Сьцісла:
- Бясспрэчнае ваеннае злачынства — „murder (=забойства) of civilian population“. Як па-беларуску перадаць гэты тэрмін?
- У бальшыні эўрапейскіх моваў мірнае насельніцтва, невайсковых называюць лацінскім коранем civil-: der Zivilbevölkerung, цивільне населення, ludność cywilna…
- Толькі па-расейску — гражданское население. Тыповая навіна: „Российский военный УАЗ въехал в гражданский «фольксваген» под Минском“.
- Лацінская назва жыхара свабоднага гораду — civis (civitas ‘места’). Прыметнік — civilis. Меў шмат значэньняў — і палітычную сфэру ў процівагу вайсковай, і прыналежнасьць да народу, і пачцівыя манеры.
- У „новых“ эўрапейскіх мовах замацавалася адрозьненьне: уласнае слова для „грамадзяніна“ (напр. Bürger) і лацінскае — для невайсковага чалавека/насельніцтва (напр. Zivil).
- А ў расейскай мове слова „гражданин“ (гл. „Наказ“ Кацярыны ІІ, 1767 год) не набыло эўрапейскага значэньня ‘свабодны носьбіт палітычных правоў’ і было проста сынонімам ‘падданага’.
- „Гражданин, пройдёмте“, а зусім не „Aux armes, citoyens, Formez vos bataillons!“ — як пяецца ў Марсэльезе.
- У савецкі час словам „товарищ“ называлі толькі ідэйна правераных, насельнік Валадаркі „товарищем“ быць ня мог, яго звалі выключна „гражданином“ .
- У Расеі не было патрэбы разьмяжоўваць панятак „гражданин“ і назву асобы невайсковага (і несьвятарскага) стану, таму „гражданский“ стала азначаць і ‘невайсковы’: „гражданское население“, „гражданская оборона“, „гражданский кодекс“…
- Беларускае слова грамадзя́нін — ад грамады́, ужо яго корань падкрэсьлівае суб’ектнасьць і годнасьць асобы.
- А для называньня невайсковага статусу, мірнага насельніцтва маем той самы агульны лацінізм — цывільны.
Пасьля Нюрнбэрскага трыбуналу над нацыстамі ААН прыняла яго асноўныя прынцыпы за аснову міжнароднага права. Нюрнбэрскі прынцып № 6 пералічвае ваенныя злачынствы. Першае ў пераліку — „murder (= забойства) of civilian population“.
Як па-беларуску перадаць гэты тэрмін?
Па-ўкраінску — цивільне населення, па-польску ludność cywilna, па-харвацку civilno stanovništvo, па-нямецку der Zivilbevölkerung, па-француску la population civile… Усюды лацінскі корань civil-.
А па-расейску — гражданское население. Тыповая цяперашняя навіна:
„Российский военный УАЗ въехал в синий гражданский «фольксваген» в Михановичах под Минском“.
Тут два важныя адрозьненьні між мовамі. Па-першае, калі хтосьці/штосьці належыць да войска — па-беларуску скажам вайсковы, бо ваенны — наўпрост зьвязаны з вайной (хоць тут УАЗ акурат уляпаўся ў ганебную вайну).
Па-другое, што па-расейску значыць гражданский „фольксваген“? Ён належыць грамадзяніну? А калі фірме? Не, „гражданский“ тут проста антонім да „военный“.
Маем для такога значэньня асобны прыметнік — цывільны. Як у большасьці іншых моваў.
На жаль, на гэта забываюцца. Дэзарыентуе і гугальтрансьлейт, які самаўпэўнена перакладае рас. гражданский на беларускую толькі як грамадзянскі. Адсюль памылкі ў беларускай навіннай стужцы:
„Але браць у палон не вайскоўцаў, а грамадзянскіх — яшчэ адно ваеннае злачынства“.
Меўся на ўвазе, вядома, палон цывільных людзей (яго таксама ўпамінае згаданы Нюрнбэрскі прынцып № 6).
Civis і цывілізацыя
Назвы жыхароў свабодных эўрапейскіх гарадоў/местаў, дзе, уласна, і нарадзілася дэмакратыя, маюць багатую гісторыю. Старажытнагрэцкі πολίτης — жыхар полісу. Ён быў суб’ектам палітыкі, даў пачатак самому гэтаму слову. Аналягічнае слова — рымскі civis (жыхар места/гораду, civitas), прыметнік — civilis.
Заснавальнік культурнай гісторыі галяндзец Ёган Гёйзынга прасачыў, як стары лацінскі корань напаўняўся новым зьместам. Лацінскае слова civilis мела шмат значэньняў — называла і палітычную сфэру ў процівагу вайсковай, і прыналежнасьць да свайго народу, і пачцівыя ды ветлівыя манеры. Таму ў эўрапейскіх мовах яно спарадзіла вялікае гняздо важных тэрмінаў, у тым ліку слова цывілізацыя.
Вось жа ў многіх „новых“ эўрапейскіх мовах як назвы свабоднага суб’екта дзяржаўнай палітыкі — грамадзяніна — замацаваліся калькі з грэцка-лацінскай мадэлі, але ад свайго кораня са значэньнем ‘горад’: Bürger, citoyen, citizen, ciutadà. А лацінскі корань civil- у гэтых мовах стаў азначаць невайсковага чалавека, мірнае насельніцтва.
І беларускай мове сэмантычная шырыня лацінскага кораня дазволіла скарыстаць адно зь яго значэньняў — ‘не вайсковы, не сьвятарскі’ — у прыметніку цывільны.
„Цивильные в штатском“
У расейскай мове кніжны прыметнік цивильный ёсьць, але лічыцца палянізмам ды архаізмам:
„Он мигом собрался и «пошил» себе «цивильный» сюртук, «брюндели», пальто и отправился, какговорят в Харькове, в «Россию»“ (Мікалай Ляскоў, 1864).
Праўда, у сучаснай Расеі слова цивильный пэрыядычна ажывае як жарганізм — цяперашняе яго значэньне ‘прыстойны, якасны’ (магчыма, скарот ад цивилизованный): „Этим летом, наконец, выбрались в Крым в цивильные места“ (відаць, калі яшчэ не пасьпелі зьнішчыць там такія месцы).
У расейскай ёсьць і германізм штатский ‘які на дзяржаўнай (невайсковай) службе’. Спачатку яго прывёз у Расею Пётар І у галяндзкай форме статский (засталася ў назвах расейскіх дзяржаўных чыноў). Зь цягам часу стаў азначаць проста „невайсковы і несьвятарскі“ — г. зн. як сынонім слова гражданский.
Характэрны выраз [тип/неизвестный/искусствовед…] в штатском на беларускую мову звычайна перакладаем [...] у цывільным:
„...Літаратуразнаўцы ў цывільным выклікалі на размову маладых паэтаў і паэтак“ (У. Арлоў)
Пільныя беларускія юрысты і вайскоўцы
У галоўным слоўніку кароткай эпохі беларусізацыі — „Расійска-беларускім“ С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928) — расейскае „гражданский“ правільна перадаецца двума беларускімі: грамадзянскі і цывільны.
Але, дзіва, у тыя ж гады ў профільным слоўніку Інстытуту беларускае культуры „Тэрміналёгія права“ (1927, уклаў Мікола Гуткоўскі) расейскаму тэрміну „гражданский“ дадзены толькі адзін беларускі адпаведнік — грамадзянскі. У крытычным разборы слоўніка правазнаўца Леў Акіншэвіч (Полымя. 1928. № 4) дакладна разьмежаваў карані:
Значэньне грамадзкасьці — тут трэба пакінуць тэрмін „грамадзянскі“; ды значэньнепрыватнасьці — тут мажліва ўзяць тэрмін „цывільны“ ці „прыватны“.
А потым у беларускай юрыдычнай тэрміналёгіі наступіў доўгі застой — у пасьляваеннай БССР беларускую мову проста не пускалі ў суды і на юрфакі.
Прарыўное вяртаньне тэрміну цывільны адбылося ў 1990-я. „Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік“ (1992) зафіксаваў цэлае гняздо словазлучэньняў: цывільнае права, цывільная справа... Цывільнае (прыватнае) права проціпастаўляецца крымінальнаму праву, рэгулюе дачыненьні паміж фізычнымі і юрыдычнымі асобамі. Настане пара, калі законы будуць прымацца па-беларуску — і называцца карэктна, ня калькай з расейскае мовы: Цывільны кодэкс. Так у слоўніку.
