Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як мы можам падвышаць цэны, калі і так нічога не прадаецца...»


Пастановай ураду ад 11 студзеня ў Беларусі адмененае адміністрацыйнае рэгуляваньне коштаў на шэраг харчовых тавараў і паслуг. У сьпіс трапілі прадукты штодзённага харчаваньня: жытні і пшанічны хлеб, сьвініна і ялавічына, мяса птушкі, яйкі, малако, сьмятана і тварог, розныя гатункі і віды дзіцячага харчаваньня.

Якую мэту мае ўрадавая пастанова, прэсавы сакратар Савету Міністраў Уладыслаў Сычэвіч не патлумачыў, спаслаўшыся на афіцыйнае паведамленьне:

«Калі ласка, прачытайце наш афіцыйны камэнтар — там усё сказана. Тое, што мы хацелі сказаць, напісана ў камэнтары да гэтай пастановы. Каб не было перайначваньня нашых словаў, калі ласка, прачытайце на сайце і адтуль вазьміце патрэбныя камэнтары. Тое, што мы хацелі сказаць — усё там напісана».

У афіцыйным паведамленьні Савету Міністраў, у прыватнасьці, гаворыцца: «З улікам прадстаўленага шырокага асартымэнту прадукцыі рознага цэнавага сэгмэнту на рынку і канкурэнцыі сярод вытворцаў у цяперашні час адсутнічае неабходнасьць у цэнавым рэгуляваньні шэрагу харчовых тавараў».

Тым часам прадстаўнікі гандлёвых сетак не ў захапленьні ад чарговай ініцыятывы ўраду ў справе «адпусканьня» коштаў. Загадчыца крамы «Нацыянальны гандлёвы цэнтар» на вуліцы Сурганава ў Менску, у прыватнасьці, мяркуе, што прадпрыемствы гандлю ня будуць мець зь яе выгады, бо кошты на прадукты не падвысяцца:

«Паводле свайго вопыту скажу, што пры цяперашняй пакупніцкай здольнасьці ніхто нікуды ня кінецца нічога падвышаць — і так нічога не прадаецца. Тым больш пасьля Новага году, калі людзі патрацілі ўсе грошы на сьвяты. І ў рэальнасьці прадаецца толькі хлеб, малочныя прадукты, нешта іншае дробнае. Але ўсё залежыць ад крамаў. Да прыкладу, „гіпэры“, можна сказаць, „скралі“ пакупнікоў драбнейшых крамаў. Наша не адносіцца да буйной сеткі, і я вельмі пакутую ад таго, што насупраць ёсьць „Суседзі“. Там ёсьць розныя акцыі, і людзі ідуць туды. Але я мяркую — а працую шмат гадоў, і летась была падобная сытуацыя — ніхто ня кінецца падвышаць кошты.

Зараз пакупнікі за розьніцу ў 200 рублёў і скаргі пішуць, і разьдзерці цябе проста гатовыя.

Таму, калі мы кінемся падымаць кошты, то мы адаб’ём жаданьне ў пакупнікоў увогуле хадзіць у крамы. Асабліва гэта тычыцца такіх крамаў, якія не ўваходзяць у склад буйных гандлёвых сетак. А ў „сеткавікоў“ тарыфы адпачатку ніжэйшыя — дзякуючы аб’ёмам. А ў мяне толькі чатыры крамы, і нам ніхто ня дасьць такой зьніжкі, бо мы ня выберам гэткі ж аб’ём. Я і ў „сетцы“ раней працавала і ведаю, што і там не адбываецца імгненнага падвышэньня коштаў. Там таксама ідзе змаганьне за кожнага пакупніка. Вы ж бачыце, што цяпер уладальнікам дазваляюць набываць зямлю, крамы адкрываюцца дзьверы ў дзьверы. І таму ў іх таксама няма сэнсу падымаць кошты, калі яны стараюцца прыцягнуць пакупніка. Не, цяпер такога ўжо няма. Магчыма, што дзесьці павялічыцца гандлёвая надбаўка на чымсьці іншым, „згуляюць“ на алькаголі ці іншых таварах, але толькі не на сацыяльна значных таварах. А рашэньні кіраўніцтва краіны мне цяжка патлумачыць — дзеля чаго гэта зроблена і на што разьлічана».

