У беларускіх народных гаворках зімовыя сьвяты называюцца і Калядамі, і Раством, прычым назвы могуць суіснаваць і кожная зь іх мае яшчэ і мясцовыя варыянты. Глядзім мапу.
А мапа гэтая мае салідны грунт. „Лексічны атлас беларускіх народных гаворак“ — плён палявых экспэдыцыяў беларускіх дыялектолягаў у 1970–90-я гады. Лінгвісты сабралі адказы на 3972 пытаньні, якія далі беларускамоўныя людзі ў 149 паселішчах. Укладальнікі пяці важкіх тамоў заслужана ўганараваныя Дзяржаўнай прэміяй.
Трэці том Атлясу — „Чалавек“ — сярод іншага, фіксуе народныя назвы старажытных вераў, традыцыйных і рэлігійных сьвятаў.
Мапу № 281 „Каляды“ ўклаў выдатны беларускі дыялектоляг і тапаніміст Іван Яшкін. Людзям задавалі пытаньне: „Як называецца зімовае рэлігійнае сьвята: Каляды, Коляды, Ражаство...?“
Каляды
Вельмі старажытнае, яшчэ праславянскае пары, пазычаньне з лацінскай мовы: у рымлянаў calendae — першы дзень месяца або сьвята пачатку году.
Заўважым: Калядá ў адзіночным ліку — гэта і Куцьця, дзень ці вячэра перад Калядамі, а не само сьвята: „Ішла Каляда упярод Раства“ — калядная песьня. „Калісь на Каляду пяклі з мукі каляднікі“ (Маркоўскае, Лельчыцкі р-н). Каляда — і стравы, прыгатаваныя на Каляды, у тым ліку канкрэтны заколаты вяпрук. Каляда — і хаджэньне каляднікаў са сьпевамі ад хаты да хаты. На схему Каляда ня трапіла (
На дахрысьціянскія зімовыя сьвяткаваньні прыпала ўшанаваньне Хрыстовага нараджэньня, і слова Каляды стала абазначаць хрысьціянскае сьвята. У Кузьмічах Любанскага р-ну кажуць: першыя Каляды — уласна Каляды, другія Каляды — Новы год, трэція Каляды — Вадохрышча.
У гаворках два варыянты націску: Каля́ды і Кóляды (запісалі яшчэ і зусім рэдкі трэці — Калядэ́ — у Малых Вераб’евічах Наваградзкага р-ну). Але стандартныя асаблівасьці мясцовага вымаўленьня на схеме не пазначаныя (на паўночным усходзе скажуць прыблізна так: Кыля́ды, а на Заходнім Палесьсі бываюць і Кóлядэ).
Раство
Сынонім Калядаў (часам іх першы дзень). Слова таксама пазычанае, але з царкоўнаславянскай (генэтычна паўднёваславянскай, колішняй роднай мовы Кірыла і Мятода), мовы афіцыйных багаслужбаў у праваслаўнай царкве: РОЖДЬСТВО. Таму яно жыве ў рэгіёнах і вёсках, дзе праваслаўнае насельніцтва пераважае.
Беларуская мова асвойвала слова адпаведна сваім гукавым законам: Ражаство, Раздво, Раство.
На мапе абазначаныя адным значком варыянты:
— Раждзяство, Разьдзяство; толькі ў двух пунктах (Глівін Барысаўскага і Бабовікі Полацкага р-ну) запісаная форма Ражджаство, прынятая цяпер у Беларускім экзархаце РПЦ;
— Ражаство, Ражство, Ражтво, Раштво, Раждво, Рашство;
— Раздво мае дыялектныя варыянты вымаўленьня накшталт Руздво.
Вясёлых Калядаў!
Цыкль „Моўныя мапы“ вядуць Антон Трафімовіч, Жанна Новік і Вінцук Вячорка.