«Без свабоды сродкаў масавай інфармацыі свабодны чалавек немагчымы», — кажа аўтар кнігі пра беларускія газэты Сярэднявечча Віталь Еўмянкоў. Кніга выйшла ў Магілёве.
«Газэты былі сродкам інкарпарацыі праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай у адзіную палітычную шляхоцкую нацыю», — выкладнік магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова Віталь Еўмянкоў напісаў кнігу пра беларускія газэты XVI-XVII стагодзьдзяў, якія выходзілі на абшарах тагачаснай Рэчы Паспалітай.
«Рэч Паспалітая — гэта супольнасьць свабодных людзей, якія былі грамадзянамі і гаспадарамі сваёй зямлі. Без свабоды камунікацыяў і сродкаў масавай інфармацыі свабодны чалавек немагчымы», — гэтак тлумачыць свой інтарэс да гісторыі Рэчы Паспалітай аўтар кнігі.
Прачытаўшы сярэднявечныя выданьні, Віталь Еўмянкоў выказвае свой погляд на тое, як уплывалі яны на грамадзкую думку, як падаваліся навіны, хто іх чытаў і пісаў ды чаму іх варта наагул лічыць беларускімі. У назьве сваёй працы аўтар вярнуў зь небыцьця найменьне адной з тагачасных газэт «Мэркурыюш Ардынарыйны».
Праз газэты езуіты стараліся ўплываць на шляхту
«Мая кніга пра навіны, якія распаўсюджваліся па Рэчы Паспалітай ад Люблінскага сойму да першай чвэрці XVII стагодзьдзя», — кажа пра сваю працу Віталь Еўмянкоў.
«Як ні дзіўна, але і ў той час былі сродкі камунікацыі, былі людзі, якія іх распаўсюджвалі і якія пісалі для іх. Зрэшты, была цэнзура, — адзначае навуковец. —Тое, пра што даведваліся нашыя продкі, як выглядалі тады газэты, вельмі цікава з гледзішча гісторыі сродкаў масавай інфармацыі ды з гледзішча гісторыі й культуры чатырох народаў, якія ўваходзілі ў Рэч Паспалітую. Гэта Ўкраіна, Літва, Польшча і мы, беларусы».
Сродкі масавай інфармацыі, кажа дасьледнік, выходзілі ў Вільні, Кракаве, Гданьску, Познані. А таксама, заўважае ён, магчыма, і ў Любчы. Выдавалі іх езуіты.
«Езуітаў у 1569 годзе запрасіў Жыгімонт Аўгуст. Іх было трынаццаць. Для езуітаў было нечакана пабачыць у Рэчы Паспалітай палітычную нацыю — шляхту, якая сама прымала рашэньні на соймах, сойміках ды трыбуналах. Нават магла паўплываць на выбары караля».
«Езуіты намагаліся ўплываць на палітычную нацыю, — кажа Віталь. — Адным са сродкаў гэтага ўплыву і былі якраз газэты, якія распаўсюджваліся ад Смаленску і Бранску да Познані. Езуіты змагаліся за адарваньне ад Маскоўскага княства, ад Залатой Арды земляў, якія палякі называлі „крэсамі ўсходнімі“».
Газэты, якія распавядалі пра мясцовае жыцьцё, публікавалі гэтак званыя рэляцыі. Напісаныя ад рукі лісты, якія пісалі гетманы, магістраты гарадоў, але часьцей за ўсё дасылалі манахі двух ордэнаў, якія былі ў кляштарах — езуіты і крыху пазьней піяры. Галоўнымі карэспандэнтамі былі яны.
«Галоўным цэнзарам, рэдактарам і нават аўтарам быў вядомы езуіт і спавядальнік Жыгімонта Вазы — Пётр Скарга, — заўважае Віталь. — Ён выбіраў, як пісаць, што пісаць. Затым кракаўскія і віленскія друкары выдавалі газэты, яны траплялі ў каталіцкія біскупствы, а потым разыходзіліся па парафіях. Іх агучвалі ксяндзы з амбонаў. Таму іх не чыталі, а слухалі. Каб мець доступ да такой інфармацыі, трэба было быць каталіком».
«Былі выпадкі, калі газэты выдавалі пратэстанцкія друкарні. Яны не былі падкантрольныя езуітам. А таксама іх выдавалі і канфэдэраты», — працягвае суразмоўца.
«Падчас караляваньня Жыгімонта Вазы зьбіраліся дзьве буйныя канфэдэрацыі супраць караля, бо ў Рэчы Паспалітай яго не ўспрымалі як свайго. Такія газэты распаўсюджвалі бескантрольна. Можна толькі меркаваць, дзе іх чыталі. Дакладна можна казаць, што ў каталіцкія біскупствы яны не траплялі. Магчыма, іх чыталі на кірмашах, магістратах. Магчыма, тыя ж самыя манахі разносілі іх па Рэчы Паспалітай».
У праваслаўных не было патрэбы выдаваць газэты
Віталь Еўмянкоў сьцьвярджае, што попыт на газэты ў XVI-XVII стагодзьдзях быў вялікі. На першай паласе, кажа ён, нават разьмяшчалі рэкляму.
«Пісалі такое: «Не шкадуй адну залатоўку, купіш і за паркан ня выкінеш». Тое, што гэтыя выданьні разыходзіліся па ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай, сьведчыць, што яны выходзілі накладам ня меней за пяцьсот, шэсьцьсот экзэмпляраў. Самай распаўсюджанай назвай для газэтаў былі „Навіны“», — апавядае дасьледнік.
Ён заўважае, што ў «Навінах замежных» была толькі інфармацыя безь меркаваньняў аўтараў. Прыходзілі гэтыя навіны з усіх эўрапейскіх краінаў. Шмат навінаў было з Пэрсіі і Асманскай імпэрыі. Шмат увагі надавалася прыдворнаму, сьвецкаму жыцьцю каранаваных асобаў, напрыклад, каранацыі каралевы Мэдычы.
Тым ня менш, акцэнтуе ўвагу навуковец, у пэрыяд вайны з Асманскай імпэрыяй асманы дэманізаваліся як барбары, якія пагражалі Заходняй цывілізацыі, каталіцкаму сьвету.
«У „Навінах краёвых“ сапраўды цяжка адрозьніць, дзе была прапаганда, а дзе інфармацыя», — працягвае ён.
«У той час былі дзьве пошты — каралеўская і гетманская. Гетманская пошта працавала ў любых абставінах. Нават калі ў 1621 годзе пад Цацорай быў забіты гетман каронны і канцлер каралеўства Станіслаў Жулкеўскі, то ўсё роўна гетманская пошта дзейнічала, даносіла весткі. У такой карэспандэнцыі ўсе факты вельмі правяраліся, бо яна прызначалася сэнату дзеля прыняцьця дзяржаўных рашэньняў. Таму гетманскай пошце можна давяраць. Калі ў газэце было пазначана „зь ліста гетмана“, то ніякай прапаганды ў ёй не было. Адзінае — трэба зважаць: калі езуіты гэта надрукавалі, то ў гэтым была мэтазгоднасьць», — удакладняе Віталь.
Адказваючы на пытаньне, якім было стаўленьне праваслаўных вернікаў да каталіцкіх навінаў і ці спрабавалі праваслаўныя адказаць выданьнем сваіх навінаў, дасьледнік адказвае: у праваслаўных не было патрэбы выдаваць газэты.
«Палітычны лад у Вялікім Княстве Літоўскім і Польскім каралеўстве дужа адрозьніваўся. У Каралеўстве была шляхоцкая дэмакратыя, — тлумачыць ён. — Калі ж казаць пра Літву і асабліва пра землі, заселеныя русінамі, то тут панавала магнацкая алігархія. Ад праваслаўнага шляхціча амаль нічога не залежала. Як, напрыклад, сказаў Хадкевіч, то так яно і было. Як сказалі Радзівілы, так і было. А гэта азначае, што не было патрэбы выдаваць газэты на старабеларускай мове. І знайсьці такія газэты справа беспэрспэктыўная, бо для іх не было мэтавай групы».
«Ува ўсіх падручніках гісторыя нашай, айчыннай, журналістыкі пачынаецца з 1563 году з „Навінаў Грозных“. Гэтую газэту нібыта выдалі ў Нясьвіскай друкарні на старабеларускай мове. Аднак ніхто гэтай газэты на свае вочы ня бачыў і хутчэй за ўсё не пабачыць, бо яе не існуе. Прычына — неабходнасьці выдаваць газэты ў праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай не было», — цьвердзіць Віталь Еўмянкоў.
Газэты не былі сродкам апалячваньня беларусаў
Што да стаўленьня праваслаўных вернікаў да «каталіцкіх газэтаў», то суразмоўца прызнаецца, што пра гэтую акалічнасьць можна толькі меркаваць.
«Аднак ёсьць дужа важная рэч. У 1610 годзе, калі быў адваяваны Смаленск, то за яго змагаліся як праваслаўныя, гэтак і каталікі. І ўсе чыталі газэты на старапольскай, лаціне. І тут канфэсія ня мела вырашальнага значэньня. Той жа Ян Караль Хадкевіч. Дзед ягоны быў праваслаўным, сам ён сябе лічыў русінам, у побыце размаўляў па-беларуску.
Таму праваслаўныя ставіліся да каталіцкіх выданьняў станоўча. Для праваслаўнай шляхты было дужа важна далучыцца да палітычнай нацыі Рэчы Паспалітай. Далучыўшыся да польскамоўнай прасторы, яны авалодвалі правамі, маглі абірацца і абіраць. Гэта было прывабна. Таму тагачасныя газэты былі сродкам інкарпарацыі праваслаўных у адзіную палітычную шляхоцкую нацыю.
«Дык калі, як вы кажаце, газэты не выдаваліся на беларускай мове, ці можна іх лічыць беларускімі, ці не былі тыя газэты сродкам апалячваньня беларусаў?» — задаем пытаньне навукоўцу.
«Наконт апалячваньня — гэта стэрэатып, які тыражуецца ў нашай гістарыяграфіі з савецкіх часоў і якому я не магу знайсьці доказаў у сваёй навуковай дзейнасьці», — адказвае суразмоўца.
«З усяго масіву дасьледаваных газэтаў працэнтаў каля васьмідзесяці выходзілі на лаціне. Польская мова тады лічылася моваю простых людзей, — сьцьвярджае ён. — Жыгімонт ІІІ не разумеў польскай мовы. Каб зь ім пагутарыць, патрэбная была альбо лаціна, альбо нямецкая ці швэдзкая мова. Але не старапольская. Тады польская мова знаходзілася ў той жа сытуацыі, што і беларуская. Адзінае, што адрозьнівала палякаў ад беларусаў, — гэта тое, што ў палякаў склалася палітычная нацыя, асяродзьдзе, якое вымагала кантролю з боку каралеўскай улады, таму і выходзілі газэты. У тагачасных беларусаў была іншая сытуацыя, і такога кантролю яна не вымагала».
«Сучасны паляк старапольскай мовы не прачытае, — запэўнівае дасьледнік. — З тагачаснымі газэтамі, калі ён не адмысловец, ня здолее працаваць. Старабеларуская і старапольская мовы былі настолькі блізкімі па граматыцы і лексыцы, што не было асаблівых цяжкасьцяў, каб іх разумець. Нашыя продкі вельмі лёгка пераходзілі на „пальшчызну“, амаль не зважаючы на гэта. Таму газэты не маглі быць сродкам апалячваньня».
Газэты Рэчы Паспалітай былі беларускімі
Ці дастаткова таго, што газэты выдаваліся ці пашыраліся на тэрыторыі Беларусі, каб лічыць іх беларускімі?
«Пытаньне дыскусійнае і адно з найважнейшых. Паводле адраджэнцкай канцэпцыі, беларускім можна лічыць толькі тое, што выдавалася на беларускай мове. Калі трымацца гэтага, то нашу гісторыю літаратуры і журналістыкі варта пачынаць з другой паловы ХІХ стагодзьдзя — з „Мужыцкай праўды“ ці з ананімных вершаў, якія шырыліся ва ўлётках па Беларусі. У гэтым выпадку я не лічу, што мова — вызначальны фактар.
Газэты, пра якія гаворка, выходзілі на тэрыторыі тагачаснай Рэчы Паспалітай, напрыклад, у Варшаве. У „Варшаўскія навіны“ маглі напісаць пра Магілёў, пра Вільню, пра Горадню ці Берасьце. Пастаўлялі гэтыя навіны нашыя беларускія мясцовыя хлопцы. Так, па-польску, але інфармацыя пра Беларусь, напісаная беларусамі, дык чаму не лічыць гэта праявай дажурналісцкага жыцьця на тэрыторыі Беларусі».
Наколькі адчувальным быў уплыў газэт на тагачасную грамадзкую думку, можна толькі меркаваць, — прызнаецца Віталь Еўмянкоў. Аднак, заўважае ён, ёсьць ускосныя сьведчаньні ўплыву.
«Напрыклад, сытуацыя зь першым Ілжэдзьмітрыем. Фактычна Жыгімонт ІІІ паспрабаваў зьдзейсьніць паход на тэрыторыю схізматаў, праваслаўных Масквы. Трэба было гэта неяк абгрунтаваць. У 1606 годзе, калі Ілжэдзьмітрыя забілі, зьявілася блізу 12 выданьняў, якія падрабязна абгрунтоўваюць, навошта шляхце ўдзельнічаць у тым паходзе. Прычым згадваюцца ўсе грахі маскавітаў. Прыгадваецца ўзяцьце Полацку Іванам Жахлівым. Прыгадваецца ўзяцьце Смаленску. Прыгадваецца гвалт, які чынілі маскавіты за Іванам Жахлівым»
«Гэтыя інфармацыйныя ўкіды нагадваюць сёньняшнія, калі вораг выводзіцца за межы чалавецкасьці — дэгуманізуецца, — адзначае дасьледнік. — Нічога новага ў ХХІ стагодзьдзі ў гэтым пляне не прыдумляецца».
«Аднак газэты пачатку XVII стагодзьдзя ў сытуацыі з Ілжэдзьмітрыем падавалі ўсё ж праўдзівыя зьвесткі. Гэтыя навіны распаўсюджвалі не сярод простых чытачоў, а сярод непасрэдных удзельнікаў тых падзеяў. І хлусіць, як цяпер хлусяць, было немагчыма ды й не было сэнсу, бо людзі ведалі, што адбывалася», — робіць выснову суразмоўца.
Газэты даводзілі грамадзтву: Масква пагражае эўрапейскай цывілізацыі
Віталь Еўмянкоў падкрэсьлівае, што эўрапейскія газэты шмат месца адводзілі падзеям, зьвязаным з захопніцкімі паходамі маскоўскага князя Івана Жахлівага. Ягоныя ўварваньні на тэрыторыі сумежных краінаў разглядаліся як пагроза эўрапейскай цывілізацыі.
«У 1563 годзе зьявіліся так званыя „Навіны Грозныя“. Газэты з такой назвай выдавалі ў 1563 годзе ў выдавецкім доме Сабастыяна Оксы, што быў у Празе. Мэтавай аўдыторыяй выданьня былі эўрапейцы. У газэтах апавядалася пра маскавітаў як пра жахлівых барбараў-ардынцаў, а пра Івана Жахлівага як пра волата з роду Нэфілім. Яго называлі нашчадкам анёлаў, якія ўвайшлі ў намёты да жанчын і далі жыцьцё волатам, якія спрычыніліся да Ноевага патопу», — апавядае гісторык.
«Пра Івана Жахлівага пісалася, што ён пагражае ўсяму каталіцкаму сьвету. Мэта газэты „Навіны Грозныя“ была данесьці эўрапейскім валадарам гэтую сурʼёзную пагрозу з боку Масквы. Тэкст з газэты перадрукавалі немцы. Ёсьць больш за тры дзясяткі нямецкіх улётак, якія слова ў слова паўтараюць „Навіны Грозныя“. Можам казаць, што ў эўрапейскай мэдыйнай прасторы так фармаваліся погляды на Маскву, на тое, чаго трэба чакаць адтуль».
Цяпер гістарычная навука як ідэалёгія
Віталь Еўмянкоў кажа, што не чакае ніякай рэакцыі на кнігу.
«Бо ўпэўнены, што яе ня будзе, — тлумачыць ён. — Мне дужа хацелася б дыскусіі. Хацелася б, каб наша навуковая грамада нейкім чынам рэагавала на публікацыі адзін аднаго. Цяпер мы ў сытуацыі нават не стагнацыі, а пост-стагнацыі, калі гуманітарная навука нібыта ёсьць і нібыта яе няма», — адказвае суразмоўца.
«Мне было дужа цікава працаваць з дакумэнтамі, каб узбагаціць нашу гісторыю нечаканымі фактамі. Пра таго ж Ілжэдзьмітрыя, пра знаходжаньне Сапегавых харугваў у Маскоўскім крамлі, пра Яна Караля Хадкевіча, нашага забытага героя, які спыніў асманаў пад Хацінам і фактычна выратаваў Эўрапейскую цывілізацыю. Я хацеў пачуць сучасьнікаў далёкіх падзеяў.
Наша гісторыя нагэтулькі шмат разоў перапісаная, што буду шчырым — я ёй не давяраю. Цяпер яна хутчэй ідэалёгія, чым гістарычная навука. Для мяне важна было патрымаць у руках летапісы, пачытаць іх, праверыць інфармацыю ў хроніках, соймавых дакумэнтах», — адзначае Віталь Еўмянкоў.
Выкладніцкая дзейнасьць Віталя Еўмянкова пачалася ў 1999 годзе. Ён выкладае на катэдры літаратуры і міжкультурных камунікацыяў. Дасьледуе ўсё, што зьвязана з Рэччу Паспалітай: гісторыю, культуру, літаратуру.