Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра юрыдычны фэтышызм альбо ці далёка Карабах ад Беларусі


Абвастрэньне канфлікту ў Карабаху актуалізавала беларускія спрэчкі пра суадносіны двух вялікіх прынцыпаў — права нацыяў на самавызначэньне і тэрытарыяльнай цэласьці дзяржаваў.

Як на мой погляд, дык няма тут, на шчасьце ці на жаль, унівэрсальнасьці. І беларуская незалежнасьць надта маладая, каб адназначна адстойваць прынцып, які ставіць яе пад сумнеў.

У 1991 годзе Вярхоўны Савет Беларусі ўхваліў Белавескія пагадненьні, якія сталі падмуркам для існаваньня незалежнай дзяржавы. Але на той момант ужо існаваў закон СССР, які апісваў працэдуру выхаду са складу саюзу. Ён, у прыватнасьці, прадугледжваў правядзеньне ў саюзных рэспубліках, якія выказвалі намер выйсьці са складу, рэфэрэндуму аб выхадзе. Можна сказаць, што гэта ўсё лухта і савецкая акупацыя, але ў Літве і Латвіі, эліты якіх, што прыйшлі да ўлады напрыканцы 80-х, адмаўлялі юрыдычную легітымнасьць савецкага панаваньня ў прынцыпе, адпаведныя рэфэрэндумы ўсе ж правялі. І ва Ўкраіне правялі. Не зусім так, як тое было прадугледжана савецкім законам аб выхадзе з СССР, але правялі. А ў Беларусі — не. І ў Расеі — не.

Прычым, у Беларусі, ў адрозьненьне ад краінаў Балтыі, абвяшчэньне незалежнасьці не афармлялася як аднаўленьне сувэрэнітэту БНР, што было б зь юрыдычнага пункту гледжаньня шляхам больш чыстым: мы былі незалежнай дзяржавай, нас акупавалі, мы аднавілі незалежнасьць. Такім шляхам пайшла Літва. Правёўшы, аднак, пры гэтым рэфэрэндум у адпаведнасьці з савецкім законам. Такім шляхам не пайшла Беларусь. Ніякага рэфэрэндуму пры гэтым не правёўшы. Прагаласавалі ў Вярхоўным Савеце — і бывай СССР.

Можа, яно і дзіўна было б патрабаваць пунктуальнага выкананьня савецкай працэдуры, не бывае «рэвалюцыяў на зялёнае сьвятло», не бывае перамогаў у барацьбе за незалежнасьць, якія б цалкам адпавядалі законам імпэрыі, ад якой незалежнасьць і атрымліваецца. У настаўнікаў усяго сучаснага сьвету ў сэнсе права — старажытных рымлянаў — была формула Necessitas frangit legem (Неабходнасьць разбурае закон). Ну так, яна і разбурыла ў 1991 годзе. Але менавіта разбурыла імпэрскі закон, таму зараз двудушшам гучаць меркаваньні некаторых айчынных экспэртаў наконт Карабаскага крызісу — тэрытарыяльная цэласьць дзяржаваў непарушная.

А як з той непарушнасьцю СССР было ў сьнежні 1991 году? Калі тагачасны прэм’ер Беларусі Вячаслаў Кебіч празь некалькі месяцаў пасьля Віскулёў казаў, што рота дэсантнікаў, высаджаная ў Белавескай пушчы, магла прадухіліць тую хаду падзеяў, якая мела месца, дык ён меў рацыю. Тады — так. Потым — не. Потым нават прыход да ўлады ў Беларусі рамантыка «саўка» Лукашэнкі нічога па сутнасьці не зьмяніў. Высьветлілася, што незалежнасьць, аднойчы атрыманую, псыхалягічна і палітычна немагчыма аддаць.

Але рэвалюцыйны па сутнасьці шлях атрыманьня ўласнай незалежнасьці павінен, па ідэі, стварыць спрыяльнае стаўленьне да атрыманьня яе і іншымі. Ці прынамсі філязофскае — ня тое, што кожны народ, кожны этнас, кожная тэрыторыя, кожная супольнасьць мае права на незалежнасьць. Але што часам народы, этнасы, тэрыторыі і супольнасьці змагаюцца за незалежнасьць (а часам проста расклад такі) і атрымліваюць яе насуперак сьвятому прынцыпу непарушнасьці межаў і тэрытарыяльнай цэласьці існых дзяржаваў. І гэты фактычны стан неабавязкова павінен быць вернуты да цэласьці ракой крыві.

