Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Купалаўскім ставяць «Радзіва Прудок». Горват прыйдзе толькі на прэм’еру


Купалаўскі тэатар, ©Shutterstock
Купалаўскі тэатар, ©Shutterstock

Мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін назваў Андрэя Горвата «геніяльна таленавітым чалавекам». Рэжысэрам-пастаноўшчыкам спэктакля ўпершыню выступае актор Раман Падаляка — да таго ж яшчэ і лепшы сябар былога дворніка тэатру Андрэя Горвата.

Аўтар «Радзіва Прудок» дае поўную свабоду рэжысэру-пачаткоўцу, не зьбіраецца ні дапамагаць, ні даваць парады. Абяцае зьявіцца ў тэатры толькі на прэм’еры ў канцы красавіка.

Андрэй Горват: «Я даю поўную свабоду Рому Падаляку»

Андрусь Горват, архіўнае фота
Андрусь Горват, архіўнае фота

Днямі падведзены вынікі 7 фэстывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm, на якім было прадстаўлена 311 прац. Кароткамэтражны фільм «Ягор» па матывах кнігі «Радзіва Прудок» Андруся Горвата заваяваў узнагароду народнага журы і спэцыяльны прыз ад velcom.

Рэжысэры фільму — купалаўцы Раман Падаляка і Міхаіл Зуй, апэратарка — Ксенія Васілеўкіна, здымаліся ў стужцы Алена Сідарава, Аляксандар Малчанаў, Сьвятлана Анікей, Іван Кушнярук, Аляксандар Паўлаў ды іншыя.

Пасьля такога посьпеху «Ягора» Горват заявіў:

«Я даў поўную свабоду Рому Падаляку, я яму цалкам давяраю, няхай робіць як хоча. Я ня буду ўмешвацца, пагляджу спэктакль толькі на прэм’еры».

Мне вельмі цікава, як купалаўцы самі ўбачаць маіх герояў, мне цікавае іхняе прачытаньне, творчасьць. Я кнігу маю, а далей няхай рэжысэр і акторы думаюць, як зрабіць».

Раман Падаляка: «Казы на сцэне ня будзе. Ня трэба чакаць „бомбы“ з супэр-эфэктамі, сапраўднай казой...»

Раман Падаляка
Раман Падаляка

Актор Купалаўскага тэатру Раман Падаляка, які ўпершыню выступае як рэжысэр, не хацеў наагул расказваць пра пастаноўку, раскрываць карты, бо спэктакль гэты экспэрымэнтальны і для яго, і для актораў. Сам сябе ён называе не рэжысэрам, а ідэйным рухавіком гэтага праекту.

«Пры ўсёй павышанай цікавасьці да Андрэя Горвата і да яго кнігі я адразу скажу, што ня трэба чакаць „бомбы“ зь нейкімі супэр-эфэктамі, сапраўднай казой на сцэне. Я проста хачу супакоіць грамадзтва: гэта маё асабістае бачаньне і бачаньне актораў, якія ўдзельнічаюць у спэктаклі. Гэта наша рэакцыя на кнігу Андрэя Горвата», — кажа рэжысэр-пастаноўшчык.

Апавяданьня пра Ягора ў спэктаклі ня будзе. Натуральна, ня ўсе гісторыі, ня ўсе маналёгі герояў Прудка ўвойдуць у спэктакль, бо ні сцэнічны час, ні форма кнігі гэтага не дазваляюць. Ня будзе ў спэктаклі і такой вялікай колькасьці ўдзельнікаў, як у фільме «Ягор». Ня будзе двух складаў актораў. Зрэшты, рэпэтыцыі пакуль яшчэ не пачаліся, прызнаецца Падаляка.

Прачытаўшы кнігу першы раз, я сам ня надта ўяўляў, як гэта можна паставіць на сцэне. Але, ведаеце, як ні дзіўна, усё магчыма.

«Прачытаўшы кнігу першы раз, я сам ня надта ўяўляў, як гэта можна паставіць на сцэне. Але, ведаеце, як ні дзіўна, усё магчыма. Калі табе падабаецца матэрыял, і людзям, якія будуць занятыя ў спэктаклі, таксама падабаецца — на сцэне магчыма ўсё. Галоўнае — толькі захацець і падтрымліваць гэтае жаданьне таленавітымі, бліскучымі тэкстамі Андрэя. Хоць нам з акторам Міхаілам Зуем даволі складана было рабіць інсцэніроўку. Але, лічу, на дадзеным этапе мы справіліся», — кажа малады рэжысэр.

Пастаноўшчык вельмі ўдзячны Горвату, што той ня ўмешваецца ў творчы працэс, цалкам давярае.

«Мне важна было, каб далі нейкі карт-блянш. Каб аўтар не сачыў за правільнасьцю, як ён там напісаў, за дакладнасьцю кожнага слова, перададзенага на сцэне. За гэта дзякуй яму. Хоць я і прапаноўваў яму паўдзельнічаць у стварэньні інсцэніроўкі, прапаноўваў пачытаць мой варыянт, абмеркаваць — не пагадзіўся.

Горват сказаў вельмі важную штуку: „Я ўжо напісаў кнігу, і яе ніхто ня можа ў мяне забраць, ніхто ня можа перайначыць, яна ўжо ёсьць — гатовая“. А спэктакль — гэта погляд рэжысэра, ці, дакладней, у нашым выпадку — творчай каманды на гэты твор».

Мікалай Пінігін: «Тое, што зьявіўся Горват — гэта цуд!»

Мікалай Пінігін, архіўнае фота
Мікалай Пінігін, архіўнае фота

Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Мікалай Пінігін, які ўключыў «Радзіва Прудок» у рэпэртуар, прызнаецца, што нічога лепшага ў беларускай літаратуры такога фармату ён не чытаў.

«Я лічу, што тое, што зьявіўся Андрэй Горват — гэта цуд! Якія чэргі стаялі па яго кніжку ў касах тэатру! Я лічу, што гэта геніяльна таленавіты чалавек. Гэта па-першае. Па-другое, там ёсьць шлях эміграцыі, шлях эміграцыі на вёску — дамоў. Пры тым гэта не маніфэст, ня заклік да чагосьці. Паехаў чалавек на вёску, завёў казу, піша...

У яго цудоўныя тэксты, ён цудоўна назірае. Я лічу, што гэта падзея ў беларускай літаратуры», — кажа Пінігін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG