Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. Ішлі ў рэдакцыю зь перадвыбарчай праграмай — наткнуліся на замок


Прадстаўнікі выбарчага штабу Тацяны Караткевіч мусілі зьвяртацца ў пракуратуру, каб у рэдакцыі «Гомельскай праўды» 20 верасьня прынялі да друку перадвыбарчую праграму кандыдаткі ў прэзыдэнты.

У каляндарным пляне арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў, які склаў беларускі Цэнтравыбаркам, 20 верасьня пазначана як апошні дзень падачы ў СМІ тэксту перадвыбарчых праграмаў кандыдатаў на прэзыдэнта. Прадстаўнікі выбарчага штабу Тацяны Караткевіч і прыехалі ў гэты дзень у рэдакцыю абласной газэты «Гомельская праўда», каб падаць такую праграму дзеля апублікаваньня на старонках газэты.

Апавядае давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч Алег Шабетнік з Рэчыцы:

Алег Шабетнік
Алег Шабетнік

«Паколькі на сайце ЦВК зьмешчаная інфармацыя, што да 20 верасьня ўключна прымаюцца ў друк перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты, то я й прыехаў учора ў „Гомельскую праўду“ каля 10:30. На весьнічках вісеў замок, нікога не было. Мы знайшлі тэлефон начальніцы выдавецкага аддзелу Алены Аленчанкі. Яна адказала, што ня ведае — павінен быць дзяжурны. Я патлумачыў, што весьнічкі зачыненыя на вісячы замок».

Паводле суразмоўцы, было вырашана зьвярнуцца ў абласную пракуратуру са скаргай.

«Паехалі ў абласную пракуратуру. Там сталі запісваць мае зьвесткі, высьвятляць сутнасьць звароту. І тут тэлефануе жанчына з „Гомельскай праўды“ і кажа, што дзяжурны журналіст ужо на месцы. Адказваю, што празь пяць хвілін буду. Калі мы зноў прыехалі да „Гомельскай праўды“, там яшчэ нікога не было. Дзяжурны Васіль Дубік прыйшоў хвілін празь дзесяць пасьля нашага прыезду. Павёў нас празь нейкую браму збоку, на якой нічога не напісана. На браме таксама вісеў замок, але побач былі весьнічкі. Дзяжурны стаў тэлефанаваць вахцёру, каб адчыніла. Вахцёр паведаміла, што яны ўжо адчыненыя — можна заходзіць. Адчыніла яна і саму рэдакцыю. Урэшце мы зайшлі ў кабінэт, і ён прыняў у мяне праграму Тацяны Караткевіч».

Спадар Шабетнік заўважае, што цікавасьць да выбараў у грамадзтве малая, і ў рэдакцыі, пэўна, не спадзяваліся, што нехта і ў нядзелю прынясе перадвыбарчыя матэрыялы:

«У рэдакцыі, пэўна, лічылі, што ў нядзелю ніхто ня прыйдзе, таму спакойна заставаліся дома. А мы працуем і ў выходныя дні, і езьдзім у такія дні — паводле графіку Цэнтравыбаркаму».

На Гомельшчыне дагэтуль не заўважна нейкай жывой агітацыі кандыдатаў сярод выбарцаў ні з чыйго боку — ні Караткевіч, ні Лукашэнкі, ні Гайдукевіча, ні Ўлаховіча. Не публікавалі мясцовыя выданьні і перадвыбарчых праграмаў кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пануе пакуль зацішша і на дзесяці адкрытых пляцоўках, якія гарадзкія ўлады адвялі ў абласным цэнтры для перадвыбарчай агітацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG