5 жніўня пра будучую ліквідацыю фабрыкі напісаў тэлеграм-канал «Свободный Жлобин». Інфармацыю праверыў сайт «Флагшток».
Фабрыка легендарная тым, што мясцовыя ўмельцы выкарыстоўвалі яе футра для шыцьця мяккіх цацак, якімі славіўся Жлобін — асабліва ў 2000-х гадах. На вакзале прадаўцы яркіх цацак заўсёды сустракалі зь імі цягнікі, прапаноўваючы свой тавар пасажырам.
ААТ «Белфа», якое пасьпяхова працавала больш за 40 гадоў, апошнія гады сапраўды стала стратным. Пра гэта сьведчаць штогадовыя справаздачы аб дзейнасьці прадпрыемства. У 2024 годзе чыстая страта прадпрыемства стала рэкорднай і склала 3 млн 159 тыс. рублёў (больш за 1 млн даляраў). У 2023 годзе — 2 млн 276 тыс. рублёў.
2022 год быў для фабрыкі больш пасьпяховым, але ў плюс выйсьці ўсё роўна не ўдалося — страта склала 291 тысячу рублёў. А яшчэ раней, у 2021 годзе, прадпрыемства працавала на мінус 2 млн. 859 тыс. рублёў.
Як вынікае з справаздачаў, фабрыка магла ўзяць кароткатэрміновы і доўгатэрміновы крэдыты. Але прадае яна менш, чым вырабляе, падае прыбытковасьць. Пры гэтым закупляюць абсталяваньне, склады запаўняюцца гатовай прадукцыяй.
Колькі цяпер работнікаў на «Белфа», не паведамляюць, але вядома, што ў 2022 годзе тут працавалі 345 чалавек.
Сьвежых вакансій фабрыка даўно не публікавала, на званок у аддзел кадраў ніхто не адказаў. Затое ў іншым падразьдзеле, куды «Флагшток» патэлефанаваў ад імя пакупніка, прызналіся: прадпрыемства сапраўды рыхтуюць да закрыцьця, вытворчасьць спынілася:
«Ліквідацыйны пэрыяд пачнецца з 11 жніўня. Працягнецца да 10 траўня з магчымым наступным працягам. Фабрыка ўжо нічога ня робіць, вытворчасць стала. Работнікаў пераводзяць каго на 2/3 заробку, каго адпраўляюць за свой кошт».
Цяпер прадпрыемства распрадае прадукцыю, якая назапасілася на складах.
Форум