Я адно наконт тону. Я асабіста адносна іншых краінаў як раз вызнаю такі мэтанарматыўны прынцып — калі ёсьць канфлікт паміж імкненьнем некага да незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласьцю дзяржавы, да якой гэты нехта належыць, то тут, як у спорце — хай пераможа мацнейшы. Калі інтэнцыі змагароў за незалежнасьць перамогуць, ну значыць лёс такі — мапа сьвету стагодзьдзямі перакройвалася высілкамі менавіта такіх змагароў. Калі перамогуць адэпты цэласьці — ну значыць лёс іншы. Недзе гэта, як у Шатляндыі летась, адбываецца шляхам галасаваньня, недзе (і значна часьцей) шляхам узброенага змаганьня. Але, груба кажучы, хто пераможа, той і мае рацыю. І адпаведна Vae victis — гора пераможаным. Дык ім заўсёды гора.

Але мяркую, што беларусам, з улікам незалежнасьці, атрыманай ня ў поўнай адпаведнасьці з законамі колішняй мэтраполіі і з улікам гіпатэтычнай пагрозы сэпаратызму, лепш неяк так не грашыць юрыдычны фэтышызмам, ня ўзводзіць у абсалют ані прынцып цэласьці дзяржаваў (бо сталі незалежнымі, яго відавочна парушыўшы), ані прынцып права народаў на самавызначэньне (бо шмат розных ім карыстаюцца, што не заўсёды ў беларускіх дзяржаўных інтарэсах, і барані Бог скарыстаецца нехта ў самой Беларусі, дык калі давядзецца тыя інтэнцыі прадухіляць, а тое і тапіць у крыві, каб ня было кантрасту зь цяперашняй палымянай падтрымкай таго сьвятога права).

Можа, я, у сваю чаргу, лягічны фэтышыст. Памятаю дыскусію са сваім сябрам недзе ў студзені 2014 году. Ён мне на тле Эўрамайдану даводзіў пра права народаў на паўстаньне. Я яму адказваў, што ніякага такога права няма. Народ можа паўстаць. А ўлада можа паўстаньне спрабаваць здушыць. А каму будзе спрыяць посьпех — як Бог дасьць. І пытаўся сябра, ці быў рэалізацыяй «права народу на паўстаньне» паход Мусаліні на Рым і гітлераўскі піўны путч. І, дарэчы, пытаўся, а калі пасьля перамогі рэвалюцыі Данбас паўстане супраць яе, як Вандэя паўстала супраць Парыжу напрыканцы XVIII стагодзьдзя, ён таксама будзе казаць пра права народу на паўстаньне?

Ну, можа, лягічны фэтышызм ня лепшы за юрыдычны. Так, нам можна, а вам нельга — чым кепскае тлумачэньне? Да таго ж зручная спасылка на «клятых маскалёў». Праўда, адносна Карабаху нямногія так ужо адназначна лічаць, што толькі ў іх справа. А так шкада, такое ўнівэрсальнае тлумачэньне, але, на жаль, не працуе.

А калі казаць пра дзяржаўніцкую пазыцыю, дык у пытаньнях, якія наўпрост ня тычацца выжываньня беларускай дзяржавы, сапраўды самае разумнае — трымацца гранітнага фундамэнту прынцыпаў ААН. МЗС правільна прыгадала прынцып тэрытарыяльнай цэласьці дзяржаваў (не называючы Азэрбайджан), хаця і нарвалася на дэмарш МЗС Армэніі. Але не пытаньне было ўстык прыгадаць і права нацыяў на самавызначэньне, таксама дэкляраванае ААН, ад чаго дах паехаў бы і ў Баку, і ў Ерэвана — а што тыя беларусы мелі на ўвазе? А нічога, акрамя таго, што без паўлітры не разьбярэсься, дый зь ёй таксама. І што хай мінуе нас чаша сія, і лепш бы вы там не ваявалі. І што мы за ўсе добрае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Перадрук з парталу TUT.BY
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG