Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пачынаючы з Ірану, ужо мала хто ведае, што такое Беларусь», — вандроўнік з Салігорску займаецца геаграфічным лікбезам


На даху сьвету, індыйскія Гімалаі
На даху сьвету, індыйскія Гімалаі

«Калі я ад’яжджаў у сваю азіяцкую вандроўку, у кішэні было ўсяго 100 даляраў. Усё астатняе зарабіў цягам падарожжа — ад журналісцкай працы да вулічных шоў бурбалак», — падарожнік Аляксандар Гойшык пра здольнасьць выжываць у чужой краіне.

Усё большую папулярнасьць у маладых беларусаў набываюць экстрэмальныя падарожжы без пасярэдніцтва турыстычных фірмаў. Пра ўласны досьвед скарэньня вялізных адлегласьцяў 8 сьнежня ў Галерэі TUT.by мае расказаць «вольны падарожнік» з Салігорску, удзельнік першага набору адукацыйнай праграмы Каліноўскага, выпускнік Уроцлаўскага ўнівэрсытэту Аляксандар Гойшык.

У геаграфічнай калекцыі маладога чалавека — амаль паўсотні краін, уключна зь непрызнанымі сэпаратысцкімі ўтварэньнямі. Сёлета, стартаваўшы зь Менску 20 лютага, транзытам праз Украіну, Каўказ, Іран, Індыю, Нэпал, ён фінішаваў у Тайляндзе. 191 дзень, блізу паўтара дзясятка сувэрэнных і непрызнаных тэрыторый, паўтысячы машын, 13 200 кілямэтраў «прабегу» — такая статыстыка азіяцкай вандроўкі.

Падарожная мапа вольнага вандроўніка Гойшыка
Падарожная мапа вольнага вандроўніка Гойшыка

Аляксандар кажа, што гэтым разам паставіў за мэту ня толькі наведаць куткі, куды дагэтуль не ступала нага беларуса, але і паставіць падарожжа на «гасразьлік»: вёў дарожныя блогі для шэрагу мэдыяў, а ў гарадах ладзіў для дзяцей шоў гіганцкіх бурбалак.

«І гэта была ўдалая спроба — усё, што задумвалася, збольшага атрымалася, — кажа Аляксандар. — Калі я ад’яжджаў, у кішэні было дзесьці 100 даляраў. Уся рэшта — тое, што зароблена цягам падарожжа, то бок ад журналісцкай працы і вулічных шоў бурбалак. Дарэчы, упершыню запускаць гіганцкія бурбалкі пачаў у Адэсе — і, шчыра кажучы, ня надта пасьпяхова. У Кішынёве ўжо было so-so, а пачынаючы са Стамбулу, Анкары, Кутаісі, Батумі тэхніка ўдасканальвалася, гэта прыносіла ўсё больш і больш грошай. Рэкорд усталяваны ў Тэгеране: у адным з багатых раёнаў на поўначы іранскай сталіцы за 2 гадзіны ўдалося зарабіць амаль 100 даляраў. То бок, як паказвае практыка, можна мець прыбытак нават з такіх, здавалася б, несур’ёзных рэчаў».

Выява зь нязьменнай «Пагоняй» на футболцы стала візытоўкай усяго падарожжа Аляксандра Гойшыка. І калі на постсавецкіх тэрыторыях зьяўленьню беларуса наўрад ці дзівіліся, то зусім іншай была рэакцыя ў рэгіёнах, дзе пра існаваньне Беларусі здагадваюцца хіба адзінкі. Дзе «белы містэр» пачаў выклікаць непадробную цікавасьць?

«Ды ўжо ў Іране мала хто ведаў, што такое Беларусь. Тут яшчэ зьвязана з тым, што хоць ад нядаўняга часу ў афіцыйных дакумэнтах на фарсі пачалі ўжываць назву Беларусь, але ўсё роўна слаба ідэнтыфікуюць, дзе яна такая ёсьць. Па аналёгіі з Weißrussland даводзіцца перакладаць — „Русіе Сафед“. Прынамсі, будзе верагоднасьць, што хоць нешта аддалена чулі. Але часам даволі нечакана, як у партовым Бандар-Абасе, вельмі далёкім ад Беларусі, чуеш: канечне, ведаем, наш Ахмадзінэджад і ваш старшыня Лукашэнка былі вялікімі сябрамі. Тым ня меней гэта хутчэй выключэньне, і калі людзі пыталіся, звычайна казаў, што з Усходняй Эўропы. А як працягвалі цікавіцца далей, удакладняў, што гэта краіна паміж Польшчай і Расеяй, на поўнач ад Украіны... Насамрэч, даволі рэдка ведаюць пра наша існаваньне».

Сьціплы сьняданак з індусамі
Сьціплы сьняданак з індусамі

Нэпальская дзяржаўтаінспэкцыя
Нэпальская дзяржаўтаінспэкцыя

Зрэшты, удакладняе суразмоўца, там, дзе не дапрацоўвае дыпляматыя, сваю справу робяць публічныя асобы. Аляксандар Гойшык прыгадвае: некалькі разоў як у апошняй, так і ў ранейшых вандроўках усталяваньню міждзяржаўных мастоў спрыялі прозьвішчы вядомых беларускіх спартоўцаў:

«Быў зьдзіўлены, калі ў глухім куце Індыі мяне ў гарах на матацыкле падвозіў малады хлапец. Пасьля таго як разгаварыліся і я сказаў, што зь Беларусі, ён расплыўся ва ўсьмешцы: ведаю, у вас ёсьць крутая тэнісістка Азаранка! Як і за год да таго, калі таксама была ідэнтыфікацыя краіны са спортам: у такім жа сельскім раёне, толькі ў Кітаі, чалавек, які, здавалася, ніколі ў жыцьці ня чуў пра Беларусь, раптам кажа: у вас ёсьць знакамітая футбольная каманда БАТЭ! Ну, і часам трапляюцца людзі, якія вучыліся ў Беларусі. Так, на самым усходзе Ірану, у правінцыі Белуджыстан (нават іранцы з прычыны сэпаратысцкіх рухаў лічаць яе небясьпечнай), калі я пускаў бурбалкі на цэнтральнай плошчы, падышоў мужчына, традыцыйна запытаў, адкуль. Пачуўшы адказ, перайшоў на добрую расейскую мову, расказаў, што вучыўся ў Менску, а Беларусь — гэта краіна ягонай мары».

Што праўда, кажа Аляксандар Гойшык, уяўленьні шараговых беларусаў пра любую краіну азіяцкага рэгіёну наўрад ці будуць больш арыгінальныя. Калі знаёмыя даведваліся, што ён зьбіраецца праехаць транзытам увесь Іран, у лепшым выпадку круцілі ля скроні — маўляў, ня надта абачліва добраахвотна кідацца ў абдымкі ўсясьветнага тэрарызму:

«Дзеля справядлівасьці, тое ж самае і ў нас, у Беларусі: калі запытаць у выпадковага мінака, што ён ведае пра Іран, кожны другі без падрыхтоўкі выпаліць, што там галаварэзы, тэрарысты, „Ісламская дзяржава“ і г.д. Калі пачынаеш тлумачыць, што ўсё пералічанае, мякка кажучы, трошкі не з таго боку, у вачах зьяўляецца сур’ёзнае зьдзіўленьне, якое ўсё адно мяжуе зь недаверам. Так што падобная інфармацыйная абмежаванасьць спрацоўвае ў абодва бакі. Беларусы таксама аб’ектыўна няшмат ведаюць пра іншыя краіны, асабліва тыя, якія не прысутнічаюць у звыклых турыстычных маршрутах».

Від на Катманду, сталіцу Нэпалу
Від на Катманду, сталіцу Нэпалу

Катманду, стары горад
Катманду, стары горад

І ўсё ж — што найбольш урэзалася ў памяць? Дзе рэаліі насамрэч мяжуюць з экзотыкай, якую ў Беларусі не сустрэнеш нават пры вялікім жаданьні? Ці давялося на ўласнай скуры адчуць выдаткі мясцовых парадкаў, якія мала стасуюцца з правіламі гасьціннасьці?

«Насамрэч уражаньняў за паўгода назьбіралася вельмі шмат. Скажам, едзеш па нацыянальнай магістралі ў Індыі — National Highways — і абганяеш у суседняй паласе слана. Паверце, гэта таксама ўражаньне. Ці, напрыклад, на ўсходзе Ірану стопіш транспарт, а мясцовыя тым часам пад’яжджаюць ззаду на матацыкле, зрываюць кепку і, рагочучы, зьяжджаюць. Ты, трохі расстроены, зьвяртаесься ў паліцыю, а там кажуць, што нічым дапамагчы ня могуць, але лепш нікуды ня рухацца, аплоцім табе гэстхаўз. Аказалася, што гаспадар гэстхаўзу — настаўнік на пэнсіі. Папрасіў арганізаваць шоў бурбалак для сірот у дзіцячым доме. Дзякуючы гэтаму я зразумеў, што кожны зьбег абставінаў не выпадковы і вядзе да правільнай мэты. Тымі ж бурбалкамі можна ня толькі зарабляць, але выкарыстоўваць іх дзеля плюсікаў у тваю карму. Шмат што стала на свае месцы».

У шэрагу іншых незабыўных месцаў, па вэрсіі Аляксандра, — вобласьць Сванэтыя ў Грузіі, дзе праз жорсткае бездарожжа давялося літаральна працісквацца ў горы. Ці, без перабольшваньня, райскія пляжы Тайлянду, дзе пашчасьціла правесьці пяць бесклапотных дзён. Адно не выклікае сумневу: за час вандроўкі кожная з 13 краінаў стала больш блізкай і зразумелай.

З насельнікамі «крымінальнага» Белуджыстану
З насельнікамі «крымінальнага» Белуджыстану

Беларускі сьлед у індыйскім Тадж-Махале
Беларускі сьлед у індыйскім Тадж-Махале

«Вось і скончылася мая вялікая азіяцкая вандроўка, — напісаў у адной са сваіх апошніх дарожных справаздач Аляксандар. — Завяршылася яна незаплянавана — у сувязі зь сямейнымі абставінамі прыйшлося набыць квіток на самалёт і вярнуцца з Бангкоку дадому. Пасьля столькіх месяцаў падарожжа вельмі прыемна вяртацца, бачыць нашы чыстыя вуліцы і прыгожых людзей. Цяпер час падвесьці вынікі, падрыхтаваць шэраг сустрэч з прэзэнтацыяй — і можна рыхтавацца ў наступную паездку».

Сэлфі на прыступцы індыйскага цягніка
Сэлфі на прыступцы індыйскага цягніка

На вульканічнай высьпе ў Пэрсыдзкай затоцы
На вульканічнай высьпе ў Пэрсыдзкай затоцы

Паездка заняла 191 дзень і столькі ж начлегаў у гостэлах і ў незнаёмых людзей, у транспарце і пад адкрытым небам, у мячэтах і гурдварах. Цягам паўгода ўдалося праехаць 13 краін і непрызнаных тэрыторый: Украіна, Малдова, Прыднястроўе, Румынія, Баўгарыя, Турэччына, Грузія, Армэнія, Нагорны Карабах, Іран, Індыя, Нэпал, Тайлянд. За гэты час пераадоленыя 13 200 кілямэтраў на 563 транспартных сродках — рыкшах, матацыклах, легкавіках, фурах, аўтобусах і нават трактарах.

Аўтаспынам па гімалайскім сэрпантыне
Аўтаспынам па гімалайскім сэрпантыне

8 сьнежня а 19-й гадзіне ў Галерэі TUT.by адбудзецца прэзэнтацыя азіяцкай вандроўкі, падчас якой Аляксандар Гойшык распавядзе пра свае прыгоды, падзеліцца досьведам вольных падарожжаў, раскажа, чым зарабляць у дарозе і адчуваць сябе як дома ў любой краіне сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG