Арганізатары гарадзенскага фэстывалю моды і прыгажосьці Grodno Fashion Show адмовіліся дэманстраваць калекцыю для людзей з інваліднасьцю, спаслаўшыся на яе невысокую якасьць і на тэхнічныя прычыны. Дырэктарка Гарадзенскага дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка ў размове з карэспандэнтам Свабоды назвала такое стаўленьне з боку арганізатараў шоў дыскрымінацыяй.
У Беларусі няма адаптыўнага адзеньня
Дырэктарка Гарадзенскага дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка расказвае, што паўгода таму разам з валянтэрамі дзіцячага госьпісу і майстрамі фабрыкі «Сылюэт» надумалі пашыць адмысловае адзеньне для дзяцей-інвалідаў і іхных матуль. І тут выявілася, што ў Беларусі наагул няма адаптыўнага адзеньня.
«Такое адзеньне патрэбнае ня толькі дзецям зь цяжкімі формамі інваліднасьці — на вазках і ляжачым, але і інвалідам у старым веку. Многія матулі нам расказвалі, як цяжка пераадзець дзяўчынку-інваліда ў звычайную сукенку, і ніхто ніколі пра гэта не падумаў», — кажа дырэктарка Гарадзенскага дзіцячага госьпісу.
Спадарыня Вольга кажа, што ім удалося стварыць ня толькі стылёвае, але і функцыянальнае адзеньне для людзей з інваліднасьцю. Тут было шмат нюансаў.
«Замест гузікаў на манжэтах прышывалі завязкі, блюзкі зашпіляюцца толькі сьпераду, спаднічкі шылі з захінам, у сукенкі ўшывалі гумкі, каб схаваць вялікія проймы для рук, прыдумалі цёплыя накідкі і шмат іншага», — кажа спадарыня Вольга.
У конкурсе павінны былі ўзяць удзел мадэлі ад 4 да 28 гадоў — каб паказаць, што адзеньне разьлічана на самы розны ўзрост, як для дзяцей-інвалідаў, так і для дарослых.
«На кашульках і сукенках для конкурсу мы нават вышывалі беларускія нацыянальныя ўзоры».
Фэст як спосаб прыцягнуць увагу
Вольга Вялічка кажа, што паказам калекцыі яны спадзяваліся прыцягнуць да праблемы ўвагу мадэльераў і вытворцаў адзеньня, бо ў Беларусі адзеньня для інвалідаў зусім ня шыюць, а патрэба ў ім ёсьць.
«Мы двойчы пасылалі да арганізатараў Grodno Fashion Show запыт. Першы раз нам наагул не адказалі, а другі раз напісалі, што, маўляў, з тэхнічных прычын яны ня могуць узяць нашу калекцыю для паказу. Пад тэхнічнымі прычынамі мелася на ўвазе тое, што ў будынку, дзе праводзіцца конкурс, няма безбарʼернага асяродзьдзя. Маўляў, у нас драты на сцэне, сходы... а таму няма такой магчымасьці», — кажа суразмоўца.
У госьпісе разумелі, што праект камэрцыйны, і гатовыя былі нават заплаціць за ўдзел, але гэта, па іх словах, ужо ня мела значэньня.
Арганізатар фэсту: «Тэхнічна гэта немагчыма»
Кіраўнік праекту Grodno Fashion Show Ігар Ляговіч сказаў Свабодзе, што яму дасылалі здымкі калекцыі, і першай прычынай адмовы ён назваў тое, што гэта «нешта незразумелае, ня мае ніякай каштоўнасьці». На яго думку, нехта хоча на гэтым папросту зрабіць піяр.
«А па-другое, — кажа спадар Ляговіч, — як на подыюм іх вазкі павыцягваць, калі ў нас там праходы не разьлічаныя на такую шырыню? Да таго ж там яшчэ экраны, драты... Тэхнічна гэта немагчыма».
«Адмова ўдзельнічаць у конкурсе — гэта дыскрымінацыя»
Вольга Вялічка зьвяртае ўвагу, што ў той самы дзень, 7 кастрычніка, калі ў Горадні адбываўся конкурс Grodno Fashion Show, у Варшаве на конкурсе «Міс сьвету на інвалідным вазку» стала пераможцай беларуска Аляксандра Чычыкава, і ўсе беларускія СМІ з гонарам пра гэта паведамлялі.
«Тое, што нам адмовілі ва ўдзеле ў конкурсе — гэта дыскрымінацыя. У Горадні, як і ўва ўсёй Беларусі, існуе праблема зь безбарʼерным асяродзьдзем. І яна вырашаецца на самых розных узроўнях. Мы жывём з гэтым увесь час і навучыліся прыстасоўвацца да падобнага. І для нас не было б праблемай дзеля ўдзелу ў конкурсе прынесьці інвалідныя вазкі на подыюм, — кажа дырэктарка „Гарадзенскага дзіцячага госьпісу“. — А тут проста абыякавае стаўленьне да праблемы інвалідаў — гэта вельмі засмучае. Я ўжо не кажу пра тое, што Беларусь ратыфікавала канвэнцыю па правах людзей з інваліднасьцю, створаны нацыянальны плян па рэалізацыі канвэнцыі. Мяне проста ўразіла чалавечая чэрствасьць. Мы прасілі ўсяго дзесяць хвілін увагі, нават ня грошай і не дапамогі, але і тут адмова...»
Паводле спадарыні Вольгі, эканамісты палічылі, што шыцьцё адзеньня для людзей з інваліднасьцю можа быць цалкам рэнтабэльнай справай.
Гарадзенскі фэст моды і прыгажосьці Grodno Fashion Show упершыню быў арганізаваны ў 2013 годзе і з таго часу праводзіцца штогод пры падтрымцы Гарадзенскага аблвыканкаму.
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.