Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч зламала ідэальны сцэнар выбараў


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Тройчы парадак

Надрукаваны перадвыбарчыя праграмы ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Што зьвяртае на сябе ўвагу. Галоўны мэсыдж Мікалая Ўлаховіча — «За мір, спакой і парадак!». Слоган камапніі Сяргея Гайдукевіча — «Парадак у краіне, дастатак у доме». Асноўны сэнс праграмы Аляксандра Лукашэнкі — захаваць незалежнасьць, мір і парадак.

То бок тэзіс пра «парадак» гучыць у якасьці цэнтральнага ў трох кандыдатаў. Відавочна, ён навеяны ўкраінскімі падзеямі. Беспарадак, які дамінуе там, дае добрую нагоду беларускім кандыдатам на кантрасьце зьвяртацца да ідэі парадку.

Але, зь іншага боку, гэтая ідэя асацыюецца з захаваньнем статус-кво, то бок таго, што ёсьць. Яшчэ гэта можна перакласьці як курс на застой.

У процівагу гэтым кандыдатам Тацяна Караткевіч прапаноўвае ідэю «мірных перамен». Гэта асноўны слоган яе выбарчай кампаніі.

Нявыкрутка для Караткевіч

Пасьля тэлевыступу Тацяны у чацьвер галоўны закід у яе адрас, які гучыць з боку прыхільнікаў байкоту, быў такі: на якія такія выбары яна заклікала грамадзян прыйсьці і прагаласаваць? Бо вядома ж, што выбараў няма. Сваім заклікам яна замацоўвае у масавай сьвядомасьці ілюзію, нібыта ў нас ёсьць сапраўдныя выбары. І тым самым легітымізуе рэжым.

Здаецца, усё так. Але, зь іншага боку, калі кампанія «Гавары праўду» зьбіраецца рэалізоўваць тактыку ўдзелу ў выбарчай кампаніі да канца, адрынае байкот, то ў яе няма іншага выйсьця, як заклікаць прыйсьці і галасаваць за свайго кандыдата. То бок яны трапляюць у каляіну, па якой вымушаны ехаць да канца кампаніі. Бо было б дзіўна казаць, што, маўляў, выбараў няма, галасы ніхто ня лічыць, але прыйдзіце і прагаласуйце за мяне. У такім выпадку абываталь стаў бы круціць пальцам ля віска.

Такая праблема была ва ўсіх апазыцыйных кандыдатаў падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў. Але тады было выйсьце з гэтай лягічнай галаваломкі. Апазыцыйныя кандыдаты заклікалі усіх выбаршчыкаў прыходзіць у дзень галасаваньня на Плошчу, каб прымусіць улады лічыць справядліва і адстаяць свой выбар з дапамогай акцыі пратэсту. Цяпер тэма Плошчы па вядомых прычынах зьнікла. Ідэя мірных пераменаў не прадугледжвае вулічнага супрацьстаяньня. І таму сёлета ў Караткевіч узьнікла гэтая непрыемная дылема.

Два праколы ідэальнага сцэнару выбараў

Паслухаўшы выступы ўсіх трох кандыдатаў, узьнікла вось якая думка. Улады даволі ўдала распрацавалі сцэнар прэзыдэнцкай кампаніі, каб ціха і спакойна рэалізаваць рытуал выбараў. І каб беларускі электарат лішні раз упэўніўся, што няма альтэрнатывы Лукашэнку, і каб выгадна «прадаць» гэты спэктакль усім замежнікам, найперш заходнікам. У гэтым сэнсе перанос выбараў на месяц раней быў з гледзішча палітычнага кіраўніцтва даволі ўдалым ходам. Разьлік быў зроблены на тое, што ніхто не зьбярэ неабходныя 100 тысяч подпісаў, і тады ўлады будуць самі прызначаць найбольш зручных сабе кандыдатаў. І заходнія назіральнікі ня будуць мець ніякіх прэтэнзій, вось жа Лябедзьку і Калякіна ніхто не здымаў з выбараў. Яны самі не сабралі подпісы. Якія прэтэнзіі? І электарат, паглядзеўшы выступы адабраных кандыдатаў, скажа: «Не, лепш ужо няхай застаецца Лукашэнка».

Але, як часта бывае, самы лепшы плян часта псуецца пры сутыкненьні з рэальнасьцю. Першым праколам стаў скандал зь Віктарам Цярэшчанкам. Чыста і бездакорна памяняць першапачатковы сцэнар ва ўладаў не атрымалася. Маркоўны сок стаў сымбалем сёлетніх выбараў.

Другім пралікам, гледзячы па ўсім, можа стаць выступ Тацяны Караткевіч. Думаю, улады разьлічвалі, што ціхая і сарамлівая жанчына будзе казаць нейкія агульныя фразы, кшталту таго, што давайце жыць мірна, давайце аб’яднаемся, нам няма чаго дзяліць і іншае. Прыкладна ў тым стылі, як яна выступала першы раз на «Белсаце». Але атрымалася інакш.

Уладам дапамагае тое, што дэмакратычны электарат расколаты. Частка яго, рэагуючы на заклік да байкоту, ня пойдзе на выбары. Ну, а другая прыйдзе і прагаласуе за Караткевіч.

Але галоўнай сэнсацыяй цяперашніх выбараў стане тое, што Лукашэнка, гледзячы па ўсім, ня будзе праводзіць Усебеларускі народны сход. Бо трэба ж рабіць справаздачу за пяць гадоў. А чым хваліцца?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG