, дык яму ж можна пра гэта сказаць, а ня біць адразу».

Армэн не згаджаецца зь меркаваньнем Ільяса, што жыхароў Карабаху армянскія ўлады змушаюць заставацца ў анкляве.

«Гэта армянская тэрыторыя, і армяне могуць свабодна перасоўвацца па краіне».

На пытаньне, як і калі варагуючыя бакі могуць прымірыцца, Армэн адказвае, што гэта зрабіць будзе цяжка.

«Азэрбайджанцаў жа больш, чым армянаў. У нас, так, стаіць расейская вайсковая часьць. За азэрбайджанцаў Турэччына і Амэрыка. А ў нас толькі Расея. Але прымірыцца без дапамогі іншых мы ня зможам».

У краях, дзе асядаюць армяне, яны ўсталёўваюць памятныя знакі – хачкары. Такі ёсьць і ў Магілёве
У краях, дзе асядаюць армяне, яны ўсталёўваюць памятныя знакі – хачкары. Такі ёсьць і ў Магілёве

Армэн кажа, што ў яго ёсьць сябар-азэрбайджанец, але прызнае, што стасункі між прадстаўнікамі дзьвюх дыяспар не сяброўскія.

«Часам бываюць і палкія спрэчкі, якія, аднак, сканчаюцца міралюбна, бо нам тут няма чаго дзяліць. Мы ж у Беларусі жывём даўно, па тры дзясяткі гадоў. Ужо ведаем адзін аднаго. Можна сказаць, што Беларусь прымірыла», — заўважае ён.

Паводле суразмоўцаў, беларусаў мала цікавіць, што адбываецца ў далёкім ад іх Закаўказьзі.

«Некаторыя пытаюцца, што ж там ды як там, але гэта хутчэй дзеля ветлівасьці», — кажуць беларускія і азэрбайджанцы, і армяне.

«Людзі стагодзьдзямі жылі побач, а тут рэзка пачалі ненавідзець адзін аднаго»

Георгі Егіазаран, старшыня Менскага гарадзкога армянскага культурна-асьветнага таварыства «Айастан», распавёў, што ў Беларусі пражывае больш за 8,5 тысячы армян. Ніякіх праблемаў тут яны ня маюць, пачуваюць сябе ў Беларусі як дома. Ёсьць і перасяленцы, уцекачы, якія прыехалі ў Беларусь пасьля азэрбайджанска-армянскага канфлікту ў 1988 годзе.

«Што да цяперашняга канфлікту, гэта ўсё жахліва. Вядома, пасьля сур’ёзнага абвастрэньня ў 1988 годзе, калі было штучнае нагнятаньне нянавісьці, прапаганда, часам здараліся дробныя правакацыі, бытавыя канфлікты. Але чаму так цяпер палыхнула, я не разумею.

Людзі стагодзьдзямі жылі побач, а тут рэзка пачалі ненавідзець адзін аднаго. Армэніі гэта ня трэба было — ваенным шляхам нешта вырашаць. Шчыра кажучы, мне цалкам незразумела, чаму гэтае абвастрэньне адбылося менавіта цяпер. Нейкая невялікая купка людзей недружалюбна настроеная і штурхае на ваенныя дзеяньні, на вырашэньне пытаньняў недыпляматычным шляхам.

Мы вельмі спадзяёмся, што самым бліжэйшым часам цывілізавана, менавіта дыпляматычнымі шляхамі вырашыцца гэтая праблема. Мы вельмі спадзяёмся на менскую міратворчую групу. Мы ўсе бачылі, як шмат крокаў Менск зрабіў у вырашэньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, сам кіраўнік дзяржавы ўдзельнічаў у перамовах „нармандзкай чацьвёркі“. Так што спадзяёмся на менскую групу і ў справе ўрэгуляваньня сытуацыі ў Нагорным Карабаху. Я вельмі спадзяюся, што там будзе мір».

На традыцыйным магілёўскім сьвяце нацыянальных культур азэрбайджанскае і армянскае падворʼі
На традыцыйным магілёўскім сьвяце нацыянальных культур азэрбайджанскае і армянскае падворʼі

«Азэрбайджан ня супраць армян, а супраць той купкі людзей, якія ня хочуць мірна вырашаць канфлікт»

Заслужаны майстар спорту, шматразовы чэмпіён сьвету па дзюдо і самба, старшыня Кангрэсу азэрбайджанскіх абшчын Націк Багіраў жыве ў Беларусі з 1987 году. Азэрбайджанцаў у Беларусі некалькі дзясяткаў тысяч, але дакладную лічбу цяжка назваць, кажа ён:

«Ніякіх праблемаў, зьвязаных з нацыянальнасьцю, няма. Беларусы надзвычай талерантныя і гасьцінныя людзі. Дарэчы, гэтыя якасьці ёсьць і ў азэрбайджанцаў, што аб’ядноўвае абодва народы».

Што да вырашэньня карабаскага канфлікту, спадзеву на Менскую групу АБСЭ, якая была створаная яшчэ ў 1992 годзе, у Націка Багірава няма:

«Пакуль яна нічога ня вырашыла. Складаецца ўражаньне, што займаецца гэтая група перакладваньнем паперак з аднаго краю стала на другі край. Гэта засмучае, таму што трэба вырашаць пытаньне. Было чатыры рэзалюцыі ААН аб вызваленьні акупаваных тэрыторыяў суседняй дзяржавай Армэніяй, але Армэнія іх не выконвае. Азэрбайджан жа не прэтэндуе на тэрыторыю Армэніі! З-за Карабаху Азэрбайджан мае каля 1 мільёна ўцекачоў са сваёй жа зямлі.

Азэрбайджан ня супраць армян, а супраць той купкі людзей, якія ня хочуць мірна вырашаць канфлікт. Усе баявыя дзеяньні адбываюцца на тэрыторыі Азэрбайджанскай рэспублікі. Як можна абвінавачваць Азэрбайджан? Пачалося з таго, што Армэнія прэтэндавала на анкляў, які знаходзіцца ўсярэдзіне Азэрбайджана — Нагорны Карабах, які ня мае мяжы з Армэніяй. Цяпер жа захопленыя яшчэ 8 раёнаў, захоплены калідор, і гэтыя раёны наўпрост зьвязваюцца з Армэніяй. Кіраўніцтва Азэрбайджана неаднаразова казала: „Вызваліце астатнія раёны — ня маючы на ўвазе Нагорны Карабах — і тады мы сядзем за стол перамоваў і будзем размаўляць пра статус Нагорнага Карабаху“. Праблему трэба вырашаць. Вырашаць паводле міжнароднага права, паводле закону, дыпляматычнымі шляхамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG