На разглядзе Міністэрства культуры Беларусі знаходзіцца прапанова аб наданьні мінскаму мікрараёну Асмалоўка статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
У канцы чэрвеня такую прапанову ў Мінкульт накіравала моладзевае грамадзкае абʼяднаньне «Гісторыка», перадае БелаПАН. Па словах старшыні аб’яднаньня Паўла Іваніцкага, Мінкульт прыняў заяўку да разгляду, а таксама адправіў яе ў Менгарвыканкам і Нацыянальную акадэмію навук.
Да падрыхтоўкі дакумэнтаў прыцягваліся архітэктары Вадзім Гліньнік і Юлія Шастак, гісторыкі Іван Сацукевіч і Вадзім Зелянкоў, фотафіксацыяй фасадаў будынкаў Асмалоўкі займалася Яўгенія Стасеня.
Выканаўчы дырэктар «Гісторыкі» Тацяна Пятрова паведаміла, што да канца верасьня, Міністэрства культуры павінна склікаць пасяджэньне Беларускай рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны. Яна будзе вырашаць, ці надаваць аб’екту статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Калі навукова-мэтадычная рада прыме станоўчае рашэньне, Асмалоўку паставяць на часовы ўлік да таго часу, пакуль гэты квартал ня будзе ўключаны ў праект пастановы Савету міністраў аб наданьні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Асмалоўка ўяўляе сабой два невялікія кварталы ў цэнтры Менску, абмежаваныя вуліцамі Камуністычнай, Куйбышава, Кісялёва і Багдановіча і разрэзаныя вуліцай Чычэрына. Раён будаваўся з канца 1940-х да пачатку 1950-х гадоў. Яго спраектаваў менскі архітэктар Міахіл Асмалоўскі. У паваенны час гэтае жыльлё лічылася элітным.
Больш за 13 тысяч чалавек падпісалі онлайн-пэтыцыю за захаваньне і капітальны рамонт Асмалоўкі. Пра магчымасьць наданьня раёну статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў кастрычніку 2015 году заявіў галоўны архітэктар «Мінскграда» Аляксандар Акенцьеў.
Між тым, як лічаць грамадзкія актывісты, наданьне Асмалоўцы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці будзе мець важнае значэньне для ўсяго гораду. Гэта стане штуршком для захаваньня іншых кварталаў старога Менску.
«Калі ўсё будзе добра, мы пастараемся заняцца іншымі кварталамі — гэта Аўтазавод, Трактарны завод, — кажа Павал Іваніцкі. — На жаль, яны ўжо дастаткова пабітыя сучаснай забудовай, але ёсьць некаторыя куткі, асобныя будынкі, якія застаюцца разынкай».