Чым прадыктавана пастанова Савету Міністраў пра адмену рэгуляваных коштаў на прадукты харчаваньня і што яна азначае для вытворцаў і спажыўцоў, цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах Менску:

Спадарыня сярэдніх гадоў: «Ну, гэта праблема, пэўна, калі няма фіксаванага кошту. Бо цяжка будзе плянаваць і кантраляваць свой бюджэт. Гэта дрэнна — кідаюць нас на выжываньне».

Бізнэсовец: «Я думаю, што гэта якраз добра. Чым менш дзяржаўнага ўмяшаньня, тым лепш — так эканомікі ўсяго сьвету працуюць. Пэўна, прыйшла пара».

Спадар пэнсійнага веку: «Нічога гэта ня будзе азначаць і нічога надзвычайнага не адбудзецца. Бо кошты ўжо настолькі высокія, што падымаць няма ўжо куды. Так і раней было: нібыта кошты трымалі, а ніхто нічога і раней не трымаў».

Юнак: «Для бізнэсу так — гэта добра, а для пэнсіянэраў, пэўна, кепска. Але гэта крок у правільным кірунку».

Акрамя харчовых тавараў, урадавай пастановай здымаецца рэгуляваньне коштаў і на шэраг паслуг. У прыватнасьці, на платную мэдыцыну, на паслугі лазьняў, сродкаў сувязі.

Эканаміст і палітык Леў Марголін мяркуе, што чарговыя захады ўладаў у справе разьдзяржаўліваньня эканомікі краіны скіраваныя на далучэньне да міжнароднага эканамічнага працэсу. Аднак, як заўжды, перадусім гэта робіцца ня коштам структурных рэформаў, а коштам бюджэтаў звычайных грамадзян краіны:

Леў Марголін
Леў Марголін

«Я магу сказаць толькі адно, што гэта ёсьць патрабаваньнем Міжнароднага валютнага фонду. Не павінна быць ніякіх рэгуляваньняў з боку ўраду, эканоміка павінна быць самарэгуляваная. Іншая рэч, што ў галіне прадуктаў харчаваньня канкурэнцыя сапраўды вельмі высокая, і для грамадзян ніякіх адмоўных наступстваў ня будзе. А вось што тычыцца тарыфаў, у прыватнасьці, на паслугі сувязі альбо жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і іншыя, якія таксама неўзабаве стануць нерэгуляваныя, то тут ёсьць праблема. Бо няма канкурэнтнага асяродзьдзя, няма празрыстасьці ў фармаваньні сабекоштаў гэтых паслуг. І што яшчэ важна — выкананьне ўмоваў Міжнароднага валютнага фонду ў справе рынкавых пераўтварэньняў улада заўсёды чамусьці распачынае з таго, што тычыцца насельніцтва. Ёсьць яшчэ шмат патрабаваньняў: прыватызацыя, адмова ад дапамогі стратным прадпрыемствам і шмат іншых. Але структурныя рэформы адсоўваюцца на пасьля, а сёньня можна адрапартаваць: бачыце — мы выконваем вашы патрабаваньні — давайце нам грошы. Дзяржава мае патрэбу ў грашах і мусіць нешта рабіць. А рабіць прасьцей за ўсё тое, што не патрабуе структурных зьменаў у эканоміцы. Адмянілі рэгуляваньне коштаў — ужо можна рапартаваць».

Раней урад краіны адмяніў рэгуляваньне цэнаў на рыбу, масла, алей, муку, цукар, соль, макарону і крупы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG