Жлобінскі райвыканкам з падачы ўпраўленьня адукацыі вырашыў закрыць Дабрагошчанскую базавую школу. У раёне няма сродкаў, каб аднавіць два пралёты крокваў на даху і, магчыма, замяніць шыфэр. Вяскоўцы абураюцца такім рашэньнем мясцовай улады, патрабуючы адмены неабгрунтаванага, на іх погляд, рашэньня.
Вёска — нібы растрывожаны вулей
Дабрагошча нагадвае цяпер растрывожаны вулей. На прыезд любога, хто цікавіцца школай, зьбіраюцца бацькі, настаўнікі, самі дзеці — каб выказаць абурэньне, што паўсотні школьнікаў пераводзяць вучыцца ў вёску Папаратнае, да якой амаль паўтара дзясятка кілямэтраў.
Калі ж улічыць, што ў Дабрагошчанскую школу езьдзяць дзеці зь Сельнага, Яшчыц, Забродзьдзя, то для некаторых вучняў дарога да школы «расьцягваецца» на два зь лішкам дзясяткі кілямэтраў толькі ў адзін бок. І столькі ж назад. І так кожны дзень.
«У нас кваліфікаваныя настаўнікі, многія маюць вышэйшую катэгорыю, — тлумачыць нядаўні завуч, настаўніца хіміі і біялёгіі Галіна Каханчык. — Аддзел адукацыі сёлета дапамог нам абсталяваць кабінэт хіміі і біялёгіі. Летась абноўлены кабінэт фізыкі. У школе добрая матэрыяльная аснова. Будынак школы ня новы, але дабротны, адпавядае сучасным патрабаваньням.
Адно непаразуменьне атрымалася. Закрыць школу вырашылі з-за двух пралётаў на даху, дзе на кроквах утварылася ці то гніль, ці то плесьня. Але ж бацькі й настаўнікі ня супраць дапамагчы, каб зрабіць патрэбны рамонт».
«Школа — гэта сэрца вёскі»
Тым часам аддзел адукацыі, спорту і турызму Жлобінскага райвыканкаму даводзіць, што спэцыялісты Беларускага ўнівэрсытэту транспарту зрабілі заключэньне: дах у аварыйным стане. Патрэбны рамонт, а сродкаў на яго мясцовыя ўлады ня маюць. Таму райвыканкам і вырашыў закрыць у Дабрагошчы ўстанову адукацыі.
Ніхто ніякіх сходаў з гэтай нагоды ў вёсцы не праводзіў, людзей не інфармаваў. Па сутнасьці, вяскоўцы толькі ў ліпені даведаліся, што пасылаць дзяцей па веды трэба будзе за многія кілямэтры ў вёску Папаратнае. Яшчэ больш дзівіла людзей, што дах аварыйны, а летнік у школе працуе.
«У мяне двое сыноў, — кажа маладая лекарка Сардана Галай. — Большы ў верасьні пойдзе ў першую клясу. Зручна было б выправіць яго ў сваю школу. А так трэба будзе рана падымаць, каб ехаць у Папаратнае. Урокаў у першаклясьнікаў мала, і сыну давядзецца сядзець у школе і чакаць старэйшых школьнікаў да 15–16 гадзіны. І ў якім стане ён вернецца дадому? Школа — гэта сэрца вёскі.
Па ўсёй краіне вядзецца кампанія на падтрымку вёскі, калгасаў і саўгасаў. Не разумею, як можна адраджаць вёску, калі закрываюць школу? Ніхто з маладых спэцыялістаў у такую вёску не паедзе, у якой дзецям няма дзе вучыцца. Паедуць туды, дзе ёсьць школа».
Апэратар машыннага даеньня Сьвятлана Дамарад адмыслова прыйшла да школы, каб сказаць, як яна незадаволеная рашэньнем мясцовых уладаў:
«Я падымаюся ў чатыры гадзіны раніцы, бягу на фэрму. Не пасьпееш там управіцца, як вяртайся дадому пакарміць дзіця й выправіць у школу — ім жа цяпер на гадзіну раней трэба зьбірацца. Такая нестыкоўка атрымліваецца. І сустрэць малых дзетак трэба са школы. Школа павінна быць у вёсцы. Калі трэба, бацькі дапамогуць і з рамонтам. Мы ж і без таго кожнае лета здаём грошы на рамонт. Трэба пафарбаваць — прыходзім і фарбуем».
«Трэба зьбіраць дэлегацыю да Лукашэнкі»
Настаўніца фізыкі Ларыса Сакалова апавяла, што яны зь вяскоўцамі, адстойваючы існаваньне сваёй школы, накіравалі лісты ў Камітэт дзяржкантролю, у Генэральную пракуратуру. Згадвалі і пра летнік пры школе, які існаваў і пасьля рашэньня райвыканкаму — школу закрыць. Людзі патрабуюць паўторнай экспэртызы. Дах вытрымаў шквалісты вецер, на ім пашкодзіла толькі пару лістоў шыфэру.
Але вяскоўцам адказваюць, што заключэньне спэцыялістаў БелДУТа можа праверыць хіба толькі Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры. На паўторную экспэртызу патрэбная замова, а ўжо мінае першая дэкада жніўня. Да пачатку новага навучальнага году ўсяго тры тыдні. Не ўладкаванымі застаюцца і звыш дзясятка настаўнікаў.
Напярэдадні, 9 жніўня, чыноўнікі аддзелу адукацыі Жлобінскага райвыканкаму і Дабрагошчанскага сельскага савету сабралі нарэшце вяскоўцаў на сход, каб публічна заявіць, што сродкаў на рамонт даху няма. Таму, маўляў, лепей наладзіць добры падвоз вучняў у Папаратнае.
«Пакуль пабудавалі гэтую нашу школу, — згадвае вяскоўка Людміла Яфіменка, — мы вучыліся ў звычайных хатах. Даўно тое было. Цяпер мой унук зьбіраецца ў школу. Мы дзяцей першага верасьня ўсё адно прывядзём у сваю школу. Прэзыдэнт наш — ён жа за адраджэньне вёскі. А тут вёску імкнуцца закапаць. Трэба зьбіраць дэлегацыю і ехаць да Аляксандра Лукашэнкі».
Няма школы — няма і пэрспэктывы
З пачаткам новага навучальнага году ў Дабрагошчанскай школе за парты меліся сесьці паўсотні школьнікаў, у тым ліку васьмёра першаклясьнікаў. Дабрагошча — вёска немалая, тут звыш паўтысячы жыхароў. Вяскоўцы ў адчаі. У вёсцы ўжо закрылі пошту, дом культуры, участковы шпіталь. З закрыцьцём школы паселішча наагул страчвае ўсякую прыцягальнасьць і пэрспэктыву.
Прыклад таму — вёска Забродзьдзе, адкуль некалькі дзетак да апошняга часу вазілі вучыцца ў Дабрагошчу, а цяпер перанакіроўваюць у Папаратнае.
«Во тут стаяла школа, — паказвае рукой праз дарогу Міхаіл Карабан, вясковец сталага веку. — Летась яе зламалі і закапалі. Бачыце, акацыя ўжо на месцы школы падымаецца. У нас тут паўдзясятка сямей маладзейшых, астатнія — пэнсіянэры. Памірае вёска».
Пакідаюць маладыя сем’і й вёску Верхняя Алба. Летась Жлобінскі райвыканкам тут таксама закрыў такую ж базавую школу. Значыць, паселішчу наканавана зьнікнуць з мапы Беларусі.
Расчараваныя рашэньнем мясцовай улады і жыхары вёскі Кабанаўка. Сёлета былую сярэднюю школу тут закрываюць канчаткова.
«Абяцаюць падвозіць у Папаратнае», —тлумачаць мясцовыя школьнікі. — Ехаць ня хочацца, лепей у сваёй вучыцца«.
Былая вучаніца школы, якая назвалася Янінай, згадвае, як сама два гады езьдзіла ў Папаратнае:
«Нават мы, выпускнікі, стамляліся. А малеча — яны ж наагул ледзьве жывыя вяртаюцца. Тут ужо не да вучобы».
Школу ў Кабанаўцы зьліквідоўвалі паэтапна: зь сярэдняй зрабілі базавую, потым — пачатковую. Сёлета закрываюць і яе.
«Апошнія настаўнікі на пэнсію сышлі. А дванаццаць чалавек тэхнічнага пэрсаналу засталіся ў падвешаным стане, — скрушна апавядае Марыя Сьвяшчэўская. — Нас надурылі добра. На пачатку году перавялі на кантракты — мы іх падпісалі. Цяпер кажуць, што матэрыяльная дапамога ў зьвязку з закрыцьцём школы нам па кантракце не належыцца. Мне да пэнсіі чатыры месяцы засталося, дык выпраўляюць у Новыя Маркавічы за восем кілямэтраў».
Марыя з паплечніцамі бядуюць, што вёска, якая прыняла ў свой час і чарнобыльскіх перасяленцаў, занепадае. Працы няма. Закрылі клюб, сталоўку, лазьню. З пункту бытавога абслугоўваньня зрабілі бібліятэку, а цяпер і яе закрылі. Зьліквідавалі й цэнтар калгасу, перападпарадкаваўшы вёску ААТ «Прыбудзкі».
«Ідзеш па вёсцы і ўсюды натыкаесься на замкі альбо разруху. Хутка, відаць, і школу закапаюць, бо нічога лепшага прыдумаць ня могуць», — кажа жанчына, якая чакае канца сьнежня, калі ёй афіцыйна можна будзе выпраўляцца на пэнсію. Зьяжджаць у горад — гады ня тыя, а працаваць няма дзе.