Нават у горшай гуманітарнай сытуацыі, чым сёньня апынуліся беларусы, абарыгены ва ўсіх частках сьвету бароняць сваю аўтэнтычнасьць. Перадусім моўную.
З 16 мільёнаў жыхароў Эквадору больш за 6 мільёнаў — гэта кечуа, старажытны індзейскі народ, непасрэдны спадкаемца культурнай традыцыі дзяржавы інкаў Таўанцінсую.
Кечуа кампактна жывуць у горных раёнах Андаў, ва ўмовах разрэджанага паветра і добраахвотнай ізаляванасьці. Як і многія стагодзьдзі да гэтага — у гістарычных межах аселасьці сваіх продкаў. Іх радзіма высока над аблокамі. Найбольш кечуа ў Пэру, потым ідуць Эквадор, Балівія, Аргентына, Калюмбія, Чылі. Усяго звыш 25 мільёнаў чалавек.
Захаваць аўтэнтычнасьць праз пакаленьні
Адрозна ад кніжных ды кінабэстсэлераў, дзе «сапраўдны індзеец» асацыюецца з апераным волатам а-ля Гойка Міціч (югаслаўскі актор, які спэцыялізаваўся на вобразах «чырванаскурых»), у масе сваёй кечуа — нізкарослыя, каржакаватыя і ня з самымі вытанчанымі рысамі твару. Мабыць, да здрабненьня прывёў выбраны лад жыцьця — адмова ад зьмешваньня з чужынцамі, разрэджанае паветра ў гарах, адасобленасьць паселішчаў і г.д.
Незалежна ад полу, усе сустрэтыя ў Эквадоры абарыгены — уладальнікі шыкоўных бліскуча-чорных косаў і адрозьніваюцца хіба строямі. Ад фэтравых капелюшоў і спадніц-гофраў на паўднёвым захадзе і цэнтральнай частцы краіны — да плашчоў-накідак і падазрона знаёмых вышыванак на поўначы.
Гісторыю цывілізацыйнага росквіту кечуа і супраціву захопнікам, моўнай экспансіі і адданасьці традыцыям можна прасачыць у сьценах адмысловага музэю ў эквадорскай Куэнцы.
І амэрыканскія гісторыкі, і эўрапейскія дасьледчыкі салідарныя ў тым, што на момант нашэсьця гішпанцаў кечуа былі найбольш магутным з тутэйшых народаў. Узроўнем разьвіцьця яны стаялі вышэй, чым ацтэкі ці мая — пакуль апошнія выбіраліся з нэаліту, у кечуа ўжо быў бронзавы век.
Захаваліся зьвесткі, што да калянізацыі Новага Сьвету аднайменная мова (разам з варыянтамі кечва, кічуа, кічва перакладаецца прыблізна аднолькава — «чалавечая мова») спачатку была афіцыйнай у дзяржаве Чынча, а потым у інкаў, якія акупавалі землі кечуа і хутка ацанілі багацьце мясцовай мовы і адначасова лёгкасьць яе вывучэньня.
Такім чынам, да сярэдзіны XVI стагодзьдзя практычна ўсё насельніцтва Таўанцінсую ведала кечуа і лічыла яе роднай мовай разам з такімі адвечнымі гаворкамі інкаў, як аймара, уру, пукіна.
Патэнцыял і зручнасьць экзатычнай мовы, як вынікае з хронік, ацанілі і першыя місіянэры — кечуа была выбрана для экспансіі хрысьціянства сярод заакіянскіх народаў. На яе пераклалі Біблію, вяліся «палявыя» набажэнствы. Але чым глыбей пускалі карані калянізатары, тым імклівей зьмяняліся моўныя прыярытэты.
Капітуляваць пад ціскам агрэсіўнай канкурэнцыі
У гэты ж час у другой палове сьвету, на ўсходзе эўрапейскага кантынэнту, дасягнула вяршыні свайго разьвіцьця Вялікае Княства Літоўскае. З воляй гіганцкай дзяржавы, што раскінулася ад мора да мора, лічыліся самыя магутныя тагачасныя імпэрыі.
Гісторыкі сьцьвярджаюць, што ў аснове афіцыйнай мовы ВКЛ ляжала тагачасная народная беларуская. Яна мела шырокі распаўсюд на княскіх землях да канца XVII стагодзьдзя, пакуль у выніку Люблінскай уніі не паўстала новае ўтварэньне — Рэч Паспалітая. Хоць ВКЛ у складзе фэдэрацыі і захавала сувэрэнную адметнасьць са сваімі законамі, урадам, арміяй, сымболікай, далейшыя геапалітычныя падзелы зьвялі ўсе высілкі да нуля.
Дзяржаўная беларуская мова, паводле дасьледчыкаў, захоўвалася ў юрыдычным ужытку да пачатку ХІХ стагодзьдзя, але яе ўсё больш упэўнена выціскалі іншыя — спачатку польская, а затым і расейская. Мова законаў, летапісаў, хронік і мастацкіх твораў Сярэднявечча ня вытрымала агрэсіўнай канкурэнцыі.
Пакуль на беларускіх землях абжывалася расейскае праваслаўнае самадзяржаўе, гішпанскі каралеўскі двор прысьпешваў падзеі ў справе «збавеньня душ дзікуноў Амэрыкі». І хоць па першым часе кечуа яшчэ захоўвала статус адной з найважнейшых моваў рэгіёну — ёю павінны былі валодаць афіцыйныя і духоўныя асобы, прызначаныя мэтраполіяй, — але, паралельна з падзелам ВКЛ, сытуацыя мянялася і тут.
Пасьля чарады паўстаньняў пад кіраўніцтвам Тупака Амару ІІ (сапраўднае імя — Хасэ Габрыэль Кандарканка), ідэйнага пасьлядоўніка апошняга правіцеля імпэрыі інкаў Тупака Амару, мову кечуа абвясьцілі па-за законам (дарэчы сказаць, што ва ўсходнім паўшар’і прыблізна ў гэты ж час свае атрады падымаў Тадэвуш Касьцюшка). На яе публічнае выкарыстаньне накладалася забарона, любое парушэньне строга каралася. Адзінай для ўсіх формаў зносін вызначалася гішпанская.
«Вярхі» грамадзтва, якое гаварыла на старадаўняй мове, паступова вынішчылі, што разбурыла сацыяльную герархію. Статус кечуа быў апушчаны да самых нізоў, валоданьне ёй зрабілася неабавязковым і малапрэстыжным.
Нават здабыцьцё андзкімі дзяржавамі незалежнасьці ў першай палове ХІХ стагодзьдзя не змагло істотна паўплываць на становішча мовы кечуа, якая прыгняталася мовай калянізатараў ва ўсіх сфэрах. Выкладаньне на мове індзейцаў было адноўлена толькі ў 1938 годзе ў Пэру.
Надаць мове прэстыжны статус
Нягледзячы на аналягічныя выпрабаваньні, якія ў супрацьлеглай частцы сьвету давялося перажыць беларусам, прыгнечаныя носьбіты сваёй мовы дэманструюць абсалютна розныя высілкі дзеля аднаўленьня статус-кво.
Польска-расейскае панаваньне на беларускіх землях стрымлівала беларусізацыю, але працавала школа, друкавалася літаратура, на мове продкаў размаўляла вёска. Іншая справа, што з усталяваньнем савецкай улады прамаскоўскае партыйнае кіраўніцтва ня бачыла вялікай неабходнасьці ў захаваньні вытокаў і сваімі ж рукамі ўкараняла «русский мир».
Першыя гады незалежнасьці далі людзям надзею, але ня болей за тое: беларуская мова атрымала статус даважку, парасткі беларушчыны засохлі пад напорам намінальна раўнаважнай, а па сутнасьці адзінай дзяржаўнай расейскай. Пазыцыянаваць сябе беларускамоўным як бы не забараняецца, але, як у выпадку з кечуа 200-гадовай даўнасьці, неабавязкова і малапрэстыжна.
У індзейскай Амэрыцы пра выраўноўваньне пазыцый кечуа і гішпанскай моваў у сярэдзіне 1970-х абвясьцілі Пэру і Балівія. У Эквадоры і Калюмбіі апошняе дзесяцігодзьдзе яна лічыцца афіцыйнай у месцах кампактнага пражываньня гэтай народнасьці. На ёй пачынаецца выпуск газэт і радыёвяшчаньне, у тым ліку такой магутнай каталіцкай рэдакцыі як «Голас Андаў». Павага да незаслужана выціснутай мовы расьце, як і яе месца ў грамадзтве.
Сучасная літаратурная мова кечуа грунтуецца на лацінскай пісьменнасьці ў яе гішпанскім варыянце і мае дакладна прапісаны звод правілаў. Яна выкладаецца ў асобных школах, але масавага ўкараненьня ў адукацыйнай сыстэме пакуль ня мае — збольшага толькі як факультатыў. Вышэйшых навучальных установаў на кечуа няма — як і не існуе нацыянальнага ўнівэрсытэту ў Беларусі.
Насуперак гэтаму, мова кечуа жывая. Едучы ў аўтобусе да Кіта, чуеш, як на ёй гутараць і старыя, і малыя (мілагучнае вымаўленьне не пераблытаеш, яна ня мае нічога агульнага з барабанным дробатам гішпанскай, у кечуа няма ні звонкіх выбухных гукаў, ні фрыкатыўных, ні так званых афрыкатаў).
Стоячы ў краме Сан-Антоніё, вуха вылоўлівае нязвыклыя гукі, часта з прыдыханьнем, якое надае рознае значэньне аднаму і таму ж набору літар.
У Гуаякілі пад дрэвам маладая мама ў традыцыйным капелюшы і зь дзіцячым «кенгуратнікам» на поясе сьпявае малому: той уважліва слухае — мабыць, усё разумее.
На ўскрайку Баньясу дзед з бабай прывялі ўнука ў высакагорны парк досыць прымітыўных атракцыёнаў і наказваюць, каб быў асьцярожны на мэталёвай канструкцыі. Той згодна ківае галавой.
Нарэшце, стракаты рынак у Атавала, горадзе, практычна цалкам заселеным карэннымі жыхарамі гэтай зямлі. Трапляеш як у іншае цывілізацыйнае вымярэньне: вакол кечуа, іхная мова і культурныя традыцыі.
Як і ў суседнім Катакачы, тут працуюць так званыя «Школы Міленіюм», дзе кечуа — у абавязковай праграме. Праўда, не па ўсіх прадметах, бо некаторыя дысцыпліны дагэтуль не адаптаваныя пад мову продкаў.
Захаваць сябе індзейцам
Як жа захоўваюць адну з найважнейшых прыкметаў нацыянальнай ідэнтычнасьці тыя, каму гэта важна для працягу роду? Аказалася, што справа ня ў колькасьці школаў і падрыхтаваных настаўнікаў. А ў разуменьні таго, што гэта арганічная патрэба.
Бальшыня індзейцаў андзкага высакагор’я не злоўжывае выгодамі тэхнічнага прагрэсу. Нават калі такая магчымасьць ёсьць, не сьпяшаюцца перабудоўвацца на новы лад, намагаючыся захаваць векавыя звычаі сваіх продкаў.
Безумоўна, як больш прасунутых маладых людзей, так і індзейцаў ва ўзросьце можна ў немалой колькасьці пабачыць у вялікіх гарадах — тут і жаданьне атрымаць лепшую адукацыю, і ўцёкі ад нястачы. Некаторым удаецца ўзьняцца на самую вяршыню — як прэзыдэнту Балівіі Эва Маралесу са старажытнай індзейскай народнасьці аймара.
Але стаўленьне ў родных вёсках да іх як мінімум маўкліва-асуджальнае. Гэта тыя, хто капітуляваў перад іншай культурай, зьмяніў родную мову на больш выгадную гішпанскую. І паколькі ва ўмовах глябалізацыі наўрад ці ўдасца пазьбегнуць працоўнай, адукацыйнай, сацыяльнай міграцыі, колькасьць «адшчапенцаў» будзе расьці.
У масе сваёй сучасныя кечуа, як і сотні гадоў таму, займаюцца сельскай гаспадаркай — гадуюць кароў і альпакаў, авечак і марскіх сьвінак (апошнія — далікатэс). Саджаюць на амаль вэртыкальных палях бульбу, шыюць расквечанае адзеньне і лёгкі абутак, вырабляюць татэмы і ўпрыгожаньні. Нешта пакідаюць сабе, а большую частку прадаюць на рынках ці мяняюць на іншыя тавары. У такім замкнёным коле гішпанская мова проста не патрэбная.
Людзі жывуць у сьціплых умовах, успрымаючы дом не як раскошу, а як магчымасьць схавацца ад непагадзі. Іх жытло, як правіла, — гэта невялікія глінабітныя халупкі пад свой рост, памерамі не нашмат большыя за колішні вігвам. У печы паляць па-чорнаму, а груба зьбітыя драўляныя ляжанкі замяняюць ложкі. А як заныюць бакі, хутчэй ускочыш і сустрэнеш сонца, паслухаеш першых птушак. У гэтым індзейцы — паганцы, гэткія ж, як і старажытныя беларусы.
Ведучы досыць ізаляваны лад жыцьця і не пускаючы да сябе чужынцаў, асабліва іншаземцаў, абарыгены стварылі асяродзьдзе, у якім уплыў любой іншай мовы зьведзены да мінімуму. Гішпанская — хіба што сродак зьвязацца з вонкавым сьветам, але для гэтага ёсьць адмысловыя ўпаўнаважаныя, якія ў выпадку неабходнасьці напішуць у цэнтар.
Адрозна ад індзейцаў, якія ўпарта трымаюцца месца свайго зьяўленьня на сьвет, беларусы робяць выбар на карысьць гарадзкой безаблічнасьці. Амаль дзьве траціны ўжо ня бачаць для сябе прычыны, дзеля якой варта застацца на малой зямлі, якая гарантуе моўную свабоду ды ўнутраную незалежнасьць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.