Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаед са стажам»: малады бабруйчанін тры гады ня можа знайсьці працу


Бабруйчанін тры гады ня можа знайсьці сабе працу і залічаны ў «дармаеды»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:02 0:00

Бабруйчанін тры гады ня можа знайсьці сабе працу і залічаны ў «дармаеды»

28-гадовы жыхар Бабруйску Дзяніс Худавец, бацька 3-гадовага Яраміра — «дармаед» са стажам. Тры гады ён не знаходзіць у сваім горадзе працы, маючы дзьве сярэднія спэцыяльныя адукацыі: токара і гандляра.

Спачатку Дзяніс Худавец паступіў у Менскі пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка. Але ўжо на другім курсе яго выключылі:

«У 2008 годзе прадпрымальнікі выйшлі на мітынг і перакрылі праспэкт — акурат пад вокнамі нашага ўнівэрсытэту. Тады ўводзілі забарону на найманых працаўнікоў. Мне гэта было неабыякава, бо я яшчэ са школы разумеў, што ў краіне адбываецца штосьці незразумелае, непарадак. І я выйшаў на гэты мітынг на знак салідарнасьці і супраць гэтай неўпарадкаванасьці, так бы мовіць, «за сябе і за таго хлопца», — кажа Дзяніс.

Потым прыехаў АМАП і гвалтам разагнаў удзельнікаў мітынгу.

«Мяне выклікаў дэкан і сказаў — маўляў, нам такія студэнты не патрэбныя. Я так разумею, што мяне адсачылі ўціхую ўжо пасьля мітынгу, як і маіх аднагрупнікаў. І так на сэсіі „завалілі“, а затым і выключылі».

Пасьля выключэньня Дзяніс зрабіў на руцэ татуіроўку са словамі Янкі Купалы «Ня быць скотам».

Дзяніс Худавец
Дзяніс Худавец

«Абʼява пра вакансіі — гэта пустышка»

Вярнуўшыся ў родны горад, былы студэнт атрымаў адразу дзьве працоўныя спэцыяльнасьці — токара і гандляра — і тры гады адпрацаваў у новазбудаваным гіпэрмаркеце «Карона». Пасьля спыненьня працоўнага кантракту Дзяніса звольнілі. Як сам ён сьцьвярджае — занадта зацята змагаўся за праўду на працоўным месцы.

Пасьля звальненьня ў 2013 годзе з «Кароны» больш за тры гады Дзяніс ня мае сталай працы. Кажа, што шукаць працу ў Бабруйску — занятак марны:

«Абʼява пра вакансіі ў інтэрнэце, асабліва ад дзяржаўных прадпрыемстваў — гэта пустышка, — кажа Дзяніс з уласнага досьведу. — Заходзіш у аддзел кадраў, там адказваюць, што не падавалі такіх абʼяў. Быў выпадак, што цягам некалькіх месяцаў на адным бабруйскім сайце шынны камбінат падаваў адначасна 30–40 вакансіяў. Людзі зьвярталіся, ня толькі я адзін — а на прадпрыемстве нават ня ведалі, хто і як падае тыя вакансіі. Насамрэч на прадпрыемстве ня толькі новыя людзі не патрэбныя, а яны нават сваіх скарачаюць».

Бяз блату ўладкавацца на больш-менш прыстойную працу нерэальна

«Бяз блату ўладкавацца на больш-менш прыстойную працу нерэальна. Прынамсі ў горадзе Бабруйску», — кажа Дзяніс.

Рэгіструюцца беспрацоўнымі ў Бабруйску таксама неахвотна.

«У мяне працоўны стаж склаў каля пяці гадоў. За яго я маю атрымліваць каля 15 рублёў за месяц, — кажа Дзяніс. — За гэтыя грошы я мушу хадзіць па прадпрыемствах, дзе на працу не прымаюць, і адзначацца, што там быў, зьбіраць шклатару і макулятуру, плюс штомесячная чарга на прыём да спэцыяліста аддзелу занятасьці», — кажа Дзяніс.

Сам ён працягвае шукаць працу праз знаёмых і сваякоў. Расказвае, што часта прапануюць заробкі нават ніжэйшыя за пражытковы мінімум, хоць гэта і забаронена. Дзяніс разьлічвае атрымліваць у месяц хаця б 300 рублёў.

«Каб было чым за садок заплаціць, за камунальныя паслугі і купіць паесьці, — тлумачыць ён. — Каб не падпадаць пад гэты закон аб дармаедзтве і неяк выжываць».

Ярамір разам з татам вывучае азбуку
Ярамір разам з татам вывучае азбуку

Дзяніс кажа, што маладыя людзі ў Бабруйску адчуваюць разгубленасьць перад будучыняй.

«Ёсьць няўпэўненасьць у заўтрашнім дні, бо ўвесь час думаеш, дзе зарабіць на самае неабходнае. У такім жа становішчы і мае знаёмыя. Нават „рабацягі“, якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах, незадаволеныя, бо заробкі мізэрныя. Мусяць эканоміць нават на харчаваньні, не кажу ўжо — каб машыну палівам заправіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG