«Ад амаль 2000 палонных блізу 800 чалавек памерлі ад зьнясіленьня. Тутэйшая зямля, якая пахавала ўжо мільёны ахвяраў гэтай бессэнсоўнай вайны, прымала іх і надалей», — так апісаў лягернае жыцьцё ваеннапалонных немцаў Губэрт Грывэл (Hubert Griewel). Ягоную кнігу «Мы марылі пра хлеб і мір. Магілёў, 1944–49 гады» пераклаў на беларускую мову магілёвец, які цяпер жыве ў Нямеччыне, Алег Давід Лісоўскі.
«Кніга зацікавіла, бо ў ёй падаецца аповед былога палоннага салдата Вэрмахту пра вядомыя нібыта падзеі з гледзішча немца, — кажа ён. — Яны апісваюцца падрабязна, праўдзіва ды захапляльна, зь ня дужа прыгожымі дэталямі. Іншым разам усё выглядае сапраўдным трэшам. Прачытаўшы першыя некалькі старонак, я зразумеў: гэтая кніга можа стаць гітом».
Кінутыя грузавікі, перакуленыя вазы, роспачныя крыкі адступаючых
Губэрта Грывэла забралі ў салдаты ў 1942 годзе з заходненямецкай вёскі. Юнак толькі пасьпеў асвоіць рамяство цесьляра. Спазнаць «акопную праўду» яму не давялося. Два гады ён прабыў у войсках сувязі ў вёсцы на Віцебшчыне.
«Вайну ён пабачыў, як пачаўся наступ савецкіх войскаў, — кажа Алег Лісоўскі. — Пад націскам частка, у якой служыў Губэрт, адступіла пад Магілёў, дзе немцаў добра пакалашмацілі».
«У Магілёве засталіся, бо быў загад тут трымацца да апошняга. Губэрт апісвае, як іх магілёўскімі вуліцамі вялі да акопаў. А тым часам многія салдаты панічна беглі на захад. Яны кідалі ўсё што можна. Губэрта ж, разам зь іншымі, прывялі да акопаў, далі карабін ды няшмат патронаў да яго. У іх заставаліся рэшткі ўчорашняй ежы, фляга з вадою. Так сядзелі ў акопе і чакалі, пакуль на горад не пачнуць наступ чырвонаармейцы», — пераказваў аповед былога салдата вэрмахту Алег Лісоўскі.
«З санітарнай машыны, што праехала каля нас, мы чулі крыкі і стогны параненых. Шмат для каго гэта было чыстым жахам, бо яны ехалі ў невядомае, — так апісвае апошнія дні перад палонам сам Губэрт Грывэл. — Павольна рухаючыся да цэнтру гораду, мы прыбылі да скрыжаваньня, ад яго адгаліноўвалася шаша на Менск. Тут сярод руін нам адкрылася хаатычная карціна. Кінутыя грузавікі, у якіх скончылася паліва, перакуленыя вазы, чый груз быў раскіданы і раструшчаны па дарозе, і зноўку безнадзейныя крыкі адступаючых».
«Калі сьцямнела, мы зь сябрам Гердам ляжалі галава да галавы ў акопе, — піша далей Грывэл. — Мы адкрыта гутарылі, што цяпер тыя „нацысты“, якія былі вінаватыя ў гэтай вайне, бавяць на радзіме добрыя дні, пакуль нас тут прыносяць у ахвяру іх інтарэсам. Так мы заснулі, з думкамі пра радзіму».
Я належаў да 5% палонных, якія не былі зьнішчаныя ветрам і надвор’ем
Губэрт Грывэл не пасьпеў да войска пазнаёміцца зь дзяўчынай, і гэта дужа непакоіла яго. Нямецкі салдат, кажа Алег Лісоўскі, і ў палоне, і да яго думае, што яго заб’юць, а ён так і не спазнаў каханьня. У няволі хлопец пастаянна думаў і пра маці.
«Марыў вярнуцца на радзіму, пабачыць сям’ю. Непакоіўся, ці пабачыць сваіх братоў, якіх таксама пабралі ў войска. Гэтымі думкамі прасякнутая ўся кніга. Ён быў дужа набожны. Маліўся ўвесь час. Казаў, што гэта вера дапамагла яму знайсьці сілы, каб выжыць і вярнуцца дадому», — кажа Алег Лісоўскі.
«Калі горад занялі чырвонаармейцы, то ў палон трапіла няшмат салдат вэрмахту, — працягвае суразмоўца. — Губэрт Грывэл апісвае, як палонных сабралі ўсіх разам і пагналі па гарадзкіх вуліцах перад камэрай дзеля хронікі. Але, паколькі палонных было няшмат, то не ўдавалася зрабіць маштабнасьці падзеі. Таму перад камэрай іх прагналі некалькі разоў, каб было ўражаньне бясконцасьці калёны палонных».
Паводле ўспамінаў Грывэла, кажа Алег, у горад пазьней зьвезьлі нямала немцаў. Дакладнай лічбы ён не называе, але зь ягонага аповеду вынікае, што колькасьць палонных сягала дзясятка тысяч.
«Умовы ўтрыманьня Губэрт апісвае дужа падрабязна, — кажа аўтар перакладу. — Піша, што не было сродкаў гігіены. Не было ежы. Холад. Не было лекаў. Цяжэй за ўсё было тым, каго трымалі ў агульных лягерах на тэрыторыі заводаў, дзе ўсе палонныя жылі ў вялікіх памяшканьнях. Палонных даймалі паразыты, хваробы, эпідэміі. Сьмяротнасьць была вялікая. Вельмі шмат палонных памірала. Нямала не вытрымлівалі цяжкой працы. Памерлых зрэдку хавалі паасобку. Звычайна былі брацкія пахаваньні».
«Адзіным плюсам, які абнадзейваў мяне, быў той факт, што я цяпер належаў да недзе 5% палонных, якія не былі зьнішчаныя ветрам і надвор’ем, — так апісвае сам Губэрт Грывэл лягерныя ўмовы. — Мінулай зімой 1944–45 году гэтыя нягоды каштавалі тут сотням жаўнераў жыцьця. Ад амаль 2000 палонных каля 800 чалавек памерлі ад зьнясіленьня. Тутэйшая зямля, якая пахавала ўжо мільёны ахвяр гэтай бессэнсоўнай вайны, прымала іх і далей».
У савецкай краіне існавалі крамы з разнастайным асартымэнтам, куды звычайным жыхарам не было ўваходу
«Аўтар кнігі адзначае, — працягвае Алег Лісоўскі, — што ў палонных жыцьцё было вельмі цяжкае, але і шмат хто з гараджан жыў ня лепей за іх. Гэта немцаў вельмі зьдзіўляла. Яны не маглі зразумець, чаму людзям на волі жывецца цяжка».
«Па развагах Губэрта Грывэла, гараджане на волі маглі працаваць і зарабляць, — кажа перакладчык. — Яны жылі ў сваёй краіне. Іх больш ніхто не прыціскаў. Але выходзіла не зусім так. Калі з жыльлём было цяжка ўсім, бо ўсё было пабуранае, то чаму людзі галадаюць? Чаму дзяржава не падтрымлівае людзей, а кідае іх на волю лёсу? Губэрт апісвае, як людзі стаялі ўзімку ў чарзе па хлеб. Стаялі ўсю ноч, і некаторыя замярзалі да сьмерці».
«На пачатку лістапада зрабілася істотна халадней. Каля дзяржаўных хлебных крам утварыліся чэргі з тых, хто чакаў белага хлеба, несумненнай прыкметы таго, што набліжалася сьвята, — піша сам Губэрт Грывэл у сваёй кнізе. — Газэты тым часам паведамлялі пра голад у ангельскай зоне акупацыі, то бок з заходненямецкага раёну, дзе быў і мой дом. Савецкія грамадзяне ад гэтай навіны меліся адчуваць сябе больш шчасьлівымі. А іхнае ўяўнае шчасьце складалася з таго, каб мець магчымасьць набыць белага хлеба. Пры гэтым 6–12-гадзіннае стаяньне ў чарзе, відаць, не заўважалася».
«У той жа час у горадзе працавалі крамы для партыйных функцыянэраў, — цытуе Алег Лісоўскі. — У іх было даволі і хлеба, і ўсялякай ежы. Усё было тое, пра што ў той час можна было марыць звычайнаму гараджаніну».
«Карціна вельмі рознага сацыялізму была, аднак, бачная ня толькі ў лягеры, але перадусім сярод мясцовага насельніцтва, — піша ў сваіх успамінах Губэрт Грывэл. — Калі нехта бачыў, што для пануючай клясы ў савецкай краіне існавалі асобныя крамы з разнастайным асартымэнтам, куды звычайным жыхарам не было ўваходу, то паўставала пытаньне, дык за што на самой справе змагаліся ў кастрычніку 1917-га».
Насельніцтва тут жыло ў неверагодна жабрацкіх умовах
Губэрт Грывэл адзначае, што большасьць простых гараджан да палонных ставіліся спагадліва. Няшмат было тых, хто выяўляў адкрытую варожасьць. Да палонных ставіліся як да пераможаных, кажа Алег Лісоўскі.
«Гараджане былі адкрытыя. Палоннаму Губэрту гэта імпанавала, — кажа ён. — І гэта падаецца дзіўным, бо немцы зусім нядаўна былі акупантамі. Вельмі шмат гараджан і вяскоўцаў стараліся дапамагчы ім ежай. Калі ўмовы ў лягеры былі ня дужа строгія, то немцы дамаўляліся з аховай, каб выйсьці зь лягера на некалькі гадзін. Палонныя хадзілі па хатах мясцовых жыхароў і зараблялі, дзе можна. Дапамагалі па доме, нешта рамантавалі, будавалі. Такім чынам і зараблялі сабе ежу. Палонныя марылі пра мір і хлеб. У галовах палонных была думка, каб атрымаць волю хутчэй, каб скончылася вайна ды каб яны маглі вярнуцца дадому».
«Ён апісвае свае ўражаньні ад кантактаў зь беларусамі, калі быў у вёсцы на Віцебшчыне, — дапаўняе суразмоўца. — Яму было цікава паглядзець, як жывуць у ёй мясцовыя жыхары. Яго дзівілі ўмовы жыцьця».
«Насельніцтва тут жыло ў неверагодна жабрацкіх умовах, — піша Губэрт Грывэл у сваёй кнізе пра вёску, у якой стаяла ягоная часьць. — Гігіенічны стан быў, мякка кажучы, катастрафічны. Жыцьцё, перадусім харчаваньне, можна было параўнаць толькі з жыцьцём нашых прадзедаў зь мінулага стагодзьдзя».
Губэрт Грывэл не акцэнтаваў увагі на нацыянальнай адметнасьці гараджан, кажа Алег. Ён апісваў свае ўражаньні ад сустрэчы з чалавекам, адзначаў ягоную гатоўнасьць дапамагчы, але не рабіў высноваў пра ўвесь народ.
У палоне Грывэл прабыў да 1949 году. Напачатку яму пашанцавала. Ён трапіў у лязарэт, бо быў паранены. Першую зіму ён перажыў у магілёўскай прыгараднай вёсцы Пашкава, што дазволіла яму пазьбегнуць дужа цяжкіх умоваў агульнага лягера ў першы год няволі.
Палонныя працавалі на руінах, разьбіралі завалы ў горадзе. Затым іх пачалі дзяліць паводле прафэсійных здольнасьцяў. Калі была якая прафэсія, то палонны трапляў у брыгаду спэцыялістаў. Хто ж ня ўмеў нічога, тыя працавалі на руінах.
Губэрта Грывэла ўратавала прафэсія цесьляра. Апошнія два гады няволі палонных з прафэсіямі трымалі не ў агульным лягеры, а ў асобным, у горадзе. Жылі брыгадамі. Умовы былі лепшыя, чым у агульным лягеры. У апошнія гады ім нават сталі плаціць заробак.
«Губэрт дужа шмат пісаў пра тое, як выглядаў горад, — кажа Алег Лісоўскі. — Зразумела, ён быў дужа пабураны, і Губэрт яго адбудоўваў разам зь іншымі палоннымі. Тое, як ён апісваў, дзе былі лягеры для палонных, — гэта дужа карысная інфармацыя для мяне як чалавека, які зьбірае зьвесткі па гісторыі Магілёва. Напрыклад, тое, што ў Доме Саветаў (цяперашні аблвыканкам. — РС) быў лягер, ужо вартае фіксацыі. Пісаў ён, дзе знаходзіліся крамы, як выглядаў горад. Дзе было фотаатэлье, у якім палонныя перад вызваленьнем рабілі сабе групавы здымак. Пісаў пра цэрквы. Дарэчы, паводле ягоных успамінаў, цэрквы ў пасьляваенныя гады працавалі».
У палон траплялі простыя салдаты, якія ня дужа хацелі ісьці на вайну
Алег габрэй. Ягоная бабуля цудам ацалела ў магілёўскім гета, у якім амаль усю яе сям’ю забілі нацысты.
«Адчуваньні, калі перакладаў кнігу, былі зьмешаныя, — прызнаецца Алег. — Адразу ўзьнікалі паралелі зь нямецкімі канцлягерамі. Я нямала чытаў успамінаў габрэяў, якія зазналі Галакост, жылі ў лягерах, у гета, цудам ацалелі. Я параўноўваў іхнае жыцьцё ў фашысцкай няволі з умовамі, у якіх утрымліваліся потым немцы ў палоне. І думаю, што нямала будзе тых, хто, прачытаўшы пераклад кнігі, скажа, што сапраўды немцы заслужылі такія пакуты».
«На мой жа погляд, тыя, хто вінаваты ў Галакосьце, далёка ня ўсе былі пакараныя. У палон траплялі збольшага простыя салдаты, якія прызнаваліся, што ня дужа хацелі ісьці на вайну. Іх прызвалі ў войска, і ў іх не было выбару, — тлумачыць сваю пазыцыю суразмоўца. — Тады ў Нямеччыне была дыктатура, і ніхто не пытаўся ў чалавека, ці хоча ён на вайну. Салдаты за ўвесь час вайны не пабачылі ніводнага габрэя, як той жа аўтар кнігі. Таму ставіцца да яго як да злачынцы наўрад ці слушна. Усе народы сталі ахвярамі бязглузьдзіцы, якую разьвязалі дзяржавы паміж сабою і ўцягнулі ў яе столькі простага народу, які быў гарматным мясам».
Алегу Давіду Лісоўскаму 32 гады. Дзевяць гадоў таму ён пераехаў у Нямеччыну. Жыве ў Баварыі. Працуе ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў. Зьбірае зьвесткі па гісторыі Беларусі ў нямецкіх хроніках ды кнігах. Сёлета магілёўцы пабачылі фотавыставу «Невядомы Магілёў». Экспанаты для яе Алег адшукаў у Нямеччыне.
«Шукаю тое, што ніколі не друкавалася і не выстаўлялася пра Беларусь у Беларусі, — кажа ён. — Знойдзенае стараюся зрабіць вядомым».
Кніга «Мы марылі пра хлеб і мір. Магілёў 1944–49 гады» перакладзеная на беларускую мову. Для завяршэньня працы над ёй патрэбная дапамога ў вычытваньні тэксту.
«Калі ня знойдуцца сродкі на вялікі наклад, то некалькі сот асобнікаў можна будзе выдаць, сабраўшы грошы праз падпіску», — спадзяецца Алег Лісоўскі.