Спадарыня: «Я думаю, няхай так застанецца: мы з гэтым ужо вырасьлі. Відаць, трэба ў моладзі спытаць, як бы яны хацелі. Мне падаецца, так яшчэ й цікавей: усе ўжо адзначылі, а мы толькі яшчэ чакаем. Не тое, што сьвята наступіла ўжо, а сама падрыхтоўка да Нараджэньня Хрыстовага. Чым даўжэй, тым прыемней. Спачатку ўсіх павіншуем, а потым і самі адзначым — і нас будуць віншаваць. Віншую ўсіх зь мінулым, а нас — зь сёньняшнім вялікім сьвятам».
Спадар: «Лічу, што не. Гэта наш каляндар, мы паводле яго жывём. Чаго нам пераходзіць на грыгарыянскі? У такім разе й Зьвеставаньне трэба пераносіць, і ўсё астатняе. Ня варта гэтага рабіць».
Спадарыня: «Так павялося ўжо, традыцыя склалася — праваслаўным сьвяткаваць 7 студзеня. Гэтым мы адрозьніваемся. Але я сама была б ня супраць. Наагул шмат хто сьвяткуе два Раствы. Напрыклад, я сьвяткую два разы Нараджэньне Хрыстова — і 25 сьнежня, і 7 студзеня. У мяне некаторыя прашчуры былі каталікамі, таму на знак павагі да продкаў я й сьвяткую два разы».
Спадар: «Ня ведаю. Як на мой погляд, то нічога мяняць ня варта. І ўвогуле, я пра гэта ня думаў».
Спадарыня: «Можна й перайсьці — яно ж нікому не зашкодзіць».
Спадар: «Няхай яны 25 сьнежня, а мы ўсё-ткі 7 студзеня будзем адзначаць».
Спадар: «Ну, відаць мы не зусім такія хрысьціяне, як яны».
Спадарыня: «Сьвяткуем і 25 сьнежня, і 7 студзеня. Больш сьвятаў, яно й лепей».
Спадар: «Я думаю, што можна, можна перайсьці».
Спадар: «Мне цяжка адказаць. Я нібыта й вернік, але ня моцна веру ў Бога».
Спадар: «Як вырашыць Сынод Праваслаўнай царквы. Калі вырашыць так, значыць, мы будзем адазначаць, як і ўся Эўропа. Але гэта ўжо на погляд сьвятароў, бо сьвята царкоўнае. Таму яны павінны вызначыцца з датай».
Спадарыня: «Я лічу, што час і дата — гэта ўсё ўмоўна. Галоўнае, каб у людзей нашых вера была. Нармальная, добрая вера. А дата, калі будзем сьвяткаваць — гэта ня так ужо й важна. Можна ў любую дату раз на год сьвяткаваць. Тут галоўнае, каб верылі людзі правільна, а ня проста ў царкву хадзілі. Ім так адпусьцілі грахі — і яны далей пайшлі рабіць свае ня надта добрыя справы. Дата для мяне асабіста не такая ўжо й важная».