І беларускія вайскоўцы два розныя значэньні рас. „гражданский“ разьмяжоўваюць у беларускай мове па-вайсковаму строга:
„власти военные / гражданские“ — улады вайсковыя / цывільныя; „гражданский аэродром“ — цывільны аэрадром. Цывільная авіяцыя.
Але „гражданский (от гражданин)“ = грамадзянскі.
(„Расейска-беларускі вайсковы слоўнік“ Станіслава Судніка і Сяргея Чыслава, 1997)
Цісьне расейшчына
Зрэшты, у пасьляваенных „афіцыйных“ слоўніках беларускае мовы тэрмін цывільны ёсьць, ён мае значэньні ‘не вайсковы’, ‘не духоўнага званьня’ (сьвецкі, рас. „мирянин“). Вайсковы люд і люд цывільны / Вакзалы поўнілі сабой. (Колас). Здавалася б, нішто не перашкаджае захоўваць багацьце беларускае мовы — разьмяжоўваць „цывільных“ людзей і „грамадзянскія“ абавязкі.
Але блытаніна з расейскай мовы ўсё ж прыйшла. Слову грамадзянскі Тлумачальны слоўнік беларускай мовы прыпісвае два значэньні:
- Які мае адносіны да прававога становішча грамадзян у дзяржаве. Грамадзянскі кодэкс. Грамадзянскія правы. Грамадзянскія законы. / Накіраваны на карысць грамадства; уласцівы грамадзяніну. Грамадзянскі абавязак.
- Неваенны, цывільны. Ніхто пабочны сюды не заглядваў — грамадзянскаму насельніцтву ўвогуле было забаронена хадзіць у лес, а гітлераўцы баяліся. Няхай.
Другое значэньне проста сьпісана з расейскага слоўніка Ожэгава. Дый зь першым ня так усё проста, бо „грамадзянскі кодэкс“, як сказана вышэй, не стасуецца выключна грамадзян.
Цывільная абарона ад грамадзянскай вайны
У выніку расейскай інфільтрацыі цяпер бачым нямала тэрміналягічных спалучэньняў з прыметнікам грамадзянскі. Ці ўсе яны карэктныя?
„Грамадзянская абарона“ — не. Гэта сыстэма абароны цывільнага насельніцтва ад стыхійных бедаў і ваенных нягодаў. Яна і па-ўкраінску цивільна оборона, і па-ангельску civil defence / civil protection, і па-нямецку Zivilschutz, і па-сэрбску цивилна одбрана.
„Грамадзянская паніхіда“ — не. Гэта калька расейскага выразу „гражданская панихида“ — антонім да паніхіды царкоўнай. Па-беларуску сьвецкае разьвітаньне, або і проста — урачыстае разьвітаньне.
„Грамадзянскі шлюб“ — не. Сьвецкі, нецаркоўны шлюб (ня блытайма зь незарэгістраваным).
А вось вайна — грамадзянская, бо яна паміж грамадзянамі аднае дзяржавы, у тым ліку вайскоўцамі. У большасьці моваў выраз аналягічны: ням. Bürgerkrieg, польск. wojna domowa, чэск. občanská válka, літ. pilietinis karas... Праўда, па-ангельску ўсё ж civil war — рэха арыгінальнай лацінскай назвы bellumcivile (пра войны ў Рымскай рэспубліцы ў І ст. да н. э.).
„Гражданин, пройдёмте!“
Слова гражданин у расейскай мове — пазычаньне з царкоўнаславянскай, дзе яно азначала жыхара гораду (градъ — гражданинъ). На першы погляд, той жа зьмест і зрух сэмантыкі, што ў грэцкага πολίτης і лацінскага civis. Але за падобнымі словамі хаваецца зусім іншая палітычная гісторыя Расейскай дзяржавы, якая пайшла шляхамі, вельмі далёкімі ад эўрапейскіх нацыяў.
Калі расейская імпэратрыца Кацярына ІІ пісала свой „Наказ“ (1767) — інструкцыю да дзяржаўна-палітычнага ўладкаваньня Расеі — яна какетнічала перад эўрапейскімі, найперш францускімі вальнадумным мысьлярамі, паказвала — на словах! — знаёмства зь іхнымі ідэямі. Але атрымалася як заўсёды — усё абмежавалася фармальным калькаваньнем некалькіх тэрмінаў. „Гражданин как объект трансляции государевой воли“, — рэзюмуе зьмест гэтага паняцьця ў Кацярыны расейская дасьледніца Г. Дурынава (яе дысэртацыя прысьвечана эвалюцыі расейскіх тэрмінаў гражданин і общество).
Слова гражданин у Кацярыны ІІ — банальны сынонім слова подданный, адрозна ад годнага францускага citoyen. Карацей, „гражданин, пройдёмте“, а зусім не „Aux armes, citoyens, Formez vos bataillons!“ — як пяецца ў Марсэльезе.
Нягледзячы на пазьнейшыя спробы расейскіх вальнадумных публіцыстаў напоўніць слова гражданин суб’ектнасьцю, яно так і засталося „тэрмінам для трэцяга чыну“, звычайным антонімам назваў вайсковага і духоўнага станаў. Таму і тэрмін гражданский у значэньні ‘невайсковы’ там прыжыўся і дагэтуль не выклікае некамфортных адчуваньняў.
Дарэчы, і ў савецкі час слова гражданин трымалі на нізкай ступені ярархіі: словам товарищ называлі толькі ідэйна правераных, а, скажам, насельнік Валадаркі товарищем быць ня мог, яго звалі выключна гражданином (і ён нікога товарищами ня меў права зваць — адсюль зварот „гражданин начальник“).
Цікава, што ў гісторыі беларускае мовы слова гражданка адыграла своеасаблівую ролю (таксама не зьвязаную з грамадзянскім абавязкам). „Наша ніва“ ў 1912 годзе вяла чытацкую дыскусію пра тое, каторую графіку выбраць — лацінку ці „гражданку“.
Так у Расеі з XVIII па ХХ стагодзьдзі называлі сьвецкія кірылічныя шрыфты — ад рас. „гражданский шрифт“, у процівагу царкоўным (першыя ўзоры ў Амстэрдаме вырабіў для Пятра І беларускі кнігадрукар Ільля Капіевіч-Капіеўскі).
Грамадзя́нін — у грамадзе
У нас палітычна адказнага падданага з часоў ВКЛ называлі абывацель (ці абываталь у спалянізаванай форме). Слова было яшчэ ў аўтараў ХІХ стагодзьдзя. Але ўжо ў нашаніўскай публіцыстыцы для асобы як суб’екта палітыкі выбіраецца слова грамадзя́нін — ад грамады́. Ці быў тут украінскі ўплыў, ці гэта сынхронны наватвор дзьвюх суседніх моваў — сказаць цяжка. Але ў кожным разе слова ўдалае, добра пачуваецца сярод аднакаранёвых: грамадзтва і грамадзянства, грамадзкі і грамадзянскі...
У рэвалюцыйнай атмасфэры слова імгненна заваёўвае прастору, што і фіксуюць першыя слоўнікі ХХ стагодзьдзя (найперш Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх 1918 і 1920 гг.). Грамадзя́нін тут яшчэ мае сынонім — абывацель, а расейскім прыметнікам гражданский/штатский адпавядае беларускае цывільны.
Камісары перамаглі абывацеля зь мешчанінам
Зрэшты, слова абываталь/абывацель маргіналізавалася не без уплыву расейскае савецкае мовы. Там пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі слова обыватель набыло значэньне ‘человек, лишенный общественного кругозора, с косными взглядами; человек, уклонившийся от классовых позиций пролетариата (презрит.)’. Падобна пацярпеў яшчэ адзін сацыёнім — мещанин (дарэчы, гэта ж беларусізм — ‘жыхар места’ = гораду). У савецкай ідэалягічнай публіцыстыцы „абывацеля“ (і „мешчаніна“) стыгматызавалі — але гэта чыста расейска-савецкае разуменьне сэмантыкі словаў, нават калі тэкст па-беларуску:
„Ніводзін літаратар, калі ён сапраўдны грамадзянін, а не філістэр, не мешчанін і абывацель, ...не можа не ўспрыняць пастаўленую партыяй задачу як задачу свайго сумлення, не можа не ўзгадняць з ёю сваю творчую праграму“.
Але і мешчанін, і абывацель — нармальныя беларускія словы. Ня трэба ўпіхваць іх у расейскую матрыцу — як і словы грамадзянін і грамадзянскі.