Калі вы ў любой пошукавай сыстэме заб’яце словы «Давыд-Гарадок» і «будынкі», дык першае, што пабачыце, — двухпавярховы, сіні дыхтоўны стары дом, дзе да нядаўняга часу была гасьцініца. Гасьцініцу з даваеннага дома выселілі. А сам будынак мясцовыя чыноўнікі асудзілі на зьнішчэньне.
У беларускага чыноўніка за гады савецкай улады выпрацаваўся нейкі інстынкт да зьнішчэньня. Такое адчуваньне, што кожны чыноўнік за сваю кар’еру мусіць што-небудзь зьнішчыць, зруйнаваць, спляжыць. А інакш жыцьцё чыноўніцкае пройдзе дарэмна.
Але ў Давыд-Гарадку здарыўся цуд. За стары дом падала голас праўнучка таго, хто гэты дом пабудаваў. Менскі філёляг Надзея Туроўская. Гэты голас пачулі яе былыя аднакурсьнікі-журналісты. У сацыяльных сетках паднялася хваля. І ўлады вымушаныя былі гэтыя галасы пачуць.
— Гэты дом будаваў мой прадзед, Сямён Кулага, і ягоныя сыны. Мой дзед Валодзя, Андрэй, Рыгор і Мікалай. Мой прадзед вырабляў кілбасы. Тут велізарны падвал, у які прывозілі вялізныя глыбы лёду. Каб захоўваць мяса і вырабы зь яго. Бо лядоўняў жа не было. Тут была крама, у якой гандлявалі малодшыя сёстры майго дзеда. Я ўпершыню ўсярэдзіну дома трапіла, калі гэтая гісторыя са зносам пачалася. Бо тут была гасьцініца.
Сямён Рыгоравіч Кулага быў сапраўдным каўбасных спраў майстрам. Ён падзяліў лёс тысячаў беларускіх спэцыялістаў і гаспадароў. Па вайне яго асудзілі да папраўчых лягераў. Працаваў на будоўлі беларускай сталіцы. Памёр у лягеры. Месца пахаваньня невядомае. А ягоныя кілбасы да гэтае пары ўспамінаюць гарадчукі. Як 90-гадовая Марыя Грычык.
— Цяпер такіх кілбасаў няма. Няма і ня будзе. Я тую кілбасу пакладу паўкілё на кухні, дык водар будзе на ўсю хату. А цяпер не кілбаса, а падман. Мука. Ды ня толькі кілбасы. Але ўся прадукцыя. Калі масла, дык то было масла! З нашых сенакосаў. Дзе багатая трава вітамінамі. З тых вяршкоў рабілі масла. На экспарт адпраўлялі. Гарадзецкае масла! А цяпер кінь на патэльню, а там адна вада. Там тлушчу няма. Падман.
Калі ў Заходнюю Беларусь прыйшлі бальшавікі, дык разуменьне, што за ўлада запанавала, прыходзіла паступова. Але не ў Давыд-Гарадку. Тут афіцэры Чырвонай Арміі далі зразумець усё адразу ж. 17 верасьня. Асабліва ўразіла мяне гісторыя сустрэчы брацкага рускага войска з вынесенай дарагой іконай.
— Мой дзед на маму ругаўся. «Гэтыя палякі нашых дзяцей перапалячылі! Нашыя дзеці ня знаюць рускага языка! Вось прыйдуць нашыя рускія, і мы тады будзем давольныя, радыя». І вось тыя рускія прыходзяць. Палякі адступалі, мост запалілі. А рускія пераехалі нейкімі амфібіямі. І адпачываюць на беразе, цыганачку танчаць. Прыходзяць да майго таты. «Папіць». Тата кажа: «Я вас малаком магу пачаставаць». «Не, дай вады». Тата прынёс вады зь вядра. А той кажа: «папі спачатку сам». Тата кажа: «Вы нам ня верыце? Мы вам такія радыя. Хопіць, напалячыліся. Цяпер будзем па-рускі гаварыць». І выйшла жанчына з гэтай амфібіі. Мы надоўга запомнілі яе словы. «Я, — кажа, — віжу, што ў вас народ багата адзеты». А людзі ж надзелі самае лепшае. «У нас, — кажа, — такова нет. Всё ідёт на абарону родіны». Паставілі стол, кветкі, буханку хлеба. І паклалі ікону Божай маці. Ня ведалі, што гэта ж камуністы будуць ісьці. А тыя сваю армію не папярэдзілі, што, маўляў, будзе ўважлівымі. Бо тут народ рэлігійна выхаваны. І кажа: «А гэта што за абізьяна?» І на ікону паказвае. І тут усе людзі — «Ой! Гэта ж Божая Маці, а не абізьяна». Стала жудка. І ва ўсіх рукі апалі. То такія давольныя былі, сустракалі рускага брата. І дзе што падзелася?
Купляла кілбасы ў Кулагі і іншая старажылка Давыд-Гарадка, Марыя Маліноўская. Але ня толькі гэта ўспамінаецца спадарыні Марыі. Я асабліва цаню ў вандроўках, калі людзі пачынаюць расказваць пра тое, што, можа, нікому і не расказвалі. Пра тое, на што лепш забыцца. Калі зьнішчылі давыд-гарадоцкіх габрэяў, Марыі было 16 гадоў. І яна бачыла, як рабавалі апусьцелае гета. Зрэшты, ня толькі бачыла.
— Помню, што гета ўжо свабоднае. І хадзілі людзі па дамах. І я зь сяброўкамі пайшла. А тата мне сказаў. «Барані Бог, каб нічога там ня бралі. Бо там людзкая кроў». І хадзілі мы па тых дамах. І ўбачыла я ліхтарык. І ня вытрымала. Узяла той ліхтарык. Але пасьля выкінула. Там дарослых многа хадзіла. Але тут нічога, абышлося. А ў Пінску тых, хто пайшоў у гета нешта браць, тых немцы павесілі.
Але вернемся да цудам ацалелага старога дома Кулагі. Што ў ім можна зрабіць? Пытаньне не такое простае.
— Таварышы з выканкаму таксама прыставалі да мяне: а калі б дом быў ваш, што б вы зь ім зрабілі? Ды шмат што можна зрабіць. Напрыклад дом фальклёру са штогадовай навуковай канфэрэнцыяй па дасьледаваньнях фальклёру. Гэткі навуковы аналяг «Берагіні», якая праводзіцца ў Акцябрскім раёне. Такімі гуманітарнымі падзеямі гэтыя сьцены можна было б ажывіць. Многія людзі мне званілі і казалі — а што, калі б тут зрабіць музэй сям’і? Музэй не маёй сям’і, а сям’і ў шырокім сэнсе. Празь сям’ю паказаць лёс міжваеннага пакаленьня, якое пацярпела ледзь ня больш за ўсе іншыя пакаленьні. Але якую вялікую ролю грае слова! Я нават ня думала, што людзям будзе настолькі цікава. Мне некаторыя пісалі, што ў іх падобныя гісторыі зь іх дамамі. І што я ўзьняла такое вялікае пытаньне, як вяртаньне будынкаў ранейшым уласьнікам.
Насамрэч Надзея падаравала надзею многім беларусам. Надзею не на вяртаньне адабранай маёмасьці. А пакуль толькі на захаваньне. Але і гэта нямала.
Гісторыя старога дома яшчэ ня скончаная. Наперадзе аўкцыён.