Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія палітычныя наступствы можа мець справаздача БДІПЧ АБСЭ?


Назіральнікі АБСЭ падрыхтавалі канчатковыя высновы аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Якая палітычная вага гэтага дакумэнту? Як кіраўніцтва ЦВК зрэагавала на справаздачу БДІПЧ АБСЭ? Ці будуць беларускія ўлады выконваць рэкамэндацыі замежных назіральнікаў?

Удзельнікі: сустаршыня незарэгістраванага аб’яднаньня «За свабодныя выбары» Віктар Карняенка і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Які палітычны ўплыў справаздачы БДІПЧ АБСЭ?

Валер Карбалевіч: «Гэтай канчатковай справаздачы БДІПЧ АБСЭ пра вынікі назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі чакалі як у Беларусі, так і ў Брусэлі. І кожны бок чакаў ад гэтага дакумэнту нешта сваё. Афіцыйны Менск хацеў больш ляяльнай ацэнкі. Дэмакратычная супольнасьць Беларусі спадзяецца, што гэтая справаздача, магчыма, прымусіць улады рабіць нейкія крокі па дэмакратызацыі выбараў. У Бруселі думаюць, што рабіць з санкцыямі ЭЗ адносна Беларусі, магчыма, беручы пад увагу гэтыя высновы БДІПЧ АБСЭ. А вы як думаеце, якая палітычная вага гэтага дакумэнту?»

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка

Віктар Карняенка: «Самае галоўнае ў гэтай справаздачы — пункт пра тое, што не выконваюцца ранейшыя рэкамэндацыі АБСЭ. Да выбарчых інструмэнтаў не дапускаюцца прадстаўнікі апазыцыі. Справаздача БДІПЧ АБСЭ зроблена прафэсійна. Падобны дакумэнт быў па выніках парлямэнцкай кампаніі 2012 г. Але нічога ня выканана».

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі: «Гэтая канчатковая справаздача — больш разгорнуты варыянт дакладу, які быў прэзэнтаваны яшчэ ўвосень, адразу пасьля выбараў. Таму там ніякіх сэнсацыяў няма. Высновы вычэрпваюцца формулай: Беларусі яшчэ трэба прайсьці вялікі шлях да вольных і дэмакратычных выбараў.

Варта зазначыць, што ў сваім стаўленьні да Беларусі ЭЗ кіруецца больш шырокім кантэкстам. У Брусэлі наіўных людзей няма, там добра разумеюць прыроду беларускага рэжыму, разумеюць, што на вялікія саступкі ў пляне дэмакратызацыі Лукашэнка ня пойдзе. Захад прымае пад увагу геапалітычныя чыньнікі. Ідзе гульня з абодвух бакоў. Таму гэты даклад не паўплывае на цяперашні трэнд нармалізацыі адносін Беларусі з Захадам».

Як кіраўніцтва ЦВК зрэагавала на справаздачу БДІПЧ АБСЭ?

Карбалевіч: «28 студзеня з двухдзённым візытам у Менск прыбылі дырэктар БДІПЧ АБСЭ Міхаэль Георг Лінк, намесьнік старшыні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Кэнт Харстэд. Яны сустракаюцца тут зь беларускімі чыноўнікамі, у тым ліку з прадстаўнікамі Цэнтравыбаркаму, прадстаўнікамі грамадзкасьці. Як бы вы ацанілі вынікі сустрэч зь беларускімі чыноўнікамі? Як яны рэагуюць на высновы БДІПЧ АБСЭ?»

Карняенка: «Спадзяваньні беларускіх уладаў, што ў міжнароднай супольнасьці ня хопіць прынцыповасьці, аказаліся марнымі. Хоць міжнародная каньюнктура складваецца на карысьць Лукашэнкі, бо Эўропе сёньня не да яго.

Беларускія ўлады прымяняюць тактыку „пускаць пыл у вочы“. Яны робяць захады ў справе выбараў, якія не набліжаюць Беларусь да дэмакратычных стандартаў. Кіраўніцтва ЦВК кажа, што, маўляў, цяжка зьмяняць Канстытуцыю, выбарчае заканадаўства, Цэнтравыбаркам можа прымаць толькі пастановы.

Спадзяваньні беларускіх уладаў, што ў міжнароднай супольнасьці ня хопіць прынцыповасьці, аказаліся марнымі

Я лічу, што паводле дзейнага заканадаўства можна правесьці ў Беларусі нармальныя выбары. Дзеля гэтага патрэбная воля і жаданьне ўладаў. А гэтага ня будзе, пакуль уладу моцна не прыцісьне.

Галоўнае, трэба патрабаваць, каб улады выканалі тры пункты рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ: празрыстая працэдура падліку галасоў, гарантаванае ўключэньне прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі, забесьпячэньне правоў назіральнікаў. Бяз гэтых крокаў ніякія празрыстыя скрыні нічога не вырашаюць».

Класкоўскі: «Беларускія чыноўнікі дзейнічаюць у рэчышчы працэсу нармалізацыі адносін Беларусі з Захадам. Таму яны і не ўжываюць жорсткую рыторыку. Найперш, яны выйгралі час. Спачатку была адгаворка, што пачакаем канчатковых высноваў БДІПЧ АБСЭ. Цяпер яны кажуць, што ўжо позна, паводле закону нельга ўносіць зьмены ў выбарчае заканадаўства, калі да выбараў застаецца мала часу. Беларускія ўлады ня пойдуць на празрыстасьць выбараў, калі кожны бюлетэнь паказваюць назіральнікам. Яны лічаць, што нельга рабіць саступкі, даваць слабіну, бо пазьней гэта пашырыцца і на прэзыдэнцкія выбары».

Высновы БДІПЧ АБСЭ і лёс санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі

Карбалевіч: «Як гэты дакумэнт, ці, магчыма, рэакцыя беларускіх уладаў на рэкамэндацыі справаздачы назіральнікаў, паўплывае на лёс санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі?»

Карняенка: «На Захадзе ў Лукашэнкі хапае лабістаў. Вось калі ўзьнікаюць праблемы, якія абыйсьці нельга, кшталту палітвязьняў, тады ціск з боку ЗША і ЭЗ вялікі. Задача беларускай апазыцыі палягае ў тым, каб зьмяніць стаўленьне міжнароднай супольнасьці да выбараў. Думаю, вырашэньне пытаньня пра санкцыі будзе адкладзена да парлямэнцкіх выбараў».

Класкоўскі: «ЭЗ відавочна ня хоча вяртаць назад санкцыі дзеля геапалітычных чыньнікаў. Таксама думаю, што санкцыі альбо скасуюць, альбо замарозяць іх дзеяньне да парлямэнцкіх выбараў. Калі толькі беларускія ўлады ня зробяць вялікіх глупстваў. Думаю, у іх хопіць здаровага сэнсу не рабіць новых палітвязьняў. Мяркую, „справа графіцістаў“ ня скончыцца тым, што гэтых хлопцаў пасадзяць за краты.

Да таго ж заходнія палітыкі бачаць рэальны стан беларускага грамадзтва. Насельніцтва напалохана, запужана ўкраінскімі падзеямі і становіцца падчас крызісу яшчэ больш рахманым. Пакуль не сасьпее сытуацыя ў самой Беларусі, Захад не дапаможа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG