Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для нас сьвята — гэта калі ўсім добра»

абноўлена

Праваслаўныя вернікі Беларусі распачалі сьвяткаваць сьвята Божага нараджэньня. Цягам мінулай ночы і ўсяго дня 7 студзеня ў праваслаўных цэрквах праходзілі ўрачыстыя службы, сьвяточныя пастаноўкі і канцэрты.

Урачыстыя хваласьпевы і малітвы, чэргі да ясьляў з нованароджаным Хрыстом, вялікая колькасьць сьвечак перад алтарамі і каля абразоў — так выглядаюць беларускія праваслаўныя храмы ў гэтыя дні. У менскі Сьвята-Духаў сабор паасобку і сем’ямі людзі ідуць ня толькі на ўрачыстую службу, але і цягам ўсяго дня. Размаўляю зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Што для вас сьвята: пост, малітва, госьці — як сьвяткуеце?»

Спадарыня: «О, вельмі добра сьвяткуецца. Паглядзіце якое надвор’е цудоўнае, каляднае! Унучка прыехала — таксама сьвята. Вось прыйшлі зь ёй у храм, а пасьля ўсёй сям’ёй будзем сьвяткаваць. Але галоўнае — гэта аднаўленьне душы. Нараджэньне Хрыстовае зараз — самае галоўнае сьвята ў жыцьці».

Карэспандэнтка: «Былі такія часы, калі забаранялі...»

Спадарыня: «Так, забаранялі. Дзякаваць Богу, што ўрэшце, усё стала на свае месцы».

Карэспандэнтка: «Вы перажываеце сьвята адзін, зь сям’ёй?»

Спадар: «Зь сям’ёй. Гэта перадусім духоўнае нараджэньне. І ня толькі ў сьвята Нараджэньня Хрыстовага тут бываем, але і ў буднія дні, верым, як кажуць, ня толькі ў ідала, але і ў Бога. І стараемся жыць паводле ягоных запаведзяў».

Карэспандэнтка: «Вера дапамагае жыць?»

Спадар: «Так, дапамагае».

Карэспандэнтка: «А для вас сьвята гэта што?»

Юначка: «Для нас сьвята — гэта калі ўсім добра».

Юначка: «У царкву хадзіць гэта, канечне, добра. Але галоўнае, каб Бог жыў у душы. Са сьвятам!»

Першы дзень сьвята Божага Нараджэньня ў праваслаўных цэрквах — гэта таксама калядныя інсцэніроўкі і канцэрты, галоўнымі ўдзельнікамі якіх ёсьць дзеці. Яны ж — галоўныя атрымальнікі сьвяточных падарункаў і частаваньняў:

Карэспандэнтка: «Што самае галоўнае для вас у сьвята Божага Нараджэньня?»

Хлопчык: «Падарункі».

Карэспандэнтка: «І якія бы вы хацелі?»

Дзяўчынка: «Ролікі».

Хлопчык: «Цукеркі-жэлацінкі».

Карэспандэнтка: «Ужо атрымалі?»

Іншы хлопчык: «Так, але чакаем яшчэ».

Карэспандэнтка: «А што такое сьвята Божага Нараджэньня?»

Дзяўчынка: «Гэта, калі Божы Сын нарадзіўся і ўсе дзеці чакаюць падарункаў. Гэта вельмі вялікае сьвята».

Карэспандэнтка: «І які падарунак ты хочаш?»

Дзяўчынка: «Ну, можа кампутар і яшчэ пляншэт, калі буду яшчэ лепшай дзяўчынкай».

Урачыстыя службы на сьвята Божага нараджэньня ў цэрквах праходзілі ў розны час: у вялікіх гарадах і райцэнтрах — уначы, у невялікіх вёсках — ранкам дзеля таго, каб да храмаў маглі дабрацца і памаліцца людзі сталага веку і з аддаленых месцаў. Сёлета галоўныя службы ўпершыню праходзілі пры адчыненых Царскіх брамах — як знак узнагароды для вышэйшых герархаў царквы. А таксама дзеля таго, каб пашырыць місіянэрскі эфэкт каляднай службы: людзі бачаць што адбываецца ў алтары падчас службы, што звычайна праводзіцца толькі ў прысутнасьці сьвятароў, паведаміў прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы, а. Сяргей Лепін. Айцец Сяргей таксама павіншаваў вернікаў-праваслаўных з іх галоўным хрысьціянскім сьвятам:

«Я жадаю, каб у сэрцы кожнага з нас запанавалі мір і цішыня Бэтлеемскай ночы. І, каб кожнае сэрца ператварылася ў тыя ж Бэтлеемскія ясьлі, у якіх калісьці ляжаў дзіцятка Ісус Хрыстос. Каб усе мелі жаданьне чытаць Слова Божае, маліцца, вызнаваць свае грахі, рабіць добрыя справы. Каб Нараджэньне Хрыстовае было яшчэ і асабістым сьвятам для кожнага з нас».

8 студзеня — другі дзень Божага Нараджэньня. Сьвятыя вечары працягнуцца да сьвята Хрышчэньня, якое праваслаўныя вернікі ў Беларусі сьвяткуюць 19 студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG