Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нашай краіне такіх людзей адзінкі». Што ў Астраўцы кажуць пра Алеся Юркойця


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Я ня бачыў Алеся Юркойця два гады. І вось спаткаў на судзе. І быў уражаны, як чалавека не зьмяніла турма. Не зьмяніла зьнешне. Усё тая ж усьмешка, усё той жа прамы позірк. Толькі з-за кратаў.

Каб зразумець абсурднасьць гэтай карціны, трэба паехаць на Астравеччыну, дзе мала хто не адкажа на пытаньне — хто такі Алесь Юркойць? З такім пытаньнем я зьвярнуўся на астравецкай вуліцы да людзей. Вось ідуць дзьве інтэлігентнага выгляду жанчыны.

— Вам знаёмае такое імя? Алесь Юркойць?

— Вядома. Гэта чалавек, які любіць сваю родную мову. І размаўляе на ёй, дзе б ён ні быў. Ён працаваў на мытні.

— Гэта вялікі патрыёт Астравеччыны. Краязнаўца. Шмат цікавіцца літаратурай роднага краю, жывапісам. Многія імёны дзеячаў Астравеччыны да людзей данесеныя дзякуючы яму.

А вось немаладая спадарыня ў добрым футры.

— Я яго асабіста ня ведаю. Але чула, што ён краязнаўца. У газэце шмат пра яго пісалася ў нашай, «Астравецкай праўдзе».

Кожны тыдзень у Астраўцы праводзяцца заняткі курсаў «Мова нанова». На іх зьбіраюцца людзі рознага веку, розных прафэсій, рознага жыцьцёвага досьведу. Але якім неабыякавы лёс сваёй краіны. Ініцыятарам гэтых курсаў у Астраўцы быў Алесь. Удзельнікам заняткаў «Мовы нанова», да якіх завітаў пісьменьнік Аляксей Шэін, я задаваў адно пытаньне: «Што зрабіў Алесь Юркойць?» І атрымліваў самыя розныя адказы. Настаўніца Алена ўзгадала пра музэй «Дом паэта Казіміра Сваяка» ў вёсцы Барані, адкрыты з ініцыятывы Юркойця.

— Якія б падзеі ні адбываліся, у тым ліку і адкрыцьцё дома-музэя паэта Казіміра Сваяка, ва ўсіх гэтых падзеях ёсьць рука Алеся. Можна сказаць, што дзякуючы яму вернута гэтае імя. Дзякуючы яму выйшаў збор ягоных твораў. Вельмі глыбокіх, вельмі пранікнёных. Дзякуючы яму на Астравеччыне не аднойчы праходзілі пленэры мастакоў, паэтаў, разьбяроў па камені. Дзякуючы яму атрымалі дапамогу многія людзі, якія цікавяцца гісторыяй. Настаўнікі, якія ня ведалі, дзе шукаць той ці іншы артыкул, каб падрыхтавацца да ўрокаў. Алесь — гэта чалавек зь вялікай літары. Зараз такіх людзей вельмі мала. Для яго ня грае ніякай ролі ўзрост чалавека, яго зьнешнасьць, яго сацыяльны статус. Ён аднолькава сустракае і школьніка, які цікавіцца гісторыяй ці літаратурай, ён аднолькава ставіцца і да старэнькай сялянкі, і да прафэсара. Для яго няма розьніцы, перад ім Адам Мальдзіс ці старая зь вёскі Кірняны. Калі падысьці да любога жыхара Астравеччыны і спытацца, хто такі Алесь Юркойць, яны вам скажуць, што гэта добры, шчыры чалавек, што ён нястомны гісторык, што ён цудоўны сябар, цудоўнейшы бацька і муж. У яго гадуюцца прыгожыя, разумныя тры дачушкі. І я спадзяюся ўсёй душой, што яны хутка сустрэнуцца з татам.

Калі падысьці да любога жыхара Астравеччыны і спытацца, хто такі Алесь Юркойць, яны вам скажуць, што гэта добры, шчыры чалавек, што ён нястомны гісторык, што ён цудоўны сябар, цудоўнейшы бацька і муж

Ахова архітэктурных помнікаў для Юркойця не прыгожыя словы, а канкрэтная справа. Справа, якая заўжды стаіць на першым месцы.

— У Баброўніках ёсьць капліца Сьвятога Рафала. Людзі зрабілі агароджу за свае сродкі. Пафарбавалі. І вось нехта пашкодзіў гэтую агароджу. І хто першы паехаў яе рамантаваць? Алесь. Знайшоў час, адклаў свае справы. Нягледзячы на тое, што ў яго поўна клопатаў. Ён заўсёды прыходзіць на дапамогу. Гэта тая дзейнасьць, якой зараз не хапае. Яна робіцца ня дзеля галачкі. Не намінальная, а рэальная, патрэбная людзям.

Андрэй, інжынэр-энэргетык, зрабіў дзякуючы Алесю для сябе адкрыцьцё — што карыстаньне беларускай мовай не ўскладняе, а наадварот, вельмі аблягчае жыцьцё, робіць яго больш чалавечным.

— Мы часта праводзім абсьледаваньні электраабсталяваньня жылых дамоў. Каб выправіць нейкія парушэньні. І калі прыходзіш і размаўляеш па-беларуску, зусім іншае стаўленьне да чалавека. «Прывітаньне». — «Добры дзень у хату. Ці можна зірнуць?» Стаўленьне да цябе больш прыязнае.

У сувязі з будаўніцтвам АЭС сапраўды ў горадзе паболела людзей з Расеі. Але ня ўсе зьмяняюць культурны ляндшафт. Вось як гэтая сымпатычная маладая жанчына Ірына, якая прыехала з Пскоўшчыны.

Падарожжы Свабоды

Падарожжы Свабоды

Паездкі карэспандэнтаў па гарадах і вёсках Беларусі

— Я знаёмая з Алесем па курсах «Мова нанова». Ён іх і пачынаў. Цікавы чалавек. Увлечаны. Я тут жыву ўжо чатыры гады і не шкадую.

— А што вас прывяло на курсы?

— Захацелася вучыць беларускую мову. Паколькі я тут жыву і працую, я мушу ведаць мову, культуру, гісторыю гэтай краіны.

А вось іншая прыгажуня, бухгальтарка Наста, узгадала Юркойця як экскурсавода.

— Ён ладзіў шмат экскурсіяў па нашым краі, усталёўваў помнікі. Усе, хто яго ведае, вельмі моцна яго паважаюць.

Напэўна, самы дакладны і адначасова вобразны адказ я атрымаў ад юрыста Дзьмітрыя. Дзьмітры прыехаў у Астравец працаваць па разьмеркаваньні некалькі гадоў таму. І знаёмства з Алесем Юркойцем — галоўнае ўражаньне ад Астравеччыны.

— Калі гаварыць пра Алеся Юркойця, першае слова, якое прыходзіць на розум, гэта «завадатар». Завадатар усіх мясцовых патрыятычных, краязнаўчых, гістарычных ініцыятыў. Можна любіць свой край, можна захапляцца гісторыяй радзімы. Але рабіць гэта для сябе. Алесь Юркойць — гэта той чалавек, які ня толькі гэтым захапляецца, але якому стае моцы, адвагі гэта ўсё вынесьці на публічную паверхню. І прыцягнуць людзей. Захапіць сваёй любоўю да роднага краю. Гэта той чалавек, дзякуючы якому я пачаў цікавіцца той мясцовасьцю, дзе жыву, архітэктурай, духоўнай спадчынай. У нашай краіне такіх людзей адзінкі. Іх трэба берагчы. Ні ў якім разе не ўціскаць. Бо такія людзі, як Юркойць, прыносяць шмат карыснага для разьвіцьця грамадзтва ў цэлым.

Усё, што кажа Дзмітры, — у дзясятку. Такіх людзей,як Юркойць, сапраўды трэба берагчы. Бо такія людзі ня толькі прыносяць шмат карыснага для грамадзтва. Яны ёсьць падмуркам дзяржавы. Гатовыя, дзеля яе будучыні, ахвяраваць сваім часам і сваімі сіламі. І тое, што Юркойць знаходзіцца за кратамі, сёньняшняй дзяржаве, далібог, не на карысьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG